Свет4747

У ЗША і Еўропе адрэагавалі на абвяшчэнне незалежнасці Каталоніі

Дзяржаўны дэпартамент ЗША заявіў, што Каталонія з'яўляецца неад'емнай часткай Іспаніі, паведамляе ВВС.

«Злучаныя Штаты падтрымліваюць канстытуцыйныя меры іспанскага ўрада, накіраваныя на тое, каб Іспанія заставалася моцнай і адзінай», — заявіла прэс-сакратар Дзярждэпартамента Хезер Ноэрт.

Старшыня Еўрапейскай рады Дональд Туск заявіў, што Іспанія «застаецца адзіным суразмоўцам» для ЕС.

«Для ЕС нічога не змянілася. Іспанія застаецца нашым адзіным суразмоўцам. Я спадзяюся, што іспанскі ўрад аддасць перавагу сіле аргументаў, а не сіле як аргументу», — напісаў Туск у твітары.

Германія не прызнае аднабаковае абвяшчэнне незалежнасці Каталоніі, паведаміў прэс-сакратар урада ФРГ Штэфен Зіберт. Ён заклікаў Мадрыд і Барселону да дыялогу.

«Федэральны ўрад не прызнае такую дэкларацыю незалежнасці, — заявіў Зіберт. — Суверэнітэт і тэрытарыяльная цэласнасць Іспаніі з'яўляюцца і заўсёды будуць недатыкальнымі».

«Мы спадзяёмся, што залучаныя бакі выкарыстоўваюць усе наяўныя магчымасці для дыялогу і зніжэння напружанасці», - дадаў ён.

Міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін выказаў падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасці Іспаніі.

«Украіна падтрымлівае дзяржаўную незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць Іспаніі ўнутры яе міжнародна прызнаных межаў», - напісаў ён у сваім твітары.

У іншым паведамленні ён адзначыў, што Украіна падтрымлівае меры іспанскага ўрада па вырашэнні крызісу ў адпаведнасці з канстытуцыяй, прыхільнасцю закону і павагай да правоў усіх грамадзян».

Услед за іншымі еўрапейскімі краінамі аб непрызнанні незалежнасці Каталоніі заявіла Вялікабрытанія.

«Злучанае Каралеўства не прызнаé і не прызнáе дэкларацыю незалежнасці, абвешчаную рэгіянальным парламентам Каталоніі. Яна заснаваная на галасаванні, прызнаным нелегальным іспанскім судом. Мы хацелі б і ў далейшым бачыць вяршэнства закона, павагу іспанскай канстытуцыі і захаванне цэласнасці Іспаніі», — гаворыцца ў заяве брытанскага ўрада.

Жан-Клод Юнкер заявіў аб неабходнасці прадухіліць падзел дзяржаў Еўрасаюза.

«Я не хачу заўтра аказацца ў сітуацыі, калі ЕС складаецца з 95 розных дзяржаў. Нам трэба пазбегнуць раздробненасці, у нас і так іх дастаткова», — заявіў старшыня Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер, які знаходзіцца ў Французскай Гвінеі разам з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам.

Эмануэль Макрон заявіў аб сваёй поўнай падтрымцы Мар'яна Рахоя.

«Я заўсёды казаў, што ў мяне адзін суразмоўца ў Іспаніі. Гэта прэм'ер Мар'яна Рахой, — сказаў Макрон. — У Іспаніі дзейнічаюць законы, палажэнні канстытуцыі. Рахой хоча, каб гэтыя законы паважаліся, і я яго цалкам падтрымліваю».

Адзін з нешматлікіх галасоў, якія выказаліся ў падтрымку незалежнасці Каталоніі, прагучаў з Шатландыі.

«Мы разумеем і паважаем пазіцыю каталонскага ўрада. Хоць у Іспаніі ёсць права выступаць супраць незалежнасці, народ Каталоніі павінен мець магчымасць вырашаць сваю ўласную будучыню», — заявіла міністр па справах культуры, турызму і знешніх сувязяў ва ўрадзе Шатландыі Фіёна Хіслап.

«Сённяшняе абвяшчэнне незалежнасці здарылася толькі пасля таго, як пастаянныя заклікі да дыялогу былі адпрэчаныя. Цяпер, больш чым калі-небудзь, прыярытэтам для тых, хто лічыць сябе сябрамі і саюзнікамі Іспаніі, павінна быць заахвочванне працэсу дыялогу, каб знайсці выхад, які паважае дэмакратыю і вяршэнства права. Увядзенне прамога праўлення не можа быць рашэннем і павінна стаць прычынай для турботы ўсім дэмакратам. У ЕС ёсць палітычны і маральны абавязак падтрымліваць дыялог для выяўлення таго, як можна вырашыць сітуацыю мірна і дэмакратычна», — дадала яна.

Дарэчы, ні Крэмль, ні МЗС Расіі пакуль ніяк не пракаментавалі абвяшчэнне незалежнасці Каталоніяй. Трэба дадаць, што расійскія дзяржаўныя СМІ з сімпатыяй выказваліся пра імкненні Каталоніі да незалежнасці і параўноўвалі сітуацыю з Крымам.

Каментары47

Цяпер чытаюць

«Яна даўнавата ў Беларусі». Бацька Анжалікі Мельнікавай прызнаўся, што яна жывая і здаровая103

«Яна даўнавата ў Беларусі». Бацька Анжалікі Мельнікавай прызнаўся, што яна жывая і здаровая

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка расказаў, што амерыканцы думаюць над купляй Нежынскага рудніка калійных соляў8

Лукашэнка заявіў, што Трамп яго запрасіў у Фларыду7

У Купянску знішчылі ўсю групу расіян, якая некалькі месяцаў сядзела ў разбомбленай бальніцы. Не выйшаў ніхто4

«Сапраўдныя бандзюганы». Лукашэнка расказаў пра аперацыю па затрыманні кантрабандыстаў на мяжы8

Палітвязняў пачалі масава выпускаць з калоній і з хімій6

Лукашэнка заявіў пра гатоўнасць вярнуць захопленыя літоўскія фуры6

Лукашэнка пра «вялікую здзелку» з ЗША: Гэта не толькі палітвязні20

Памёр украінскі патрыярх Філарэт1

Чака Норыса экстранна шпіталізавалі на Гаваях пасля цяжкой медыцынскай сітуацыі3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Яна даўнавата ў Беларусі». Бацька Анжалікі Мельнікавай прызнаўся, што яна жывая і здаровая103

«Яна даўнавата ў Беларусі». Бацька Анжалікі Мельнікавай прызнаўся, што яна жывая і здаровая

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць