Заснавальнік «Нашай Нівы» і бацька незалежнай Беларусі — 135 гадоў са дня нараджэння Івана Луцкевіча
9 чэрвеня споўнілася 135 гадоў са дня нараджэння Івана Луцкевіча — аднаго з самых значных і, як ні парадаксальна, самых невядомых дзеячаў беларускага адраджэння.

Разам з братам Антонам, Іван Луцкевіч, можна сказаць, быў сярод тых, хто распрацаваў ідэю незалежнасці Беларусі. Луцкевічы заснавалі першыя беларускія газеты «Нашу Долю» і «Нашу Ніву», абвяшчалі незалежнасць БНР.

Луцкевіч нарадзіўся ў горадзе Шаўлі (сённяшні літоўскі Шаўляй) Ковенскай губерні ў 1881 годзе.

Затым сям’я пераехала ў Лібаву (сённяшняя Ліепая ў Латвіі). Ягоны бацька, штабс-капітан Ян Баляслаў Луцкевіч, служыў на Лібава-Роменскай чыгунцы. Ян Баляслаў сябраваў з Дунін-Марцінкевічам. Антон Луцкевіч узгадваў, што іх вялікая сям’я заўсёды жыла ўспамінамі аб паўстанні 1863-га, у якім удзельнічаў бацкаў брат, Стэфан, і ідэаламі дэмакратызму французскай рэвалюцыі. Само сабою, не магло гэта не адбіцца і на дзецях.
Іван вучыўся ў Лібаўскай гімназіі, затым у класічнай гімназіі ў Мінску. Паступіў у Пецярбургскі ўніверсітэт на юрыдычны факультэт. Акрамя таго, Іван усё жыццё цікавіўся гісторыяй — таму пачаў займацца і ў Археалагічным інстытуце ў Маскве.
Праўда, вучобе перашкаджала палітычная актыўнасць Луцкевіча.
Іван і Антон — адны са стваральнікаў Беларускай рэвалюцыйнай грамады (пазней партыю перайменавалі ў Беларускую сацыялістычную грамаду). У 1903 годзе Іван за сваю палітычную дзейнасць увогуле трапіў у турму. Ён браў актыўны ўдзел у падзеях 1905 года ў Мінску. У выніку, у 1906 годзе Іван разам з братам Антонам вырашаюць схавацца ў Вільні.
Там браты разгортваюць сваю дзейнасць: Ян ініцыюе выданне рэвалюцыйна-дэмакратычнай газеты «Наша доля». Дарэчы, з сямі нумароў газеты 4 канфіскавалі, а сёмы знішчылі яшчэ ў наборы. Пасля, у тым жа 1906 годзе, засноўваюць і газету «Наша Ніва». То бок, фактычна, Іван і Антон Луцкевічы і сталі заснавальнікамі беларускага друку.

Памяць аб газеце жывая і ў сучаснай Вільні.

Тая «Наша Ніва» пазіцыянавала сябе як «газета для ўсіх беларусаў». У ёй пішуць найлепшыя інтэлектуальныя сілы: Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Вацлаў Ластоўскі, Змітрок Бядуля, Ядвігін Ш.

Некаторыя з «занадта рэзкіх» нумароў тагачаснай «НН» канфіскуюць, аднак газета існуе, выдаецца і набывае вядомасць.

Акрамя грамадска-палітычнай дзейнасці, Іван Луцкевіч працягвае цікавіцца гісторыяй і этнаграфіяй. Ён калекцыянуе беларускія старажытнасці, беларускія кнігі і рукапісы. Спачатку калекцыя Луцкевіча змяшчаецца пры рэдакцыі «Нашай Нівы», але пазней, у 1918 годзе Іван засноўвае Беларускае навуковае таварыства і перадае свае скарбы яму. Таксама ён публікуе навукова-публіцыстычныя працы па беларускай гісторыі, мастацтве.

Іван і Антон Луцкевічы стаялі і ў вытоках Беларускай Народнай Рэспублікі, былі аднымі з ініцыятараў абвяшчэння яе незалежнасці. Антон нават узначальваў Раду народных міністраў БНР.

Бурлівае і плённае жыццё Івана Луцкевіча аказалася кароткім. Ён хварэў на сухоты, невылечную на той час хваробу, а ягоныя «прыгоды» таксама падрывалі і без таго слабое здароўе. 1919 год стаў апошнім для яго. Івана вывозяць у польскі горад Закапанэ, дзе ён і памірае 20 жніўня. Яму было ўсяго толькі 38 гадоў.
Трагічна склаўся і лёс ягонага брата і паплечніка Антона. У 1939 годзе яго арыштоўваюць савецкія ўлады. Спачатку трымаюць у мінскай турме, затым, у 1941 годзе Антона прыгаворваюць да 8 гадоў зняволення. Затым адвозяць у Балашоў, адтуль адпраўляюць у канцлагер праз Актарск, што пад Саратавам. Луцкевіч памірае 23 сакавіка 1942 у санчастцы перасыльнага пункта ў Актарску.
Магіла братоў Луцкевічаў сёння знаходзіцца ў Вільні на могілках «Росы», дзе пахавана шмат вядомых дзеячаў Беларусі і Літвы. На ёй выявы Івана і Антона і шыльда з імём трэцяга брата, Сцяпана (Стэфана).

Вось толькі ў зямлі пад помнікам ляжыць цела аднаго Сцяпана. Дакладнае месца пахавання Антона Луцкевіча невядомае (вядома толькі, што пахаваны ён на камунальных (гарадскіх) могілках Аткарска ў Расіі). А Іван ляжыць у Закапанэ — у Вільні сімвалічна пахавалі трохі зямлі з ягонай магілы.
Ані Івану, ані Антону няма помнікаў у Беларусі, няма вуліцаў, якія б былі названы ў іх гонар. Толькі ў Вільні Беларускі музей, што ствараецца, пачаў называцца музеям імя Івана Луцкевіча. І гэта пры тым, што Луцкевічы, як і сотні і тысячы іншых, фактычна ахвяравалі жыццём каб дамагчыся таго, што іх нашчадкі атрымалі ў 1991 годзе бясплатна — незалежнасці Беларусі. На тым падмурку з жыццяў і справаў мноства людзей, якія сотню гадоў таму працавалі, цярпелі пераслед, гінулі за свае погляды, і стаіць сённяшняя Беларусь. Не было б іх — не было б сёння і нашай краіны. І помніць пра іх, ведаць іх імёны — гэта абавязак, сыноўняя падзяка бацькам.
* * *
За цікавую вандроўку па Літве і дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу – вялікая падзяка арганізатарам вандроўкі «Іван Луцкевіч і Нашаніўская пара» Валерыі Чарнаморцавай і Паўлу Каралёву, а таксама Таварыству беларускай культуры ў Літве і яго старшыні Алесю Адамковічу, Віленскаму беларускаму музею імя Івана Луцкевіча і персанальна Людвіцы Кардзіс.
Калі вы цікавіцеся вандроўкамі па гістарычных месцах Беларусі і Еўропы — звяртайцеся да Паўла Каралёва і Валерыі Чарнаморцавай па тэлефонах 8-025-545-84-30, 8-029-134-28-04 ці пішыце на скрыню [email protected].
Каментары