Мова88

Мова наша. Пара заўваг наконт тэрміна «сацыяльнае выабражальнае»

Піша Пётра Рудкоўскі. 

Пару заўваг наконт тэрміну «сацыяльнае выабражальнае» і ўжывання «выабражэнне», «выабражанае», «выабражальнае» замест «уяўленне», «уяўленае», «уяўляльнае».

На адным з форумаў у якасці галоўнага аргументу за ўвядзеннем «выабражэння» быў сфармуляваны аргумент этымалагічны: гэтае слова з'яўляецца адэкватным этымалагічным адпаведнікам лацінскага «imaginatio».

Што ж, магу пагадзіцца, што пры выбары адпаведніка варта звярнуць увагу на этымалогію перакладанага слова як на адзін з дадатковых фактараў. Этымалагічны аргумент я б размясціў прыкладна на тым самым месцы, што і аргумент мілагучнасці. Але выносіць прынцып этымалагізму на першае ці другое месца — гэта сур'ёзнае непаразуменне. Проста задумаймася над наступным: этымалогія слова С — гэта гісторыя марфалагічных ператварэнняў і іх значэнняў, якая распасціраецца на тысячагоддзі і губляецца ў прэгістарычных часах, дзе не было пісьмовых крыніц. Адразу ж паўстае пытанне: якую эпоху ўзяць за аснову пра вызначэнні «праўдзівай» этымалогіі? Возьмем, для прыкладу, тое ж самае «imago/imaginatio». Калі ўзяць за аснову значэнне, у якім гэта слова ўжывалася ў лацінска-класічны перыяд, то паўстае пытанне: а чаму не ўзята за аснову даўнейшая этымалогія, напр. з прота-італійскага перыяду, калі яно, у форме «ima», значыла «двайнік, копія». Можа быць, «imagined societies» варта перакладаць «капіяваныя грамадствы»? А чаму не ўзята за аснову прота-індаеўрапейская этымалогія, адпаведна якой «heim» (дзеяслоўны продак «imago») — гэта «пераймаць, імітаваць» (мо тады: «імітаваныя грамадствы»?)

Другое. Нават калі і паразумеемся наконт таго, якая эпоха гісторыі значэння дадзенага слова павінна быць узята за аснову, то і так застанецца наступная праблема. Амаль ніколі не бывае так, што дадзенае слова мае толькі адно-адзінае значэнне. Амаль заўсёды яно мае некалькі, некалькінаццаць ці некалькі дзясяткаў значэнняў або адценняў значэнняў. Вернемся зноў да прыкладу з «imaginatio». Тое, што «imaginatio» значыць толькі і выключна «выабражэнне-рознае-ад-рэпрэзентацыі», — гэта няпраўда. Праўда толькі тое, што «выабражэнне-рознае-ад-рэпрэзентацыі» — гэта адно са значэнняў. У лацінскай мове «imaginatio» значыла і выдумку, і працэс выдумвання, значыла таксама працэс стварэння ментальных рэпрэзентацый, і самі гэтыя ментальныя рэпрэзентацыі. Такім чынам, каб магчы прымяніць этымалагічны крытэр, трэба не толькі арбітральна вызначыць эпоху ўжывання таго ці іншага значэння, але і спасярод розных значэнняў з дадзенай эпохі трэба арбітральна выбраць нейкае «прывілеяванае».

Мяне асабліва здзівіла, што на «пацверджанне» таго, што «imaginatio» ніяк нельга перадаваць як «у-яўленне», спадар Баркоўскі прывёў грэцкі адпаведнік «φαντασία». Здзівіла таму, што гэты адпаведнік — акурат жывое сведчанне таго, што этымалогія ў перакладчыцкай практыцы мае неістотнае значэнне. Назоўнік «φαντασία» паходзіць ад дзеяслова «φαίνω», даміноўнае значэнне якога акурат: «вы-яўляць, чыніць яўным, пра-яўляць». Так што абапіранне на філасофскім першаадпаведніку «imaginatio» прамаўляе акурат на карысць «уяўлення»! (Што тычыцца мяне, то я прымаю «ўяўленне» па іншых, больш «прыземных», прагматычных прычынах; але калі ўжо гаворка пайшла пра ролю этымалогіі, то — супадзеннем лёсу — маем такую сітуацыю, што акурат «у-яўленне» этымалагічна бліжэйшае грэцкаму першаадпаведніку «φαντασία» (які хаваецца за лацінскім «imaginatio»), чым «выабражэнне» (якое паходзіць ад оb-rаzъ і, падобна як і «рыс-аваць», «аб-рыс-оўваць» сігналізуе ментальнае абазначэнне контураў той ці іншай рэчы — этымалогія зусім далёкая ад грэцкага «φαίνω»).

Што тычыцца перадачы канцэптаў тыпу «социальное воображаемое» або «imagined communities», то тут больш істотным ёсць іншае: падбор суфіксаў. На грунце ангельскай мовы ёсць далікатная, але немалаважная розніца паміж «imagined» i «imaginable» (на грунце лацінскай: «imaginatus» i «imaginabilis»). Пры перакладанні расейскага «воображаемое» таксама варта адлюстраваць факт, што гэты назоўнік ёсць субстантывізацыяй пасіўнага дзеепрыметніка. Такім чынам, «выабраж-альн-ае» тут грэшыць таксама ў плане не дужа адпаведнага суфікса. Бадай: «выабражанае» або «выабражаемае» (паколькі суфікс «-альн-« сігналізуе не столькі пасіўнае, колькі магчымаснае значэнне). Аналагічна пры перакладанні ангельскага дзеепрыметніка «imagined» — варта, каб пасіўны стан быў чытэльны ў беларускім эквіваленце. Вось гэта больш істотныя рэчы, чым этымалагічныя значэнні таго ці іншага слова.

Каментары8

Цяпер чытаюць

«Засяроджуся на працы з ЗША». Ціханоўскі расказаў пра свае палітычныя планы на 2026 год32

«Засяроджуся на працы з ЗША». Ціханоўскі расказаў пра свае палітычныя планы на 2026 год

Усе навіны →
Усе навіны

Беларускіх прапагандыстаў будуць вучыць барацьбе з фэйкамі за грошы ЕС4

Як Іран адключыў інтэрнэт? І як тады іранцы змаглі перадаць інфармацыю?

Як звычайная ветлівасць выратавала жыццё мінчуку5

У Мінску з'явілася піца з пельменямі4

«Байсол» адкрыў тэрміновы збор на дапамогу ўкраінцам, вызваленым з беларускіх турмаў у лістападзе8

«Вынес апраўдальны прысуд — можаш перастаць быць суддзёй». Адвакат патлумачыў, чаму ў Беларусі так дрэнна з правасуддзем4

Аун Сан Су Чжы ўжо два гады не бачылася са сваімі адвакатамі. Невядома, ці жывая яна

Былая каманда Ціханоўскага перазапусціла сваё шоу на новым канале22

Трамп заявіў, што мірнае пагадненне па Украіне зацягвае Зяленскі, а не Пуцін11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Засяроджуся на працы з ЗША». Ціханоўскі расказаў пра свае палітычныя планы на 2026 год32

«Засяроджуся на працы з ЗША». Ціханоўскі расказаў пра свае палітычныя планы на 2026 год

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць