Меркаванні1515

Сыдзіце з браняпоезду!

Кожны год напярэдадні чарговых «векапомных дзён» я пачынаю касіцца ў бок тэлевізара. Эсэ Віктара Шалкевіча.

Кожны год напярэдадні чарговых «векапомных дзён» я пачынаю касіцца ў бок тэлевізара — няўжо гэта ізноў пачнецца, няўжо яны няздольныя прыдумаць нешта іншае?

І «гэта» ізноў пачынаецца, неадваротна і непазьбежна. Вахта памяці, ніхто не забыты, нішто незабытае, «за подвиг ваш, большой и благородный», «за чистое небо над головой», «в памяти благодарных потомков…»

Вось БРСМаўцы «шумною толпою», як сапраўдныя пушкінскія цыганы, налятаюць у хату бабулі‑вэтэрана вайны. Вось нейкае раённае начальства ганарліва і надменна ускладае сынтэтычная вянкі — ноў‑хаў нашых пахавальных кантораў — да помніка загінуўшых у Вялікай Айчыннай. Быццам бы яны за гэтыя сынтэтычныя вянкі біліся і паміралі. І помнічак сьціпленькі і маленькі, з абачліва памаляванай колькі дзён таму чырвонай зоркай (фарба яшчэ ня высахла). А вось мы бачым грандыёзны сталічны канцэрт, дзе салісты ансамбля песьні і пляскі ізабражаюць (вельмі харошае рускае слова ў беларускай транскрыпцыі) ці то адпачынак пасьля бітвы, ці то сцэну ў шпіталі, і пілоткі на іх галовах сядзяць… вельмі непрыстойнае слова просіцца ў параўнаньне, але прамаўчу… Вось дзяўчаты ў нацыянальных касьцюмах адорваюць вэтэранаў, седзячых у залі, брыдкімі і таннымі «жоўтымі тульпанамі‑вестнікамі разлукі». А вось нейкі палкоўнік, таксама вэтэран вайны, дае інтэрв’ю. І, невядома каго маючы на ўвазе, пагрозьліва апавяшчае яму, невядомаму (ці то ворагу, ці то шпіёну), што порах у нас сухі. І наш бранепоезд стаіць дзесьці там, але ў любы момант можа зварухнуцца і паехаць.

Але самая вялікая трагедзь для мяне пачынаецца, калі на экран тэлевізара, як расьпісныя чаўны Сьценькі Разіна, выплываюць сучасныя мастацкія мастацкія фільмы пра гераічны подзьвіг савецкіх людзей у найкрывавейшай з войнаў. Тоны крыку, мора сьлёзаў, сьлізі з усіх магчымых адтулінаў ў арганізме, дым, агонь, кроў… І тут я з жахам думаю, што нашая мілая настаўніца гісторыі Еўдакія Іванаўна падманвала нас, школьнікаў: вайну савецкія людзі выйгралі не таму, што мелі вялікую сілу духа, не таму, што былі ўпэўненыя ў слушнасьці сваёй справы, не таму, што ўсё, што рабілася, рабілася толькі для фронта і дзеля перамогі. А таму, што савецкія людзі хутчэй бегалі, вышэй скакалі, лаўчэй білі фашыстаў нагамі ў жывот, у прычынныя месцы ці па мордзе. Ды ўвогуле вайну выйгралі ў асноўным слаўныя чэкісты, НКВДэшнікі, спэцназаўцы. Словам — усе, толькі ня сьціплыя простыя салдаты. Салдаты — гэта так, дзесьці яны былі і, верагодна, нешта рабілі…

Я ведаю такога сьціплага салдата. Гэта мой цесьць, Іван Канстантынавіч, эканаміст па адукацыі, былы партызан, былы салдат. Ён часта расказвае нам, дзецям і ўнукам, сабраным ля сьвяточнага стала, свае ваенныя жыцьцёвыя гісторыі. Але расказвае, як сапраўдны эканаміст, дакладна, не прапускаючы аніводнай дробязі… Карнікі спалілі мястэчка Ленін, яны ўдваіх зь сястрой Надзеяй уцяклі ў лес, хаваліся, бадзяліся, прысталі да партызанаў, вызваленьне, потым іншая вайна — на далёкім Усходзе, у Манчжурыі…

Мяне заўсёды зьдзіўляла, што Іван Канстантынавіч так падрабязна і добра ўсё памятае, не зважаючы на свае восемдзесят зь нечым. І ў гісторыі ягонага жыцьця, якое зачапіла вайна, няма ані гераічных учынкаў, ані неймаверна непраўдападобных здарэньняў, пра якія мы сотнямі чуем зараз. Словам, нейкае не сэнсацыйнае ў яго ваеннае жыцьцё: цяжкае, аднастайнае, шэрае. Любы сцэнарыст скрывіцца і скажа, што гэта нетыповы выпадак. Але мне здаецца, што якраз такіх, як Іван Канстантынавіч, была большасьць. І яны, менавіта яны, так штодзённа, шэра, нецікава ваявалі, жылі, выжывалі, перажывалі кожны дзень. І гэтая іх штодзённасьць і была найвялікшым гераізмам, найвялікшым подзьвігам. Таму яны перемагалі, перамагалі і ў канцы перамаглі.

А тое, што зараз у грамадзтве вычоўпваецца з вайной, я інакш як цыркам назваць не магу. Гэтыя брыдкія, на хуткую руку скляпаныя фільмы, гэтыя парады, гэтае пусканьне файервэркаў, танныя кветкі і плястыкавыя вянкі… Дзякуючы намаганьням ідэолягаў і прапагандыстаў, вайна з агульначалавечай трагедыі пераўтвараецца у барацьбу паштэтных і лівэрных кілбасаў. У нейкі цырк, у фарс, зь якога маюць пажытак (але розны па якасьці) усе. Толькі некаторыя атрымоўваюць няшчасныя сто тысячаў да чарговага сьвята і страшэнна гэтаму радыя. Некаторыя да гэтых пор лазяць невядома дзе. А некаторыя, дачыненьня да вайны зусім ня маючыя, пыхліва ўзвышаюцца на трыбунах.

Ёсьць рэчы, якія сьціраюцца, як медны грош. Ня варта з вайны рабіць такі медны грош. Ня варта балбатаць пра яе на ўсіх вуліцах і пляцах тыдзень, каб потым у вушах зазьвінела ад непрывычнай цішыні, таму што чарговая кампанія скончылася і трэба рыхтавацца да наступнай… Няўжо нельга глянуць на тое, што перажылі бацькі нашыя і дзеды, неяк па іншаму — з пазыцыі грамадзянаў дваццаць першага стагодзьдзя?

Віктар Шалкевіч, Беларускія навіны

Каментары15

Цяпер чытаюць

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра14

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра

Усе навіны →
Усе навіны

«Так людзі і жывуць»: шакавальныя кадры з гомельскага інтэрната10

Кіеўскі суд падоўжыў арышт Іны Кардаш, якую падазраюць у шпіянажы на КДБ. Яна паскардзілася на ўмовы ўтрымання4

Адну з жанчын па справе «дваровых чатаў» асудзілі на 10 гадоў6

ДАІ: Калі аўто, выязджаючы з двара, саб'е самакат, то вінаватым прызнаем самакатчыка11

Па справе Гаюна асудзілі Настассю з Віцебска, якая рабіла кар'еру ў вялікіх кампаніях у Расіі5

Гарналыжны комплекс «Лагойск» закрываецца пасля 22 гадоў працы8

У Беластоку адбыўся мітынг-канцэрт да Дня Волі2

Легендарныя «Хутка-Смачна» яшчэ існуюць і карыстаюцца папулярнасцю1

Што рабіць з кнігамі, якія трапілі ў спіс забароненых у Беларусі? Адказалі ў Мінінфармацыі13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра14

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць