Нерухомасць7070

Баярына разбірае нацыянальную архітэктуру: Палац Незалежнасці мог бы выглядаць як ідэальная шкляная бульбіна

На думку архітэктаркі і дызайнеркі Аляксандры Баярынай, без ведання гісторыі і традыцый свайго народу архітэктар, якім бы геніяльным ён ні быў, ніколі не здолее стварыць штосьці сапраўды значнае. Сама Аляксандра ўжо даўно паглыбілася ў вывучэнне нашай спадчыны, як страчанай, так і захаванай. Цяпер Баярына спрабуе зразумець, якой магла быць сучасная беларуская архітэктура, калі б была паслядоўнай і пераймала вынаходкі продкаў.

Дамы былі б з дранкі

Дом, сцены і дах якога зробленыя з дранкі, адпавядае сусветным трэндам і справядліва ўпрыгожвае ці не кожны аўтарытэтны архітэктурны часопіс.

Чаму ж такі дом нельга назваць традыцыйным беларускім? Дрэва — наш матэрыял. Дранка і гонта — таксама. Безумоўна, дах, што пераходзіць у сцены, — новы прыём. Але калі мы возьмем звыклыя нам прапорцыі фасадаў, нахіл дахаў, вышыню цокаля і размяшчэнне будынкаў — усё будзе выглядаць цалкам гарманічна. Вы нават адразу і не заўважыце, што на першай выяве — шыфер і бярвенні, а на другой — дранка.

І гэта толькі адзін з варыянтаў гульні з традыцыяй.

Дранка ў старых беларускіх пабудовах.

Ёсць цікавыя прыклады выкарыстання дранкі ў сучасным дызайне мэблі і інтэр’ера. Такія прыёмы маглі распрацаваць беларусы, але мы яшчэ не прачнуліся.

Пляценні ў самых розных варыяцыях таксама нам вельмі блізкія.

Зірніце на здымкі: злева — замежныя ўзоры, справа — дом у Занарачы на Мядзельшчыне.

Мэбля была б мабільнай

Калі зірнуць на традыцыйныя беларускія ложкі, можна адразу заўважыць, што некаторыя прыёмы (як пад нумарам 6 і 7) сёння цікава інтэрпрэтуюцца сучаснымі дызайнерамі.

Мэбля-трансформер заўсёды была ўласцівая для быту беларусаў. Шырокімі двухспальнымі ложкамі нашы продкі не карысталіся, спалі шчыльна адзін да аднаго, усе ў адным пакоі. З часам імкненне да большага камфорту павінна было прымусіць распрацаваць шэраг цікавых варыянтаў трансфармацыі ложкаў.

Давалі б новае жыццё старым канструктыўным рашэнням

Традыцыі і сучаснасць часам пераклікаюцца даволі нечакана. На фота злева — адна з традыцыйных канструкцый даху на сохах і сошках. Справа — канструкцыя сучаснай канапы.

Вешалі б «фіранкі» на будынкі

Моцны сучасны трэнд як у дызайне, так і ў архітэктуры. Будынак уяўляе сабой суцэльнае акно, а цікавыя «фіранкі», якія могуць быць зробленыя з самых розных матэрыялаў, бы абгортваюць усю канструкцыю або яе частку. Аналогія з беларускай выцінанкай напрошваецца сама.

Абгарнулі б у выцінанку мэблю

Карысталіся б аканіцамі

Раней без аканіцаў немагчыма было ўявіць беларускі дом, няма прычын адмаўляцца ад іх і сёння.

У фасадах рабілі б акенцы

На фота ніжэй злева можна зірнуць на некаторыя варыянты акенцаў, якія здаўна рабілі беларусы. Іх прыводзіць беларускі архітэктар, доктар архітэктуры Сяргей Сергачоў. Побач — інтэрпрэтацыя гэтых формаў у драўлянай агароджы тэрасы [ідэя Аляксандры Баярынай — НН].

Ніжэй — некалькі сучасных прыкладаў выкарыстання падобных акенцаў у фасадах будынкаў.

А вось цікавае фасаднае рашэнне для хлява ў Калыбані на Брагіншчыне. Хтосьці мог бы паспрабаваць знайсці яму прывабную сучасную форму.

У будынках з’явіліся б махры

Беларусы заўсёды апрацоўвалі край матэрыялу. У адзенні ён абавязкова мусіў быць падшытым, бо махрыстасць асацыявалася з пахаваннем. Славутыя касцюмы Коко Шанэль у нашы буцікі не везлі б. Падобныя архітэктурныя рашэнні нам таксама не блізкія, дзіркі ў фасадах увогуле былі чымсьці немагчымым.

Новае пакаленне рашучых дызайнераў і архітэктараў абавязкова паўстала б супраць народнай забароны на махры і зламала б яе, бо так развіваецца кожная здаровая галіна.

Будавалі б як у суседа

Сяргей Сергачоў склаў мапу, па якой можна адсачыць адметнасці беларускіх дамоў у розных рэгіёнах краіны.

Дамы амаль аднолькавыя, і ў гэтым народная архітэктура больш разумная за сучасную. Сёння кожны будуе сабе дом па індывідуальным праекце і лічыць такі падыход рэалізацыяй уласнай свабоды. У кожнага дома свая вышыня, свае прапорцыі, свой стыль альбо адсутнасць стылю. Ды і нават калі ўсе дамы зробленыя з густам, разам яны выглядаюць безгустоўна.

На мапе ж мы бачым іншае. Прыгадайце вясковыя дамы ў розных частках краіны, несапсаваныя прыбудовамі, сілікатам і металадахоўкай. Разнастайнасць прысутнічае ў той неабходнай меры, у якой яна захоўвае агульную цэласнасць.

«Будаваць як у суседа» — сёння выраз з адмоўным сэнсам. Але папраўдзе, густу больш якраз у гэтым «адмоўным» варыянце. Рэгіянальных асаблівасцяў і пэўных дэталяў дастаткова для таго, каб зрабіць жылое асяроддзе гарманічным і ў той жа час пазнавальным.

Хавалі б двары ад вачэй суседзяў

Традыцыйныя беларускія двары-комплексы. Паводле Сяргея Сергачова.

На Віцебшчыне хавалі двары за высокімі платамі, хатай, гаспадарчымі прыбудовамі.

Звычайна хаты з дрэва праз 50-60 гадоў перарабляліся або будаваліся наноў. Калі б не адбывалася перманентнае вынішчэнне вёскі, цяпер мы б маглі бачыць усю разнастайнасць традыцыйнай формы такога дома ў самых сучасных матэрыялах. 

Гэтыя прыклады замежныя. Нашы дамы былі б падобныя на іх, але, безумоўна, мелі б свае індывідуальныя асаблівасці — нахілы дахаў, прапорцыі, колькасць і памер вокнаў, арыентацыю ўваходаў.

Нават такі тып стыкоўкі дахаў легітымны ў Беларусі, калі звярнуць увагу на другі прыклад на схеме з дварамі-комплексамі.

Палац Незалежнасці выглядаў бы як ідэальная шкляная бульбіна

Не трэба баяцца працаваць з традыцыяй. Нават калі з гэтага чароўнага куфара мы выцягнем сёння максімум, мы не возьмем усё — новае пакаленне зірне на традыцыі па-новаму і выкарыстае тое, што мы не заўважылі.

У беларусаў ёсць свая прызма ўспрымання прыгожага. Выпадковыя рашэнні, якія нельга назваць лаканічнымі і ўзнёслымі, — не наш варыянт. Сумнеўныя аб’ёмныя кампазіцыі будаваліся б за мяжой, але не ў нас. Будынак-нагавіцы і будынак-сабачая костка прыкольныя, але «прыкольна» — не станоўчая характарыстыка для беларусаў.

Па-беларуску — гэта годна, сур’ёзна і элегантна, як на прыкладзе злева. І ні ў якім разе не так, як на прыкладзе справа. 

У нас знайшлося б месца для ўсяго, што звязана з прыродай: дамоў-гнёздаў, дамоў-сотаў, але без характарыстыкі «прыкольна». Мы б ламалі галаву над выяўленнем лаканічнасці і над тым, што яшчэ можна «дасушыць» у архітэктуры. І наш свежы Палац Незалежнасці выглядаў бы як ідэальная шкляная бульбіна.

У матэрыяле выкарыстаныя ілюстрацыі з сеціва (сучасныя прыклады) і кнігі Сергачова.

Беларусы як скандынавы: топ-7 адметнасцяў нацыянальнага дызайну

Каментары70

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Польшча прызнала Аляксандра Машэнскага непажаданай асобай27

Польшча прызнала Аляксандра Машэнскага непажаданай асобай

Усе навіны →
Усе навіны

Маштабны збой у трох беларускіх банках: з рахункаў знікаюць грошы9

Пад Мінскам машына збіла лася — загінулі два чалавекі, пацярпеў вядомы комік2

У Расіі хлопец на «Лексусе» эфектна вылятаў на набярэжную дзеля прыгожага відэа. Загінуў сам і дзве сяброўкі15

«Вітаем на радзіме». Беларус распавёў пра затрыманне на мяжы за лайк і сапсаваны адпачынак10

У Італіі знайшлі цела 18-гадовай украінскай студэнткі. У дзень смерці ёй адмовілі ў працягу стажыроўкі

Начальнік сувязі 8-й арміі загінуў у выніку ўдару ўкраінскімі ракетамі

Толькі адзін выпускнік здаваў цэнтралізаваны экзамен па гэтым прадмеце3

Наталля Пяткевіч працягвае выгульваць амерыканскі гардэроб16

Кінолаг расказала пра просты тэст на выхаванасць сабакі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Польшча прызнала Аляксандра Машэнскага непажаданай асобай27

Польшча прызнала Аляксандра Машэнскага непажаданай асобай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць