Літаратура

Аляксандр Апон. Помнікі. П'еса

Асобы:

Сцяпан
Ліля
Уладзік — іх сын-школьнік
Зойка — яго сяброўка
Бабуля
Рыгор — іх сусед
Інспектар Жылінскі
Поп
Манашка
Ісус Хрыстос
Сталін
Гітлер
Помнікі

 

Беларуская кватэра ў беларускім доме.

Злева кухня, праз дзвярную пройму бачная газавая пліта і мыйка.

Тамсама, толькі бліжэй да авансцэны, на табурэтках труна без вечка, у якой, склаўшы «па-нябожчыцку» рукі, ляжыць бабуля.

Пасярэдзіне сцэны круглы стол, накрыты абрусам, які спадае да падлогі, і крэслы. За ім у глыбіні канапа і тэлевізар.

Справа ўваходныя дзверы з электрычным званком.

Уваходзіць Ліля з вялікай гаспадарчай сумкай.

 

Ліля: А вось і я! Мама, чуеш? (Падыходзіць да стала, ставіць сумку на крэсла.) Ну як ты тут? Зачакалася, напэўна. І галодная нябось. Але нічога, зараз я цябе пакармлю (выкладвае з сумкі на стол талеркі з закускамі, загорнутыя ў цэлафан, пакункі, рондлік, слоікі, затым, скінуўшы сумку на падлогу, сядае на крэсла). Вось толькі пасяджу крышку, хвілінку, мама, не болей. Прыстала нешта сёння, як ніколі. Але што ты хочаш — цалюткі дзень на нагах. Затое ото ўжо былі памінкі дык памінкі! Ого, мама, ажно двесце чалавек гасцей. Сталы проста ламаліся. Адных мясных стараў пяць (думае)… не, шэсць падавалі: і катлеты, і адбіўныя, і мяса па-французску, і галубцы, і… А я табе ведаеш што прынесла? Не? А ты здагадайся. Ну, ну? Так, твае любімыя кілбаскі з часнаком і кменам. Я ж іх сама круціла і, мама, клянуся, ні часнаку, ні кмену не шкадавала. Зараз пасмакуеш. Дзе яны? (Шнырыць вачыма па стале, пасля зрывае з адной талеркі цэлафан.) Ага, тута! О-о, як сабе хочаш, але пальчыкі абліжаш. Бо і бульбяное пюрэ, вядома, не забылася. А як жа. Вось, дарэчы, і яно (зняўшы вечка рондліка, накладвае на талерку пюрэ). Табе, мама, разагрэць ці холодным з’ясі? Га? Халодным, кажаш? Добра, як хочаш. (Падышоўшы да труны, бярэ з ног падушку, якую, пасадзіўшы маці, падкладвае той пад спіну, затым варочаецца да стала па крэсла, якое ставіць пры труне, а другі раз па талерку і, нарэшце, сеўшы на крэсла, корміць бабулю з лыжкі.) Ну, лыжачку за мяне. А цяпер за Сцяпана. Ён жа так стараецца, цягне, гаротнік, лямку з усіх сілаў… Ага, маладзец. Не, не ён маладзец, а ты, мама. Ну і за сыночка нашага, твайго ўнучка, каб усяго яму ўсягенькага, каб рос вялікім-прывялікім, быў паслухмяным і не выракаўся бацькоў. Эх, яшчэ трошкі засталося. Не выкідаць жа ежу. Гэта, да ўсяго, вялікі грэх. А давай, мама, лыжачку за прэзідэнта. (Маці адмоўна круціць галавой.) Не, мама, за прэзідэнта круці не круці, а мусіш, гэта святое. Каб даў бог яму здароўечка і… і шмат-шмат розуму. Праўда, розуму ў яго і так багата, дык здароўечка і… і шчасця ў асабістым жыцці.

Ну і апошнюю лыжачку за нашага дарагога нябожчыка, які даў нам сённяшні хлеб у выглядзе пюрэ з кілбаскамі з часнаком і кменам. Хай зямля яму будзе пухам і ўсё астатняе. Ну што, пад’ела? Цяпер адпачывай сабе (выцягнўшы падушку з-за спіны, укладвае бабулю па-ранейшаму).

Званок звоніць тры разы.

Ліля: Гэта Сцяпан. (Ідзе адчыняць. Уваходзіць Сцяпан.)

Сцяпан: Даўно прыйшла?

Ліля: Толькі што.

Сцяпан: Але ж мацяру дагледзела.

Ліля: Ага, пакарміла.

Сцяпан: Бачна, уся ў пюрэ.

Ліля: Нічога, не шлюб браць.

Сцяпан: І то праўда (сядае да стала).

Ліля: Стаміўся?

Сцяпан: А ты думала.

Ліля: Галодны?

Сцяпан: Як сабака.

Ліля: Пюрэ з кілбаскамі ёсць.

Сцяпан: З памінак?

Ліля: Адкуль жа яшчэ.

Сцяпан: Давай.

Ліля (наклаўшы пюрэ і кілбасак на талерку): Разагрэць?

Сцяпан: Яшчэ чаго! (Есць.) Ты кілбаскі круціла?

Ліля: Я.

Сцяпан: Відаць, часнаку і кмену не шкадавала.

Ліля: Анягож, я ж яго не купляла.

Сцяпан: Дарэчы, я таксама ворон не лавіў, дваццаць шэсць помнікаў заліў.

Ліля: Ого.

Сцяпан: Дырэктар таксама пахваліў, ганаровую гарамату, паміж іншым, абяцаў.

Ліля: А ты?

Сцяпан: А што я — рады, вядома. Заўтра таксама трэба будзе паспрабаваць не меней заліць, хаця наўрад ці адужаю.

Ліля: А ў нас зноў памінкі.

Сцяпан: Па кім?

Ліля: Па Дзятліку.

Сцяпан: А ён што — памёр?

Ліля: Няўжо ж па жывым.

Сцяпан: Ну, мала што.

Ліля: Не, аддаў, небарака, Богу душу.

Сцяпан: Але калі паспеў?

Ліля: Учора.

Сцяпан: Гм. Учора я з ім пад вечар бачыўся, здароўкаўся нават.

Ліля: Ну вось пасля гэтага, Дзятліха расказвала, прыйшоў, прысеў, вочы заплюшчыў і больш ужо не расплюшчыў.

Сцяпан: Дык, значыцца, седзячы сканаў.

Ліля: Не ведаю, але так ці інакш — адбыў сваё.

Званок звоніць пяць разоў.

Ліля: Хто гэта?

Сцяпан: Ліха яго ведае. (Устае.)

Ліля: Чакай. (Прыбірае ўсё са стала ў сумку і хавае яе пад стол.)

Сцяпан тым часам ідзе адчыняць. Уваходзіць Інспектар.

Інспектар (называецца): Інспектар Жылінскі.

Сцяпан: Праходзьце.

Ліля: Вельмі радыя. Сядайце.

Інспектар: Не, дзякую, часу ні каліва. (Дастае з кішэні нататнік з алоўкам.) Яшчэ дзевяноста дзве кватэры абысці.

Ліля: Дзевяноста дзве?

Інспектар: Менавіта.

Ліля: А-я-яй.

Інспектар: Нічога не зробіш, такая праца.

Сцяпан: Так, так, у кожнага сваё рамяство.

Інспектар: Ног, лічыце, не маю — не ступы, а адзін суцэльны мазоль (сядае на крэсла і, сцягнуўшы з нагі чаравік і шкарпэтку, паказвае скалечаную нагу). Во.

Ліля (пляснуўшы рукамі): Божа!

Інспектар: А вы кажаце! (Нацягвае шкарпэтку, абувае чаравік.) Ну, паказвайце лічыльнікі.

Ліля: Прашу на кухню. (Выходзіць з інспектарам на кухню.)

Голас інспектара: Дык вы вады, выходзіць, амаль што і не спажылі.

Голас Лілі: Эканомім.

Голас інспектара: Ну хоць гарбату п’яце?

Голас Лілі: Калі-нікалі.

Сцяпан: Яшчэ кілішкі мыем.

Інспектар (выглянуўшы з кухні): Кілішкі? А самі ці мыецеся?

Сцяпан (паціснуўшы плячыма): Асабіста я і так цэлы дзень каля вады — помнікі заліваю.

Голас Лілі: І ў нас у сталоўцы вады — хоць заліся.

Інспектар: Гэта іншая справа. (Хаваецца.)

Голас Лілі: І гарачай, і халоднай.

Голас інспектара: Само сабой. А газ?

Голас Лілі: Таксама стараемся лішні раз не паліць, баімося, раптам выбухне.

Голас інспектара: Увогуле, здараецца. (Выходзіць, за ім Ліля.)

Сцяпан: Яшчэ як! У нас на працы балон з прапанам выбухнуў.

Інспектар: Калі?

Сцяпан: З месяц таму.

Інспектар: Не чуў.

Сцяпан: Нават ў газеце пісалі.

Інспектар: У якой?

Сцяпан: Не ведаю, я газет не чытаю.

Інспектар: І я. Дык сам выбухнуў, ці што?

Сцяпан: А хто яго ведае: стаяў-стаяў сабе, а потым як бабахне.

Інспектар: Бабахне?

Сцяпан: Ага. Дык будку ўшчэнт разнёс.

Іспектар: Якую будку?

Сцяпан: Сабачую. У нас там сабака ў будцы жыў, Жулік, вось ягоную будку і…

Інспектар: Што?

Сцяпан: Нічога, акрамя таго, што сабака без будкі застаўся.

Інспектар: Шчымлівая гісторыя.

Сцяпан: Так, але яшчэ не ўся. Недзе праз тыдзень проста азвярэў.

Інспектар: Хто, сабака?

Сцяпан: Ён. На людзей пачаў кідацца.

Інспектар: А што ж вы хочаце, без будкі хто заўгодна азвярэе (глядзіць на Лілю).

Ліля: Пэўна.

Сцяпан: Яшчэ добра, што не ў будцы сядзеў, калі бабахнула, а недзе бадзяўся.

Інспектар: Так, пашанцала. Ну, пайду я. У вас усё ў парадку, аплачана і пломбы на месцы. Усяго добрага.

Сцяпан: І вам таксама ўсяго.

Ліля: Заходзьце яшчэ (інспектар выходзіць). Каб ты на карачках хадзіў, каб ў цябе такі мазоль вылез, каб ты адно качаўся.

Сцяпан: Чаго ты ўсхадзілася?

Ляля: Бач, пломбы на лічыльніках правярае, каб яго чэрці на тым свеце праверылі.

Сцяпан: А як жа. І ты на яго месцы правярала б. Ды ў нас інакш нельга. Усё трэба правяраць, правяраць і правяраць. Таму мы не самі па сабе, а кожны па правяраючым мае, каб калі дзе што не тое як трэба — ён тут як тут.

Ліля: А правяраючага?

Сцяпан: Што правяраючага?

Ліля: Хто правярае, ці ён ніколі не памыляецца, не хібіць?

Сцяпан: У яго таксама правяраючы ёсцека.

 Ліля: А ў таго?

Сцяпан: І ў таго.

Ліля: Вось як.

Сцяпан (чухаючы патыліцу): Выходзіць так. Як той казаў, правяраючы на правяраючым сядзіць і правяраючым паганяе.

Званок звоніць сем разоў.

Ліля: Зноў нейкая праверка (ідзе адчыняць).

Уваходзіць Поп, за ім манашка, якая вядзе на вяроўцы Ісуса Хрыста з крыжам на плячы.

Поп (спявае): Благоденственное і мірное жітіе, здравіе же і спасеніе…

Манашка: Подайце Яго раді. (Тузае Хрыста за вяроўку.)

Поп (спявае): …і во всём благое поспешеніе…

Ліля: Што падаць?

Манашка: Что можете і сколько можеце. (Тузае Хрыста за вяроўку.)

Поп (спявае): Подаждь, Господі, рабу твоему і сохрані яго на многая і благая лета.

Ліля: Дык мо кілбасак возьмеце, кілбасакі ў мяне з часнаком і кменам засталіся (лезе па сумку пад стол).

Манашка: Што вы, деньгі, деньгі давайце. (Тузае Хрыста за вяроўку.)

Поп (спявае): Многая, многая, многая лета!

Ліля: Дзеньгі? Не ведаю я ніякіх дзеньгаў. Няма ў нас.

Поп (спявае): Сохрані его, Господі! Прості ему, Господі!

Манашка: Так рублі же, ілі долары, тоже можно. (Тузае Хрыста за вяроўку.)

Ліля: А, вось што. Не, не маем такіх. Пару капеек, праўда, знойдзецца. (Дастае з кішэні капейкі і кладзе ў руку манашцы.)

Поп (спявае): Многае, многае, многае лета!

Манашка (пагардліва): Ну, спасібо! (Тэатральна кланяецца.) Большое-пребольшое спасібо! (Злосна тузае Хрыста за вяроўку.) Ідем.

Поп (спявае): Многае лета!

Манашка (да папа): Тіхо! Хватіт уже.

Поп, манашка і Хрыстос выходзяць.

Ліля: Бач, прашмандоўка, рублёў захацела, пагатоў даляраў.

Сцяпан: Мо трэба было даць колькі?

Ліля: Надаешся ўсім, яшчэ чаго.

Сцяпан: Зрэшты, твая рацыя. Карачышся ўвесь дзень, карачышся….

Ліля: Цягнеш, цягнеш…

Сцяпан і Ліля (разам): А тут аддай.

Званок звоніць не перастаючы.

Ліля: Гэта сынок! (Ідзе адчыняць.)

Уваходзіць Уладзік са школьным ранцам за спінаю.

Сцяпан: Ну, сынок, як справы, што ў школе?

Уладзік: Вершык вучылі. (Скідае ранец.)

Сцяпан: Які вершык?

Уладзік: Атрадны. (Дэкламуе.)

Піянеры, піянеры!
Свайго краю ўладары.
Берагчы краіну мусім,
Мы за праўду змагары.
Э-э… Я — піянер краіны Беларусь.
Служу дабру, служу свайму народу.
Кліч піянера….э-э…: «Заўжды будзь гатоў!»

Ліля: Што ты прычапіўся, не паспела дзіця ў хату ўвайсці, аксціся, хай спачатку паесць. Сырнікі, сынок, са смятанай будзеш?

Уладзік: Буду. (Сядае да стала.)

Ліля (наклаўшы на талерку сырнікаў і паліўшы іх смятанай): А піражкі з капустай?

Уладзік: І піражкі.

Сцяпан (перасеўшы на канапу): Ды нічога я не чапляўся, а хацеў толькі заўважыць, каб стараўся, бо без навукі цяперашнім часам анікуды. (Пазяхае.) Вось хоць мяне ўзяць. (Лягае.) Каб я не ўмеў лічыць, помнікі, нябось, не заліваў бы, бо ў бетонамяшалку за адзін раз маю кідаць дванаццаць шуфляў жвіру, а не адзінаццаць, альбо, скажам, трынаццаць і палову мяшка цэменту. У нас з гэтым вельмі строга, бо, калі недасыпеш, будзе недарасход, а калі перасыпеш — адпаведна, страта. Такім чынам, увесь час лічу, і лічу, і лічу, і лічу. Раз, два, тры, чатыры, пяць (пазяхае)… Дык галава ў канцы дня проста пухне.

Ліля: А я фарш на вока салю і ніколі не памыляюся. Спецыі там розныя таксама: жменю ці дзве кідаю, і заўсёды патраплю, — самае тое атрымліваецца. Еш, сынок, еш.

Сцяпан: Я ўжо не кажу пра гравёра, які надпісы на помніку выразае. Ого голаву трэба мець, не галаву, а дом саветаў, бо варта толькі адну лічбу пераблытаць, ну, да прыкладу, заместа нуля ў 2017 годзе адзінку напісаць, і чорт ведае што атрымаецца…

Ліля: Што чорт ведае што?

Сцяпан: Як? Маўляў, памёр чалавек не ў 2017, а ў 2117годзе — вось што!

Ліля: І праўда. Еш, сынок, еш.

Сцяпан: І літары ведацьмем як свае пяць пальцаў, каб прачытаць, што там на паперцы заказчык накрамзоліў… (Схіляе набок галаву і пачынае храпсці.)

Ліля: Во рулады выводзіць. Паеў, сынок?

Уладзік: Паеў.

Ліля: А ці смачна?

Уладзік: Смачна.

Ліля: Ну, то гуляй сабе.

Уладзік: Не, гісторыю спачатку на заўтра павучу, а потым ужо пагуляю.

Ліля: Ну то вучы сабе, вучы.

Ліля прыбірае ўсё са стала ў сумку, якую хавае пад стол, і залазіць у тэлевізар, так што яе больш на сцэне не бачна.

Уладзік тым часам, крыху пасядзеўшы за сталом, падыходзіць да бабулі: паказвае ёй язык, грымаснічае, але гэта хутка яму надакучвае. Тады ён варочаецца да стала і дастае з ранца кніжку.

Званок звоніць моцна адзін раз.

З тэлевізара выглядвае Ліля.

Уладзік: Гэта да мяне. (Ідзе адчыняць. Ліля хаваецца ў тэлевізары.)

Уваходзяць Сталін і Гітлер.

Сталін: Харошы мальчык (гладзіць Уладзіка па галаве).

Гітлер: Gut, Kinder, gut! (Таксама гладзіць.)

Утрох яны сядаюць за стол, і Уладзік, раскрыўшы падручнік, чытае, водзячы пальцам па радках, а Гітлер і Сталін не гучна, але душэўна спяваюць: Сталін —рускую народную песню «Катюша», Гітлер — нямецкую народную песню « Bruder, lasst uns lustig sein».

Уладзік (бубніць): Несправядлівасць Версальска-Вашынгтонскай сістэмы паставіла многія народы ў зняважлівае становішча, спрыяла прыходу да ўлады сіл, якія імкнуліся да рэ-рэваншу, новага падзелу свету…

Сталін:

Расцвыталы яблыны ы грушы,
Паплылы туманы за ракой.
Выхадыла на бэрэг Катуша,
На высокы бэрэг, на крутой…

Гітлер:

Bruder, lasst uns lustig sein,
Weil der Fruhling wahret,
Und der Jugend Sonnenshein
Unser Land verklaret…

Уладзік (бубніць): Бітва пачалася 16 красавіка, а трэцяй гадзіне раніцы па берлінскім часе. Пры святле пражэктараў у атаку пайшлі танкі і пяхота. Бой працягваўся ўвесь дзень і не заціхаў уначы… (Закрывае падручнік.)

Сталін і Гітлер устаюць. Сталін дастае з кішэні люльку, раскурвае яе, пасля чаго абодва выходзяць.

Уладзік засоўвае падручнік у ранец. З тэлевізара вылазіць Ліля.

Выцягнушы з-пад стала сумку, яна дастае піражок з капустай, хавае сумку пад стол і варочаецца ў тэлевізар.

Званок звоніць два разы.

З тэлевізара выглядвае Ліля.

Уладзік: Гэта да мяне. (Ідзе адчыняць. Ліля хаваецца.)

Уваходзіць Зойка.

Зойка: Урокі вывучыў?

Уладзік: Прачытаў. А ты?

Зойка: І я прачытала. Пагуляем?

Уладзік: Давай.

Зойка: У што?

Уладзік: У жаніха і нявесту.

Зойка: Згода.

Уладзік: Ты лягай першай.

Зойка: Добра. (Кладзецца на падлогу і складваве «па-нябожчыцку» рукі.) Усё, памерла. Нясі кветкі.

Уладзік: А вянок?

Зойка: І вянок.

Уладзік (паклаўшы ля Зойкі ўяўныя кветкі і вянок, пачынае румзаць): Гы-гы.. У-у-у…

Зойка (ускочыўшы на ногі): Не, не так, мужчыны не плачуць.

Уладзік: А што робяць?

Зойка: Нічога: прыносяць кветкі, вянкі, кладуць і ідуць.

Уладзік: Куды ідуць?

Зойка: За стол сядаць.

Уладзік: А-а-а!!!

Зойка: Цяпер ты кладзіся. (Уладзік кладзецца на падлогу. Зойка галосіць, ламаючы рукі.) А мой ты, міленькі! А мой ты, родненькі! А на каго ты мяне пакінуў, з дзецьмі маленькімі? А хто іх будзе карміць — паіць- даглядаць? А што ж мне рабіці? А як даць радачкі? (Плача горкімі слязамі.)

З тэлевізара вылазіць Ліля.

Ліля: Гуляеце?

Уладзік: Гуляем.

Ліля: Ну, гуляйце, гуляйце. (Бярэ з сумкі піражок і зноў лезе ў тэлевізар.)

Зойка (выцершы слёзы): Хадзем да мяне, мае кудысь выправіліся, штось пакажу.

Уладзік (прыпадняўшыся): Што?

Зойка: Дай вуха (нахіляецца і шэпча Уладзіку на вуха).

Уладзік (падскочыўшы): Ну? Гайда!

Уладзік і Зойка выходзяць.

Некаторы час на сцэне зацішша, чутно толькі, як пахрапвае Сцяпан, потым звоніць званок.

Сцяпан (падхапіўшыся): Каго там яшчэ чорт прынёс? (Ідзе адчыняць.)

Уваходзіць Рыгор.

Рыгор (кінуўшы туды-сюды вокам): Твая дзе?

Сцяпан: У тэлевізары сядзіць.

Рыгор: Мая тамсама. Як залезла, са смены прыпёршыся, дык не вылазіць. Ось я і падумаў: ці не зайсці да цябе.

Сцяпан (пазяхнуўшы і пацягнуўшыся): Зайшоў дык зайшоў.

Рыгор: І не так, вядома, а праз краму (дастае з кішэні пляшку і ставіць яе на стол).

Сцяпан (устрапянуўшыся): З гэтага трэба было і пачынаць. Я мігам. (Знікае ў праёме на кухню.)

Рыгор падыходзіць да труны, углядаецца, потым махае перад тварам бабулі рукой. Бабуля нічога ніякага.

Тым часам з кухні з кілішкамі выходзіць Сцяпан.

Рыгор варочаецца да стала.

Рыгор (напоўніўшы кілішкі): Ну, будзьма!

Сцяпан: Будзьма!

Выпіваюць.

Рыгор: Эх, няма нічога лепшага для здароўя кішак.

Сцяпан: Не, няма.

Рыгор (наліваючы наноў): І на сэрца толькі ў станоўчым кірунку ўплывае.

Сцяпан: Толькі ў станоўчым, толькі так.

Рыгор: На сасуды, клапаны там і ўсё іншае як найлепей уздзейнічае.

Сцяпан: Ага.

Рыгора: Я вось неяк кідаў выпіваць, памятаеш?

Сцяпан: Не.

Рыгора: Дзень не п'ю, два, тры.

Сцяпан: Ого.

Рыгор: Чатыры, пяць…

Сцяпан: Няўжо?

Рыгор: І што ты думаеш на шосты?

Сцяпан: Што?

Рыгор: Сэрца не вытрымала.

Сцяпан: Ну?

Рыгор: Натуральна.

Выпіваюць. З тэлевізара вылазіць Ліля.

Рыгор паспешліва прыбірае са стала бутэльку, а Сцяпан кілішкі, але Ліля — стрэляная вераб’іха, яе на мякіне не правядзеш.

Ліля: І калі вы ўжо наглыкчацеся?

Сцяпан (убок): Калі ты наясіся. (Услых.) Ды мы так, па адным кілішку, чыста сімвалічна.

Ліля: Ведаю я вашыя адныя кілішкі. Глядзіце ў мяне.

Дастае з-пад стала сумку, бярэ піражок, але затым перадумвае і з сумкай залазіць у тэлевізар.

Сцяпан: Бачыў мегеру?

Рыгор: От, не зважай. Нават сам (падымае са значэннем палец угару) казаў, што ў меру, па пару кілішкаў, не толькі не шкодна, а наадварот — карысна.

Сцяпан (прасачыўшы за пальцам): Сам? Няўжо так і казаў?

Рыгор: Я што, выдумляць буду? Сваімі вушамі чуў.

 Сцяпан: Ну, калі так… Найвыдатнейшага розуму чалавек.

Рыгор: Не кажы, проста другога такога ва ўсім свеце не знайсці. (Напаўняе кілішкі.)

Сцяпан: Не, такога другога няма. Дык вось у мяне ў сувязі з гэтым пытанне.

Рыгора: Задавай.

Сцяпан: Як жыць без яго бу-дзем?

Рыгор (агаломшана): А хіба ён памёр?

Сцяпан: Не, але ж калісь павінен.

Рыгор (пасля паўзы): Так, павінен.

Сцяпан: Дык што?

Рыгор: Не ведаю.

Сцяпан: Вось і я сумняваюся: ці будзем мы, як яго не стане?

Рыгор: А халера яго ведае. Зрэшты, там пабачым. А пакуль давай за яго. (Падымае кілішак.)

Сцяпан: Давай. (Падымае свой.)

Рыгор: Каб жыў, жыў і жыў…

Сцяпан: І каб мы жылі, жылі і жылі…

Рыгор: І не паміралі.

Сцяпан: Так, так. Ты ўяўляеш, колькі я помнікаў залью, калі не памру?

Рыгор: Колькі?

Сцяпан (ускоквае на ногі): Мільёны!

Рыгор: Ну?

Сцяпан: Нават больш. (Размахвае рукамі.) Прыкінь: за дзень я заліваю дваццаць пяць помнікаў, сёння нават дваццаць шэсць заліў, дырэктар грамату ганаровую абяцаў, во (паказвае пальцам), на сценку павешу. А за год колькі залью, га?

Рыгор: За год? Калі за дзень дваццаць пяць, дык за год… (Лічыць у розуме, але, відавочна, нешта не сходзіцца, бо спачатку грызе пазногці на руцэ, потым энергічна чэша патыліцу і ў рэшце рэшт прызнаецца.) Цяжкая, бляха, задачка. Зрэшты, калі ў пляшкі перавесці, дык выходзіць (тужыцца, як парадзіха)… э-э-э… м-м-м… чатырыста скрыняў.

Сцяпан: Во! А за дзесяць гадоў! А за сто! За тысячу! Га? Гэта ж незлічоная колькасць помнікаў. (Хапаецца за галаву.)

І тут, без званка ў дзверы, страшэнна шоргаючы каменнымі асновамі, усоўваюцца помнікі, рознай канфігурацыі, велічыні і колеру. Іх столькі, што неўзабаве яны засланяюць сабой усё, так што акрамя іх больш на сцэне нікога і нічога не застаецца.

ЗАСЛОНА.

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

«Калі цяпер херова, значыць, гэта яшчэ не канец». Пагутарылі з эпатажным «святаром XXI стагоддзя», пра якога не было чуваць пяць гадоў пасля арышту

«Калі цяпер херова, значыць, гэта яшчэ не канец». Пагутарылі з эпатажным «святаром XXI стагоддзя», пра якога не было чуваць пяць гадоў пасля арышту

Усе навіны →
Усе навіны

У Жытоміры прагучаў моцны выбух1

«Ён міністр з часоў нараджэння Хрыстовага і яшчэ ні разу не сказаў нічога вартага». Марк Рутэ без дыпламатыі выказаўся пра Сяргея Лаўрова4

Экс-караля хіп-хопа P. Diddy апраўдалі па абвінавачванні ў гандлі людзьмі. Але яму ўсё адно пагражае 20 гадоў турмы

Генсак НАТА адрэагаваў на рашэнне ЗША прыпыніць частку вайсковай дапамогі Кіеву3

У вёсцы пад Оршай пры падрыхтоўцы да Дажынак знішчылі гістарычныя будынкі3

Санкцыйная палітыка адміністрацыі Трампа дазваляе Расіі папаўняць вайсковы бюджэт3

Муж Маргарыты Ляўчук быў паранены на фронце5

Зяленскі пазбавіў украінскага грамадзянства мітрапаліта УПЦ Ануфрыя5

На мінскай Камароўцы ў два разы патаннелі лісічкі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Калі цяпер херова, значыць, гэта яшчэ не канец». Пагутарылі з эпатажным «святаром XXI стагоддзя», пра якога не было чуваць пяць гадоў пасля арышту

«Калі цяпер херова, значыць, гэта яшчэ не канец». Пагутарылі з эпатажным «святаром XXI стагоддзя», пра якога не было чуваць пяць гадоў пасля арышту

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць