Культура

Уладзімер Лобач. Заўтра годных абярэ Айчына

БРАТУ

Нас стваралі багі не з вады,

Нас бацькі зачыналі ня ў клетках —

Гэта нашыя гарады!

Гэта нашы з табой палеткі!

Тут ляжаць у курганах дзяды

Пад крыжамі і зорнай паветкай —

Гэта нашыя гарады!

Гэта нашы з табой палеткі!

Мы сьмяёмся гады ў рады,

Ды ня нам шчыраваць на аб’едках —

Гэта нашыя гарады!

Гэта нашы з табой палеткі!

І ты помні, што мы — браты,

Як на брата пацягнуць ў сьведкі, —

Гэта нашыя гарады!

Гэта нашы з табой палеткі!

На памінках вусатай бяды

Разаб’юцца гіпсовыя зьлепкі —

Гэта нашыя гарады!

Гэта нашы з табой палеткі!

Для сяброў адкаркуем мяды

І жанчынам падорым кветкі —

Гэта нашыя гарады!

Гэта нашы з табой палеткі!

І ў свой час, на сваёй зямлі

Ўнукі нас пахаваюць і дзеткі,

Бо ГЭТА НАШЫЯ ГАРАДЫ!

ГЭТА НАШЫ З ТАБОЙ ПАЛЕТКІ!

ЛЕГІЯНЭРЫ

Легіянэры стаміліся крочыць на Захад,

Ды толькі ня збочыць ужо, не спыніцца —

Крывёю і потам іх шлях струмяніцца:

На Захад. На Захад! За сонечным птахам!

Легіянэры стаміліся крочыць на Ўсход —

За горла бяруць іх вятры-сухавеі

І пылам зьвіваецца рэшта надзеі

На родным парозе пабачыць і захад і ўсход.

Легіянэры стаміліся вечным паходам,

З трыюмфу чужога ня цешыць іх луста,

Бо, як і жыцьцё, сьмерць — Victoria justa* —

Ужо іх кружляе сваім карагодам.

Легіянэры стаміліся ціхім быцьцём

І жывяць іх сны ваяўнічыя галы,

І кліча іх мройлівы прывід Вальгалы

Крывавую вечнасьць набыць за жыцьцё.

Легіянэры стаміліся слухаць праклёны,

Ня звыклі да міру вайны пілігрымы

І, вусны цалуючы соннай Радзімы,

На Поўнач па небе ідуць легіёны.

* Справядлівая перамога (лац.).

* * *

Ня бойся чужых, што прыходзяць зь песьняю,

Сваіх ня бойся, што ўжо не сьпяваюць, —

Мы нарадзіліся напрадвесьні,

І напрадвесьні мы паміраем.

На неба мы ўзыдзем лёгкімі пёркамі,

На неба мы пойдзем аблокамі простымі,

Нам вырай пакажуць птушкі,

Нам Бог намалюе ростані.

ТУМАН

На тумане, на падмане

Прыходзяць людзі, прыходзяць здані —

Цябе вітаюць, і ты вітаеш —

Наноў знаходзіш і зноў губляеш.

А на тумане сьвяжэюць раны —

Мы з нараджэньня ўжо вэтэраны

І паміраем з колішняй песьняй,

Сьцягі свае мы ў сэрцах месьцім.

Страшыся туману і бойся туману,

Калі ты па нашыя душы засланы,

Бо вочы сплывуць твае першай расою,

Страшлівым потам і чорнай крывёю.

Туманам сьціхаем і разумнеем —

Так мала кахаем, так многа шалеем,

І толькі па вечары помнім пра ранак —

Тумане, тумане — ты вечны сьвітанак.

ДАРОГА

Дарога вядзе і заводзіць,

Дарога ляціць стралою,

Дарога ўначы карагодзіць,

Каб раніцай быць з табою.

Дарога цалуецца зь Небам,

Дарога губляецца ў Лесе.

Дарогу частуюць хлебам,

Дарогу нагамі песьцяць.

Дарогай Багі прыходзяць,

Дарогай сыходзяць Душы.

Жыцьцё — ля дарогі калодзеж,

А Сьмерць — ля дарогі крушня.

Дарогі зьбягаюцца крыжам,

Дарогі вяшчуюць Долю

Людзям і добрым, і хіжым

Сьмехам вяшчуюць і болем.

Хоць кожны ідзе дарогай

І мае сваю дарогу,

Дарога — сабе ж абярогам

І вольная да зьнямогі.

* * *

Вада ня ведае, куды яна цячэ,

Яе не палохае шлях невымерны,

Бо нават сьлёзы на тваёй шчацэ

Яшчэ ня высахнуць, як сілу яна верне

І вуснам перасохлым, і палеткам

Пяшчотным, апладняючым дажджом.

КАЛЯДНАЕ

            Ларысе.

Так хочацца сноў прарочых,

Каб на дабро і па волі,

І каб ніхто не сурочыў,

І каб усяго даволі.

Так хочацца спорнай дарогі

Да самага далягляду

І пераможнай зьнямогі,

І сьнежных, марозных Калядаў.

З куцьцёю і кменным хлебам,

Жытнёвай вадой жывою,

З казой і калядным Дзедам,

Што гушкае зоркі дудою.

Так хочацца ў мяккім сутоньні

Спыніць безнадзейныя ловы,

Табе варажыць па далоні

І ціха шаптаць замовы.

І каб да веку, да часу

Багі не задзьмулі сьвечы,

Так хочацца, гэтым разам,

Па-просту, па-чалавечы.

* * *

За годнасьцю хаваецца прычына —

Няма тут месца для пакут Хрыстовых,

Бо заўтра годных абярэ Айчына

На справу без аблудных словаў.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Калаўра мы не пакрыўдзілі»: стала вядома пра новае месца працы былога старшыні Нацбанка3

«Калаўра мы не пакрыўдзілі»: стала вядома пра новае месца працы былога старшыні Нацбанка

Усе навіны →
Усе навіны

На матч аматарскай медыялігі ў Мінску прададзена ўжо 15 тысяч квіткоў2

Ці паўплывае Кітай на Лукашэнку, каб польская мяжа адкрылася?20

З пачатку года колькасць беларусаў у Літве з дазволам на пражыванне зменшылася на 10%8

Жыхары вёскі пад Баранавічамі папрасілі ў чыноўнікаў заасфальтаваць дарогу. Тыя геніяльна вырашылі праблему12

Дзяўчыну, чый голас гучыць у афіцыйнай версіі гімна Беларусі, асудзілі за ўдзел у пратэстах14

113‑гадовы каньяк, меню на французскай і паўтары тысячы сталовых прыбораў. Якім быў каралеўскі банкет у гонар Дональда Трампа6

Пры самым старым храме Мінска адкрылі кавярню12

Бізнэс не ведае, як зараз даставіць тавары з Еўрасаюза ў Беларусь. Цэны на дастаўку шакуюць25

«Тыранiя зноў пагражае Еўропе». У Лондане адбыўся банкет у гонар Дональда Трампа

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Калаўра мы не пакрыўдзілі»: стала вядома пра новае месца працы былога старшыні Нацбанка3

«Калаўра мы не пакрыўдзілі»: стала вядома пра новае месца працы былога старшыні Нацбанка

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць