Грамадства2020

«Шчасце — не вынік поспеху. Шчасце — ведаць сваю мэту» — у Мінску выступіў Нік Вуйчыч ФОТЫ

Сусветна вядомы матыватар Нік Вуйчыч на сваім першым выступе ў Мінску вітаў сотні людзей, што прыйшлі паслухаць яго шчаслівую гісторыю. Гэта парадаксальна, але менавіта Вуйчыч — чалавек, што нарадзіўся без рук і ног — вучыць людзей па ўсім свеце быць шчаслівымі.

Ён не выдаткаваў ніводнага даляра на рэкламу і маркетынг. Наведаў 58 краін, размаўляў з 13 прэзідэнтамі, выступаў больш як 3 тысячы разоў. Па тэлевізары яго бачылі 1,4 мільярда чалавек, а на старонцы ў Фэйсбуку 8 мільёнаў падпісчыкаў. Урады мянялі заканадаўства краін пасля яго візітаў, звяртаючы ўвагу да праблем інвалідаў. Нік Вуйчыч атрымлівае каля сотні запрашэнняў на тыдзень, і гэтым разам сярод іншых ён абраў Мінск.

Вуйчыч прыехаў у Беларусь на адзін дзень і адразу сказаў, што хоча вярнуцца. З наступнага года колькасць падарожжаў гэтага дзівоснага чалавека будзе скарачацца; гэта звязана з тым, што Нік хоча больш часу праводзіць са сваёй сям’ёй, дзе двое маленькіх дзяцей. Плануецца, што значная частка працы будзе здзяйсняцца праз інтэрнэт — арганізатары праекту рыхтуюць відэаролікі, кіно і адукацыйныя праграмы. Іх мара — сабраць на адной платформе 400 мільёнаў чалавек (6% насельніцтва Зямлі), якія будуць аб’яднаныя адной справай. Нік кажа, што ўсё, пра што ён марыў, здзейснілася; засталося толькі перамагчы сусветны голад. Калі кожны дзень кожны чалавек з гэтай супольнасці будзе ахвяраваць хаця б па адным даляры, гэта будзе велізарная дапамога там, дзе ў ёй ёсць патрэба.

Нік Вуйчыч валодае не толькі неймавернай сілай волі. Ён бясконца пазітыўны, вельмі жвавы і прыгожы чалавек з яскравым гумарам. І безумоўна прафесійны аратар. Слухачы плакалі і смяяліся, сціхалі, сачыўшы за яго і сваімі думкамі, і шчыра дзякавалі апладысментамі.

Ён верыць у цуд і трымае ў шафе пару абутку на той выпадак, калі гэты цуд адбудзецца. Шчыры хрысціянін, падкрэслена акуратна ставіцца да ўсіх іншых рэлігій і меркаванняў. Нік Вуйчыч вучыць таму, што немагчыма зрабіць лепшым іншага чалавека –- можна толькі самому стаць лепшым. Калі хочаш змяніць свет, адзіны шлях — самому зрабіцца гэтай зменай. І кажа, што, калі цяжка, не варта чакаць нейкай дапамогі ад дзяржавы. Трэба дапамагаць адзін аднаму, і толькі гэта будзе развіваць дзяржаву: эканоміку, заканадаўства, культуру.

Некаторыя цытаты з выступу Ніка Вуйчыча ў Мінску:

«У кожнага з нас ёсць выбар: верыць у шчаслівую будучыню ці не верыць. Я выбраў верыць. Надзея і вера ёсць ва ўсіх, трэба толькі вырашыць, прыняць яе ці не. Але разумейце, што калі вы не будзеце шукаць надзею, то ніколі яе не знойдзеце. Тады і будучыні ў вас не будзе»

«Я думаў, што мяне зробяць шчаслівымі рукі і ногі. І даказаў сам сабе, што гэта не так. Маё жыццё, як і жыццё многіх людзей на Зямлі, было разбіта. Але вы не ўяўляеце сабе, якія прыгожыя рэчы можна зрабіць з чарапкоў! Трэба разумець, хто вы і чаго хочаце. Я застануся Нікам Вуйчычам, нават калі ў мяне не будзе языка, і вачэй, і вушэй — таму што маю душу ніхто не можа ў мяне забраць»

«Смеласць — гэта не адсутнасць страху. Смеласць — гэта рабіць нешта нават тады, калі страшна. Кожны раз, калі мы церпім няўдачу -– мы нечаму вучымся. Калі я вырашыў, што хачу выступаць перад людзьмі, я патэлефанаваў у 53 школы, дзе хацеў выступіць. І толькі ў адну з іх мяне запрасілі. З таго часу я сустрэўся з шасцю мільёнамі чалавек».

«У 13 год іграў у футбол і зламаў нагу. Праляжаў тры тыдні ў гіпсе, уперыўшыся ў столь. Вось тады я зразумеў, як гэта — быць інвалідам. І навучыўся цаніць тое, што ў мяне ёсць»

«Нагоды для стрэсу ці дэпрэсіі можна знайсці ва ўсіх узростах. Дзеці нешчаслівыя, бо ім не купілі цацку. Падлеткі — таму што іх не разумеюць. Юнакі — праз любоўныя перажыванні. Студэнты — бо няма грошай. На працы дурны дырэктар. Ніяк не магу ажаніцца. Вы думаеце, што ажэніцеся і вось тады ўжо нарэшце будзеце шчаслівыя? Не!!! Спытайцеся ў тых, хто ўжо зрабіў гэта. Калі вы не ўмееце быць шчаслівымі цяпер, у тым стане, які ёсць, вы не будзеце шчаслівыя ніколі і нідзе»

«Шчасце — не вынік поспеху. Шчасце — ведаць сваю мэту. Хай вашы мары будуць значныя. Будзьце шчырымі. Будзьце цярплівымі. Змяняйце тое, што можаце змяніць, і прымайце тое, што не можаце. Шукайце ў сабе мудрасць і ўвасабляйце прыстойнасць. Мары здзяйсняюцца. Цуды здараюцца» 

Каментары20

Цяпер чытаюць

Загінуў беларускі добраахвотнік Васіль «Дзір» Рапіцкі6

Загінуў беларускі добраахвотнік Васіль «Дзір» Рапіцкі

Усе навіны →
Усе навіны

Памёр паэт Уладзімір Карызна, аўтар слоў да цяперашняга дзяржаўнага гімна Беларусі13

Трамп заявіў, што павінен удзельнічаць у выбары новага лідара Ірана8

Трамп заявіў, што ў Зяленскага цяпер «яшчэ менш картаў», і абвінаваціў Кіеў у тармажэнні перамоў14

Буйнога беларускага імпарцёра цюльпанаў злавілі на падатковых махінацыях

У «Мінск-Свеце» кіроўца страціў прытомнасць і насмерць разбіўся

У Расіі адмянілі яшчэ аднаго папулярнага коміка10

Трэвел-блогеру вынеслі папярэджанне за няправільную рэкламу рэбрыкаў і дранікаў1

«Страта ўраджаю — 40 %». Прадаўцы цюльпанаў расказалі, чаму не будуць зніжаць цэны7

Кітай стварыў электрабатарэю, якая можа даваць запас ходу да 1000 кіламетраў5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Загінуў беларускі добраахвотнік Васіль «Дзір» Рапіцкі6

Загінуў беларускі добраахвотнік Васіль «Дзір» Рапіцкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць