Меркаванні55

Вайсковая слава і бясслаўе гісторыкаў

У нашай даўняй гісторыі няма іншай падзеі, якая б стала падобным сымбалем і выклікала столькі ж вострых баталій, як бітва пад Воршай. Гэта вялікая перамога над намнога большым маскоўскім войскам, здабытая ў абарончай вайне, на сваіх землях і сваёй жа арміяй, кіраванай сваім (праваслаўным!) гетманам. Піша Генадзь Сагановіч.

У нашай даўняй гісторыі няма іншай падзеі, якая б стала падобным сімвалам і выклікала столькі ж вострых баталій, як бітва пад Воршай. Гэта вялікая перамога над намнога большым маскоўскім войскам, здабытая ў абарончай вайне, на сваіх землях і сваёй жа арміяй, кіраванай сваім (праваслаўным!) гетманам. Пачынальнікі беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі бачылі ў ёй лепшы доказ гістарычнай нятоеснасці беларусаў і вялікарусаў. А для гісторыкаў расейскіх, наадварот, яна была ці не самай «нязручнай» падзеяй, што ніяк не ўпісвалася ў канцэпцыю «адзінага славянарасійскага народу». Вось жа стаўленне да гэтай бітвы ў самой Беларусі і вызначалася змаганнем расійскага бачання з беларускім.

Пасля разгрому «нацдэмаўскай» гістарыяграфіі і ўсталявання савецкай гістарычнай дактрыны Ворша была табуяванай тэмай, – да абвяшчэння дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі. Толькі тады «забытая» сеча вярнулася ў падручнікі, была ацэненая як «вялікая перамога” ваяроў, што «баранілі незалежнасць сваёй дзяржавы, свае хаты і сем’і». У першай палове 1990-х гадоў, пры хоць якой дэмакратыі, пра Аршанскую бітву ў нас пісалася болей, чым пра якую іншую падзею айчыннай гісторыі. І штогод колькасць публікацыяў пра яе ў перыёдыцы падвойвалася!

З прыходам А. Лукашэнкі ды яго курсам на рэінтэграцыю з Расіяй стаўленне да бітвы дыяметральна змянілася. Мясцовыя адэпты «трыадзінарускасці» зноў узяліся цвердзіць, быццам бітва пад Воршай не вартая і памяці, бо была … «братазабойчай». Трашчанок так і піша: войны Масквы супраць ВКЛ «нельга прадстаўляць як беларуска-рускія сутыкненні, у якіх рускі бок быў агрэсарам», гэта – «зламысная фальсіфікацыя!” Дык кім жа тады быў «рускі бок» у распачатых ім жа войнах?

Для цяперашніх трубадураў «Вялікай Расіі», як і для іх ідэйных айцоў з ХІХ ст., межы «рускага» народа вызначала праваслаўе, таму, маўляў, агрэсія Масквы супраць Вялікага Княства была справядлівай барацьбой за «ўз’яднанне» зямель Русі ў адной дзяржаве. Але акурат Аршанская бітва і бурыць падобны тэзіс пра праваслаўе як падставу таго «адзінства» ды справядлівы характар войнаў «за ўз’яднанне».

Вось жа ў ХVІ ст. для нашых продкаў было натуральным не толькі помніць пра перамогу пад Воршай, але і ганарыцца ёю. Праваслаўны летапісец дзякаваў гетману Астрожскаму за тое, што яго стараннямі «маскоўскага ворага пабілі», і ставіў маскавітаў у адзін шэраг з бусурманамі. У эпоху жорсткага супрацьстаяння з Масквою сечу 1514 году часта згадвалі ў гераічным кантэксце, называючы «вялікай бітвай Аршанскай». Падзея, якая ўжо тады набыла сімвалічнае значэнне, вартая таго, каб быць ключавым топасам беларускага нацыянальнага наратыву. Таму эпігоны заходнерусізму і стараюцца любым чынам затушаваць ці маргіналізаваць яе. То цвердзяць, быццам армію Астрожскага складала толькі польская і літоўская шляхта, а беларусы калі і былі, дык «паднявольныя», то што бітва не мела аніякага значэння…

Ніхто не скажа дакладна, якую частку пераможнага войска складалі вершнікі з Беларусі, але гэта не мае прынцыповага значэння. Прынцыповы факт масавага ўдзелу ў бітве праваслаўнай беларускай шляхты (а пад Воршу прыйшло паспалітае рушанне з усіх земляў ВКЛ!) і тое рэха, якое яна выклікала ў тагачаснай Беларусі. Шляхта ж (а яна па вызначэнні не бывала «паднявольнай») незалежна ад этнічнага паходжання лічыла ВКЛ сваёй дзяржавай і бараніла, бо даражыла яго палітычным ладам.

Што ж да значэння, то хоць перамога і не стала вырашальнай у вайне, яна спыніла маштабны наступ маскоўскай арміі ўглыб краю і дапамагла вызваліць гарады Ўсходняй Беларусі, а ў далейшым – і паспрыяла развалу небяспечнага ваеннага альянсу Масквы з імперыяй Габсбургаў, які пагражаў існаванню ВКЛ. Так што пафасныя словы падручніка пра абарону суверэнітэту зусім не беспадстаўныя.

Менавіта бітве пад Воршай выпала асаблівая роля ў фармаванні сучаснай беларускай тоеснасці. Ніводная іншая падзея не выклікае такога канфлікту ідэнтычнасцяў – беларускай і расійскай. У стаўленні да яе і выяўляецца, хто кім сябе ідэнтыфікуе. Для адных гэта «святая бітва за Бацькаўшчыну”, для другіх – «эпізод унутрырускай міжусобіцы». І звесці іх немагчыма.

Каментары5

Цяпер чытаюць

Затрымалі кіраўнікоў івэнт-кампаній. Адзін з іх дапамагаў ладзіць канцэрты ў падтрымку Лукашэнкі11

Затрымалі кіраўнікоў івэнт-кампаній. Адзін з іх дапамагаў ладзіць канцэрты ў падтрымку Лукашэнкі

Усе навіны →
Усе навіны

«Толікаў» можна было хоць неяк кантраляваць». Беларусы тлумачаць калапс на мяжы новым «бізнэсам»33

«Пазыкі ўзялі, вярнуць не могуць». Лукашэнка растлумачыў, што не так рабіў на «Амкадоры» Аляксандр Шакуцін2

«Белджы» адмовіўся ад ідэі серыйнага выпуску першага беларускага электрамабіля7

Барысаўцы скардзяцца, што ім забаранілі прадаваць дамы — іх збіраюцца зносіць і будаваць шматпавярховікі3

Джэй Дзі Вэнс зноў будзе прысутнічаць пры размове Трампа з Зяленскім. Ці надзене Зяленскі гальштук?11

У Магілёўскай вобласці жанчыны трапілі ў бальніцу пасля падпольных уколаў прыгажосці2

Трамп ледзь не сарваў перамовы на Алясцы праз нязгоду з Пуціным па Данбасе4

МУС Польшчы: Апастыль на дакументах для беларусаў не патрэбны ў любым выпадку. ЗАГСы ўсё няправільна зразумелі3

Адзін з самых уплывовых мастакоў свету Ай Вэйвэй наведаў Украіну і пабываў на фронце1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Затрымалі кіраўнікоў івэнт-кампаній. Адзін з іх дапамагаў ладзіць канцэрты ў падтрымку Лукашэнкі11

Затрымалі кіраўнікоў івэнт-кампаній. Адзін з іх дапамагаў ладзіць канцэрты ў падтрымку Лукашэнкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць