Літаратура4141

Другое прышэсце Горвата ў Мінск выклікала ажыятаж ФОТЫ

Андрусь Горват выдаў ужо другі наклад сваёй кнігі і правёў аўтограф-сесію для чытачоў.

Ля невялікага памяшкання касы Купалаўскага тэатра стаіць толькі шыльдачка з вокладкай кнігі. А ўнутры — не прапіхнуцца ад ахвотных атрымаць асобнік «Радзіва Прудок» з аўтографам аўтара. Андрусь Горват — той самы аўтар — выдаў ужо другі наклад сваёй кнігі-дзённіка.

Ад Горвата людзі выходзяць з усмешкамі.

«Я ўзяла сабе, сваякам і яшчэ адну ў падарунак каму-небудзь. Кніга вельмі падабаецца: лёгка напісана, лёгка чытаецца. Я перачытвала ўжо некалькі разоў», — кажа Ірына. Яна набыла ажно тры кнігі.

Чытачка Ірына набыла аж тры асобнікі.

«Я прыехала па кнігу ў свой абедзенны перапынак. Чытаю Горвата ў фэйсбуку, вельмі падабаецца, захапіла. Вось нарэшце і кніжку набыла», — кажа Валянціна Міхайлаўна.

Валянціна Міхайлаўна чытае Горвата ў фэйсбуку.

«Горват — гэта наш беларускі Грышкавец, — мяркуе Арцём. Ён называе сябе знаёмым Горвата — яны калісьці працавалі разам. — Ён пераказвае тое, што ў цябе ў галаве, але сам ты гэта не прагаворыш».

33-гадовы Андрусь Горват з Мінска пераехаў у старую дзедаву хату ў роднай вёсцы Прудок. Там ён завёў казу, напісаў кнігу і стаў сапраўднай зоркай Байнэту.

Горват быў адкрыты «Нашай Нівай» — рэдактар заўважыў ягоныя запісы ў фэйсбуку, якія тады чытала жменька яго фрэндоў.

Шэраг ягоных пастоў у фэйсбуку, сабраны ў адзіны артыкул, стаў самым чытаным матэрыялам 2015 года на сайце «НН». Непаўторны стыль, абсалютная аголенасць пачуццяў і абсалютная беларускасць — чытачы хутка палюбілі Горвата.

«На Палессі маленькія кусачыя мошкі называюць маскалямі. Вось так мова захоўвае памяць пра колішнія падзеі.

* * *

Сёння я правёў дзень са сваей цёткай з Калінкавічаў. Цёця Воля размаўляе па-беларуску, не глядзіць тэлевізар, належыць да ''Сведкаў Іеговы'' і баіцца гадзюк. Тыдзень таму яна няўдала павярнулася на ложку і атрымала пералом ключыцы. З гэтай нагоды я і бавіў сення час на яе градках. Прачнуліся мы ў чатыры раніцы, прайшлі восем кілометраў, пабачылі сем маленькіх чорненькіх гадзюк. Цетка кажа, што, каб забіць гада, яго трэба праткнуць наскрозь галінкай. Калі не праткнуць, іншыя гады выцягнуць яго з іншасвету. Яна ў гэта верыць. Я ў гэта веру.

* * *

Праз некалькі гадзін сяду ў цягнік. Буду ехаць у Мінск і думаць пра галоўнае: дзе лепей пераапрануцца - у вакзальнай прыбіральні ці ў тэатры. Праверу, ці ёсць у кішэні паўтара рубля на каву. Паспрабую ўспомніць, колькі каштуе метро. Нагадаю сабе, што ў Мінску гавораць «ё», а не «е». Буду сядзець, пазіраць на дзіравыя шкарпэткі храпучага дзядзькі і паўтараць: «ё. ё. ё». Правадніца скажа:

— Вам адзіяла даць?

Адкажу:

— У мяне ўжо е.

Можа нават засну на гадзінку.

Прачнуся, успомню, навошта прыехаў, і — пачну панікаваць.

Па-мойму, блісцяшчы план», — з Фэйсбука і кнігі Андруся Горвата.

Спачатку Горват абмяжоўваўся пастамі ў фэйсбуку, а ў 2016 годзе саспеў і да выдання кнігі. Грошы збіраў краўдфандынгам — сродкі на кнігу пад назвай «Радзіва Прудок. Дзённік» былі сабраныя за тыдзень. Прычым наклад для першай кнігі аўтара сучбелліта быў неблагі — выйшла 650 асобнікаў першага выдання, якія разышліся імгненна. Таму выдавецтва вырашыла выпусціць яшчэ адзін наклад — ужо 1000 асобнікаў. Для параўнання, першы наклад «Возера радасці» Марціновіча склаў 1500 асобнікаў, апошняй кнігі Бахарэвіча «Белая муха, забойца мужчын» — 300 асобнікаў.

Акрамя падрыхтоўкі кнігі і гадавання казы, Андрусь Горват час ад часу прымае ў Прудку беларускіх і замежных журналістаў і гасцей.

Але ж на сённяшняй аўтограф-сесіі з журналістамі Горват вырашыў не размаўляць.

«Чаму? Ну, хацелася, каб сустрэча з чытачамі была, а не з журналістамі», — кажа ён.

Як стала вядома ўвечары, усяго ўжо прададзена 750 асобнікаў кнігі «Радзіва Прудок». 

Каментары41

Цяпер чытаюць

Беларуска кліча на вяселле зорку «Універа», які за вайну. Упрэгся ўвесь Threads12

Беларуска кліча на вяселле зорку «Універа», які за вайну. Упрэгся ўвесь Threads

Усе навіны →
Усе навіны

Кім быў загінулы добраахвотнік Васіль Рапіцкі. Расказвае Клачко2

Трамп: Ніякай здзелкі з Іранам не будзе, толькі безагаворачная капітуляцыя4

Большасць «жаночых» вуліц у Беларусі названыя ў гонар Крупскай і Церашковай7

Азербайджан мабілізаваў рэзервістаў і выставіў войскі на баявыя пазіцыі4

Казуля ў трактары справакавала праверку пракуратуры

Ізраіль апублікаваў ВІДЭА ўдару па бункеры, дзе мог хавацца сын Хаменеі1

Гарналыжніца Ліндсі Вон вярнулася да трэніровак ВІДЭА2

Кафеін замест какаіну. Дачка забітага наркабарона Эль Менча кіруе кавярняй у Каліфорніі1

Экскурсавод паказаў кватэру, у якой у Мінску жыў Лі Харві Освальд

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларуска кліча на вяселле зорку «Універа», які за вайну. Упрэгся ўвесь Threads12

Беларуска кліча на вяселле зорку «Універа», які за вайну. Упрэгся ўвесь Threads

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць