На польскім аўкцыёне за 700 еўра прадаюць старадаўнюю кнігу з беларускай парафіі. Як такія экспанаты могуць вывозіць за мяжу?
На польскім інтэрнэт-аўкцыёне OneBid выставілі рукапісную кнігу XIX стагоддзя з парафіі ў Вялікіх Эйсмантах Гродзенскага раёна. Дакумент, мяркуючы па ўсім, пры невядомых абставінах знік з мясцовага касцёла і цяпер прадаецца як калекцыйны прадмет. Стартовая цана складае 700 еўра, піша Most.

Як менавіта кніга апынулася ў Польшчы і хто выставіў яе на продаж, невядома. Спецыялісты адзначаюць, што падобныя дакументы звычайна павінны захоўвацца ў царкоўных або дзяржаўных архівах, паколькі маюць значную навуковую каштоўнасць.
На вокладцы рукапісу напісана: «Zurnały plebanii Eysymonttowego od roku 1833 do roku 184…» («Журналы плебаніі Эйсмантавай з 1833 года да 184…»). Кніга ўяўляе сабой капіярый — зборнік распараджэнняў царкоўных і свецкіх уладаў, а таксама рознай службовай перапіскі.
Большасць запісаў належыць пробашчу парафіі і гродзенскаму дэкану Міхалу Сезянеўскаму (1784—1850), які ўзначальваў парафію ў 1812—1850 гадах. У кнізе сустракаюцца дакументы і запісы з загалоўкамі «Да біскупа», «У павятовы суд», «У кансісторыю», «Вайсковаму губернатару», «Пасведчанне», «Да духавенства Гродзенскага дэканата» і іншыя.
У рукапісе таксама адлюстраваныя розныя аспекты жыцця парафіі і мясцовай супольнасці. Напрыклад, у ёй утрымліваецца спіс людзей, якія павінны былі падвозіць камяні для будаўніцтва касцёла. Хоць кніга не метрычная, у ёй ёсць звесткі пра акты касцёла (хрост, шлюб, пахаванне), а таксама згадкі асобных сямейных гісторый. Кніга змяшчае шмат інфармацыі, якая ўяўляе цікавасць для рэгіёна.
Цікава, што ў самой парафіі, наколькі вядома Most, няма кніг, старэйшых за другую палову XX стагоддзя.
«Бясцэнная крыніца»
«Я паглядзеў фотаздымкі старонак кнігі, якія выставіў прадавец. Там шмат разнастайных звестак — пра высечку лесу, звозку камення, прышчэпкі ад воспы, згадкі пра метрычныя запісы. Дэталі пра жыццё парафіі і мясцовай супольнасці ў першай палове XIX стагоддзя, якія, верагодна, не трапілі ў іншыя гістарычныя крыніцы. Таму гэта бясцэнная крыніца для тых, хто, магчыма, захацеў бы даследаваць і апісаць жыццё лакальнай супольнасці ў ХІХ стагоддзі. Акрамя таго, там трапляюцца прозвішчы мясцовых жыхароў, а гэта ў сваю чаргу можа аказацца каштоўным для тых, хто даследуе гісторыю сваіх сем’яў», — сказаў Most беларускі краязнаўца Ян Рамейка.
«Калекцыянеры часта купляюць такія кнігі ў разліку на рост іх кошту»
Кнігай ужо зацікавілася польскае таварыства Rody Grodzieńskie, якое збірае і вывучае інфармацыю пра Гродзеншчыну. На фэйсбук-старонцы таварыства задаюць пытанне, ці ёсць магчымасць знайсці кнігу, акрамя выкупу. Прадстаўнік Rody Grodzieńskie Рафал Юроўскі адказаў на пытанні Most.
— Як такія кнігі трапляюць на аўкцыёны? Гэта звычайная практыка, што старыя парафіяльныя кнігі ці іншыя дакументы з былых архіваў з’яўляюцца на рынку?
— Часцей за ўсё на аўкцыёнах мы сустракаем сямейныя дакументы, якія паходзяць з прыватных дамоў: лісты, фатаграфіі, а таксама рознага роду дакументы, што тычацца, напрыклад, продажу зямлі. Падобныя матэрыялы натуральным чынам павінны заставацца ў руках сем'яў.
Радзей у прыватных руках з’яўляюцца кнігі, што паходзяць з царквы, якія ў прынцыпе павінны знаходзіцца менавіта там, дзе яны ўзніклі. Лепш за ўсё, каб дакументы такога роду заставаліся ў царкве, а яшчэ лепш — у адпаведным архіве.
Аднак вядома, што здараецца, калі метрычныя кнігі аказваюцца ў прыватных руках — часцей у Беларусі, радзей у Польшчы. Вельмі магчыма, што часам гэта было звязана з сітуацыяй, калі хтосьці захоўваў такую кнігу, абараняючы яе ў цяжкія часы. Пазней, пасля смерці чалавека, які яе захоўваў і ўсведамляў, што гэта ўласнасць царквы, кніга магла быць перададзена на аўкцыён.
— Чаму такія кнігі важныя для мясцовай гісторыі?
— Гэтая кніга змяшчае пэўныя генеалагічныя звесткі, аднак яе каштоўнасць яшчэ вышэйшая для даследчыкаў гісторыі парафіі і людзей, якія да яе належалі.
Ужо на першых старонках відаць, што пробашч, які яе вёў, запісваў шмат інфармацыі, якая тычылася як грамадскага, так і гаспадарчага жыцця парафіі. Падобныя даныя немагчыма атрымаць з метрычных кніг, у якіх знаходзяцца толькі асноўныя, сухія звесткі пра чыёсьці нараджэнне, шлюб ці смерць.
У кнізе такога тыпу мы маем значна больш шырокі погляд на тое, як выглядала жыццё парафіі ў першай палове XIX стагоддзя.
— Наколькі нам вядома, гэта не першая кніга з гэтых мясцін, якая з’яўляецца на аўкцыёне. Ці можна сапраўды казаць пра пэўную тэндэнцыю? Адкуль могуць паходзіць такія дакументы?
— Думаю, нельга казаць пра нейкую відавочную тэндэнцыю, таму што такія кнігі з’яўляліся і раней. Я памятаю, што больш за 10 гадоў таму хтосьці прапаноўваў — здаецца, на беларускім аўкцыёне — метрычную кнігу з Ішкалдзі (вёска ў Баранавіцкім раёне. — Заўв. Most). Не ведаю, што потым з ёй здарылася. Магчыма, яна трапіла ў добрыя рукі, а магчыма — да некага, хто чакае, пакуль яна набыць большую каштоўнасць, і толькі тады яе прадасць.
Даволі часта я сутыкаюся з інфармацыяй у генеалагічных суполках на Facebook пра прапановы продажу розных дакументаў — як царкоўных, так і тых, што паходзяць з дзяржаўных устаноў.
— Хто часцей за ўсё прадае такія кнігі — спадкаемцы, калекцыянеры ці, магчыма, установы?
— Тут мы маем справу з аўкцыённым домам, які павінен праверыць паходжанне дакумента. Аднак уладальнікам кнігі, верагодна, з’яўляецца нейкая прыватная асоба ці нехта, хто раней выкупіў яе ў іншага чалавека.
— Ёсць рызыка, што важныя для гісторыі рэгіёна дакументы трапляюць у прыватныя калекцыі і становяцца недаступнымі для даследчыкаў?
— На жаль, гэта пэўная праблема. Здараецца, што пасля пакупкі калекцыянерам такія кнігі доўгі час не ўбачаць свету. Калекцыянеры часта купляюць іх у разліку на рост кошту.
У рэчаіснасці ж без таго, каб наткнуцца на чалавека, зацікаўленага гэтай парафіяй, яны не маюць вялікай рынкавай каштоўнасці. Гісторыку ці генеалогу часцей за ўсё цалкам дастаткова якасных сканаў такой кнігі.
Мы ведаем, напрыклад, пра кнігі з парафіі Каменка. Некаторы час таму пісаў пра іх у сваім артыкуле Z Notatnika Fotografa («З нататніка фатографа») польскі прафесар Кшыштаф Хэйке, які шукаў у Каменцы сляды Элізы Ажэшкі.
Верагодна, яны ўсё яшчэ знаходзяцца недзе ў Каменцы, у некага на гарышчы. Нягледзячы на спробы высветліць, у каго менавіта яны знаходзяцца, і атрымаць хаця б фатаграфіі гэтых кніг, гэтага дабіцца не ўдалося.
Калі калі-небудзь яны трапяць на аўкцыён, то, як ні парадаксальна, гэта можа аказацца лепшым рашэннем, чым калі б яны ў выніку былі знішчаныя і з'едзеныя мышамі. Аднак лепш за ўсё было б, каб такога роду кнігі траплялі напрамую ў царкоўныя або дзяржаўныя архівы.
Што вядома пра парафію ў Вялікіх Эйсмантах
Парафія Імя Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Яна Непамуцкага ў Вялікіх Эйсмантах сёння адносіцца да Гродзенскай каталіцкай дыяцэзіі. Першы драўляны касцёл тут пабудавалі ў 1659 годзе, а ў 1843—1850 гадах узвялі новы мураваны храм, асвечаны ў 1851 годзе.
Экс-супрацоўнік Акадэміі навук наехаў на ініцыятыву Maldzis: Непрафесіяналы дыскрэдытуюць сапраўдных навукоўцаў. Мацукевіч адказаў
«Спрэс шыфраванне й намёкі». У «Музеі Вольнай Беларусі» з'явіўся сакрэтны артэфакт 1773 года
«Для мяне гэты занятак — не каб пакласці паштоўку ці фотку ў шуфляду». Як і для чаго краязнаўца набывае старыя фатаграфіі з Беларусі
Каментары