Грамадства2020

Мінчанка: Я ледзь не страціла дзіця праз працадаўцу. А цяпер ён ідзе ў дэпутаты і абяцае абараняць правы работніц!

У Рэдакцыю звярнулася мінчанка Іна Сінкевіч, якая вырашыла апублічыць гісторыю, што адбылася ў 2015 годзе. Падштурхнула яе да гэтага знаёмае прозвішча ў спісе кандыдатаў у Мінгарсавет: Вячаслаў Кузняцоў, намеснік дырэктара Мінскага механічнага завода па рэжыме, кадрах і ідэалагічнай працы. Вылучаецца ён ад Партыі працы і справядлівасці.

«Я працавала на механічным заводзе бухгалтаркай. У 2015 годзе зацяжарыла і пачала рабіць абследаванні. Адно з іх паказала, што ў мяне пагроза страціць дзіця вышэй за сярэднестатыстычную. Я звярталася да розных дактароў з вынікамі гэтага абследавання, і мне раілі перавесціся на скарочаны працоўны дзень, — распавядае Іна. — Так, бухгалтар — даволі лёгкая кабінетная прафесія, але каб усё было добра з дзіцём, варта было перавесціся».

Працэдура пераводу не вельмі складаная, але неабходныя паперкі мусяць быць, без іх скарочаны дзень ніхто не прызначыць. Іне трэба было прынесці ў жаночую кансультацыю ці выпіску з атэстацыі працоўных месцаў, ці вытворчую характарыстыку працоўнага месца.

«Спачатку я звярнулася ў аддзел аховы працы з просьбай зрабіць мне выпіску. Больш за месяц мне не адказвалі, таму я накіравала заказны ліст да начальніка аддзела кадраў. Потым мяне паклікалі ў аддзел аховы працы і сказалі, што гэтая атэстацыя не рабілася, што на прадпрыемстве жанчыны ніколі не прасіліся на скарочаны працоўны дзень, што няма падстаў мяне пераводзіць і што мне гэта ўвогуле не трэба. Карацей, адмовілі. Я асабліва не абуралася, бо ведала, што мой ліст ужо мусіць быць у аддзеле кадраў», — працягвае Іна.

Але адказу з аддзела кадраў яна так і не дачакалася, бо патрапіла ў шпіталь.

«Гэта быў пяты месяц цяжарнасці. На гэтым тэрміне дзеля захавання цяжарнасці робяць аперацыю: зашываюць шыйку маткі. Я пагадзілася, бо гэта лічыцца паспяховай мерай, дзякуючы якой цяжарнасць захоўваецца ў 70% выпадкаў. Калі я прачнулася пасля наркозу, мне сказалі, што справы кепскія: калі да канца тыдня захаваецца цяжарнасць, то ў мяне будзе дзіця, а калі не, то не», — прыгадвае Іна.

Праз тыдзень ёй удалося захаваць цяжарнасць, аднак пачалі адыходзіць воды. Жанчына цудам пазбегла аборту і наступныя два месяцы праляжала ў шпіталі. На сёмым месяцы цяжарнасці яна нарадзіла дзіця.

«Калі выйшла са шпіталя, я накіравала зварот у Дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы. У адказе адзначалася, што працадаўца парушыў 51 артыкул Працоўнага кодэкса [неабходныя работніку дакументы ён мусіў выдаць цягам пяці дзён — Рэд.]. З гэтай паперай я звярнулася да працадаўцы з заявай аб звальненні, але ў ёй не ўказала прычыну, таму мяне звольнілі без выхадной дапамогі, — тлумачыць Іна. — Я судзілася праз гэта, але працадаўца адмаўляў парушэнне. З вельмі вялікай цяжкасцю ўдалося даказаць, што 9+5 не раўняецца 26. Гэта даты месяца, у якія я вяла карэспандэнцыю. Сам гэты факт я даказала, але ён мне нічога не даў, грошы я не вярнула».

Цяпер Іна рыхтуецца да яшчэ аднаго суда па гэтай справе, бо ў яе з’явіліся новыя матэрыялы, якія, магчыма, змогуць паўплываць на рашэнне суда.

Але больш за ўсё ў гэтай сітуацыі жанчыну абурае той факт, што намеснік дырэктара Мінскага механічнага завода Вячаслаў Кузняцоў, які, як сцвярджае Іна, калісьці не даў ёй перавесціся на скарочаны працоўны дзень, цяпер ідзе ў дэпутаты ад Партыі працы і справядлівасці. А ў праграме гэтай партыі ў трэцім пункце, што тычыцца сацыяльнай палітыкі, асобным падпунктам значыцца: «Права жанчын на скарочаны працоўны дзень».

Мы звязаліся з Вячаславам Кузняцовым, але падрабязна патлумачыць сітуацыю ён пагадзіўся толькі пры асабістай сустрэчы. Тым не менш ён зазначыў, што не лічыць правільным звязваць адносіны работніка завода з прадпрыемствам і дэпутацкую дзейнасць. А таксама дадаў, што яго пазіцыя была выказаная рашэннямі суда, якія ён не збіраецца аспрэчваць.

Чытайце таксама:

57 кандыдатаў, якія будуць абраныя ў Мінгарсавет — праверце спіс пасля выбараў ПРАГНОЗ «НН»

Каментары20

Цяпер чытаюць

Хто ўзяў новую «Джылі» з салона ў крэдыт і праз год-два не шкадуе? Меркаванні падзяліліся6

Хто ўзяў новую «Джылі» з салона ў крэдыт і праз год-два не шкадуе? Меркаванні падзяліліся

Усе навіны →
Усе навіны

«Я адразу закахалася ў ягоныя вочы». Жонка-украінка і сябар расказваюць пра загінулага беларускага добраахвотніка Васіля «Дзіра» Рапіцкага2

Аляксандр Рыбак заняў у нарвежскім адборы на «Еўрабачанне» другое месца

ЗША могуць часова зняць санкцыі з расійскай нафты19

29‑гадовую мадэль і псіхолага з Гомеля асудзілі за палітыку. Меркавана, за Гаюна4

Як улады Мінска зразумеюць, у каго жывуць незарэгістраваныя сабакі? Разлік на неабыякавых суседзяў6

ВПС Ізраіля нанеслі ўдар па ўніверсітэце, які рыхтуе афіцэраў для Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі

У цэнтры Мінска прадаюць кватэру з выхадам на дах з санвузла. Другой такой у горадзе няма2

Беларуска кліча на вяселле зорку «Універа», які за вайну. Упрэгся ўвесь Threads14

Беларуска прасіла блізкіх патроху перавозіць у Польшчу яе зберажэнні. А потым купіла кватэру — і банк заблакаваў 250 тысяч еўра23

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто ўзяў новую «Джылі» з салона ў крэдыт і праз год-два не шкадуе? Меркаванні падзяліліся6

Хто ўзяў новую «Джылі» з салона ў крэдыт і праз год-два не шкадуе? Меркаванні падзяліліся

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць