Грамадства5555

У Мінску за пару дзён памерлі тры сабакі. У двары знайшлі каўбасу з падазронымі таблеткамі

Жыхары шматпавярховікаў па вуліцах Крапоткіна і Веры Харужай у Мінску б'юць трывогу: за тыдзень як мінімум пяць сабак перанеслі цяжкае атручэнне. У выніку тры гадаванцы памерлі. Людзі знайшлі ў двары кавалак лівернай каўбасы з невядомымі таблеткамі ўнутры, піша Tut.by.

«У сераду ўвечары быў першы выпадак, сабака памёр адразу. На наступны дзень памерлі яшчэ два сабакі — шпіцы. Імгненна ўсё адбылося. У пятніцу выпадак паўтарыўся, але там гаспадыня хутка адвезла ў клініку, сабаку цяпер лепш. І мы ў суботу, пасля ранішняй прагулкі. Цяжкі стан, але спадзяёмся, што ўсё абыдзецца», — распавядае мінчанка Алена Юрычава.

Яе 4,5-гадовы тэр'ер Філіп да гэтага часу на кропельніцах.

Тут і ніжэй фота Алены Юрычавай

У суботу пасля вяртання з клінікі сям'я сустрэла ля пад'езда суседку. І тая паказала ім дзіўную знаходку:

«Яе сабака нешта нюхаў у траве, жанчына падышла паглядзець — а там кавалак лівернай каўбасы з гэтай таблеткай ўнутры», — распавядае Алена.

Пакуль дакладна невядома, што ўтрымліваецца ў таблетцы — хоць ёсць здагадкі. Экспертызу пакуль не праводзілі. Але гаспадыня аднаго з пацярпелых сабак ужо звярнулася да праваахоўнікаў.

«У цяперашні час у Савецкім РУУС сталіцы зарэгістраваная адна заява па паказаным факце. Праводзіцца праверка», — паведамілі ў прэс-службе сталічнай міліцыі.

«Сутарга, кома, спыненне сэрца»

Пасля абследавання тэр'ера ў клініцы, куды звярнулася Алена Юрычава, паставілі меркаваны дыягназ: атручэнне ізаніязідам. Гэта лекавы сродак для лячэння туберкулёзу, і дарэчы, рэцэптурны. А ў сабак на яго падвышаная адчувальнасць. Спецыялістам вядомыя выпадкі, калі прэпарат выкарыстоўваюць як яд.

— Сутаргі, сабакі проста камянеюць. Дыханне спыняецца. Калі ветэрынары западозрылі такое атручэнне, то ўкалолі антыдот — перыдаксін (вітамін В6), — успамінае Алена. — Мяркуючы па тым, як старанна адразалася каўбаса і хаваліся ўнутр таблеткі, думаю, нехта рабіў усё наўмысна.

А 8-месячнага спаніэля Рыка выратаваць не ўдалося. Ён памёр у сераду пасля выгулу ў тым жа раёне, на вуліцы Крапоткіна. У цемры сабака нешта падабраў у траве, гаспадыня дастала з пашчы і выкінула. Але мабыць частку шчаня ўсё ж праглынула.

— Усё пачалося, калі вярнуліся дадому. І праз паўгадзіны сабакі не стала. Галюцынацыі, сутарга, кома, спыненне сэрца. Два разы муж заводзіў сабаку сэрца, да нас вельмі хутка прыехаў ветэрынар. Тэмпература была 42. Сабака «згарэў», — кажа гаспадыня шчаняці Алена Лемяшэўская.

Жанчыне патлумачылі, што ў сабакі адбылося моцнае атручэнне невядомым рэчывам. Пра гэты выпадак сям'я паспяшалася папярэдзіць іншых уладальнікаў сабак, і нават расклеіла аб'явы на дамах.

У наступныя дні памерлі яшчэ два сабакі: 3-гадовы шпіц у суседзяў Алены па доме, а потым 8-месячнае шчаня шпіца з дома насупраць. Па звестках мясцовых жыхароў, цела адной з сабак аддалі на ўскрыццё і чакаюць вынікаў экспертызы на працягу месяца.

Атручэнне невядомым рэчывам перажыў і 3-гадовы тэр'ер Рычы ў чацвер, распавядае мінчанка Таццяна Картошкіна.

— Праз дзве з паловай гадзіны пасля прагулкі ў яго дома рэзка пачаліся сутаргі, страціў прытомнасць. Погляд неадэкватны, лапы трасуцца. (…) Апрытомнеў, але проста ляжыць, і вочы не такія — не мой сабака! Потым пачынае рэзка бегаць па кватэры, ад мяне ўцякаць ці што. З'явілася агрэсія. Я разумею, што нам трэба тэрмінова ў клініку, а ён не даецца. Хоць звычайна ніколі не кусаецца! Калі другі прыступ скончыўся, я неяк падхапіла яго і нарэшце адвезла ветэрынарам.

Назаўтра сабака яшчэ падаў пры спробе ўстаць на лапы. Толькі да суботы пасля «кучы уколаў і кропельніц» сабаку стала лепш. Гаспадыня пасля інцыдэнту напісала заяву ў міліцыю.

Ветэрынары: раім цяпер выгульваць сабак толькі ў намордніках

— У нашу клініку быў толькі адзін зварот, і сабаку ўдалося выратаваць (4,5-гадовага тэр'ера). Але як мы ведаем з іншых клінік, за апошнія паўтара тыдня было яшчэ 3-4 падобныя выпадкі па ўсім горадзе. І сабакі гінулі, — распавялі TUT.BY у ветклініцы «Сас энімал сэрвіс». — Таму цяпер мы раім выгульваць сабак толькі ў намордніку, каб яны не маглі нешта падабраць з зямлі.

Чым менавіта атруціліся сабакі, сказаць складана, кажуць спецыялісты. Але сімптомы прыкладна аднолькавыя: заняпад сіл, сутаргі, ваніты, несвядомы стан.

— Падобныя выпадкі — вельмі хуткая рэакцыя, літаральна праз паўгадзіны жывёла памірае. Прыходзілі з прагулкі і не паспявалі нават прывезці ў клініку. Пры такіх сітуацыях у хатніх умовах дапамагчы немагчыма. Патрэбна экстранная дапамога, і прыняць гадаванца павінны без чаргі, — патлумачылі ветэрынары.

Нагадаем, за жорсткасць да чацвераногіх у Беларусі прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць па арт. 15.45 КоАП і крымінальная паводле арт. 339-1 КК (аж да 1 года пазбаўлення волі).

Каментары55

Цяпер чытаюць

Пракурор просіць для экс-памочніка Лукашэнкі Ігара Брыло 12 гадоў зняволення4

Пракурор просіць для экс-памочніка Лукашэнкі Ігара Брыло 12 гадоў зняволення

Усе навіны →
Усе навіны

Коўл: Канчатковага рашэння наконт запрашэння Лукашэнкі ў ЗША няма7

У Dana Mall зрабілі велікодны гарадок

Уладальнік OnlyFans памёр у 43 гады20

Беларусу трапіліся дзіўныя 100 даляраў. Банк пацвердзіў сапраўднасць купюры, але не прыняў2

Тэгеран абвяргае словы Трампа: «Ніякіх перамоў няма, ён адступіў з-за нашых пагроз»6

Як адшукаць продкаў і скласці свой радавод?4

Памятаеце госцю свецкага вечара ў сукенцы з галавой казулі? Цяпер у яе іншы экстравагантны вобраз6

Сёння Мінск прачнуўся ўначы ад моцнага гуку, падобнага да дрона10

Расійскі палітык загінуў на вайне праз 10 дзён пасля падпісання кантракта, нават не даехаўшы да фронту11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пракурор просіць для экс-памочніка Лукашэнкі Ігара Брыло 12 гадоў зняволення4

Пракурор просіць для экс-памочніка Лукашэнкі Ігара Брыло 12 гадоў зняволення

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць