Культура22

Тэатар без пралетарыяту і буржуазіі

Пра прэм’ерны паказ спэктаклю Анатоля Шурпіна «Хто пакахае мадам» піша Андрэй Расінскі.

П’есам Анатоля Шурпіна, складзеным 13 гадоў таму, доўга не шанцавала. У тэатральных колах іх ведалі, усяляк хвалілі — але ставіць ніхто не рызыкаваў.

Толькі ў малой ступені гэта зьвязана зь яршыстым характарам драматурга, які на пачатку 1990‑х прыехаў з Баранавіч у Менск і хутка заявіў пра сябе, прыдумаўшы тэатар блефу.

У гэтым тэатры няма каўтуна і кананічных лапцяў, кірзавых ботаў і гімнасьцёрак, побытавага шчасьця, прапахлага порахам, — і выцьця над доляй народнаю. Адсутнічаюць і падпольныя, актуальна‑палітычныя сьпевы дый арыштаваныя гледачы. Драматург прызнаўся, што ня любіць «пралетарыят і буржуазію». Але букалічнымі пэйзажамі захапляецца ў яшчэ меншай ступені.

Тэатар блефу — гэта арыстакратыя ў чаканьні гільятыны, царызм перад сконам, карнавал мёртвых душаў (з ідэальнай мэерхольдаўскай пастаноўкаю «Рэвізора»).

…Зьляканыя арыстакраты запрашаюць доктара Гіятэна (менавіта так — бязь «ль»), каб ён спыніў «эпідэмію свабоды». Ветлівы доктар бярэцца за справу й так захапляецца, што адсякае галовы й прадстаўнікам паноўных клясаў («Пан Гіятэн»).

…На Каляды сужэнства Недарэзавых зашываецца ад людзей і сьвятла — у задушлівую каморку, каб бавіць час са старымі рэчамі й знайсьці ў лазенцы труп (п’еса «Тра‑та‑та»).

…У кампаніі прыдуманых графіняў і баранэсаў, на банкеце багатых сёстраў Гаргонаў, якія вандруюць па гарадах і крадуць маладосьць («Гульня са Сфінксам»), у абдымку з царом Эдыпам, які не асьляпіў сябе, а, наадварот, ганарыцца інцэстам («Эдып у Агоніі»), — творца ставіць сябе як хаджалы і сьвецкі цынік, што вядзе халодны рэпартаж з апраметнай.

П’еса Шурпіна «Хто пакахае мадам», прэм’ера якой адбылася 16 лістапада ў Тэатры беларускай драматургіі, — першая пастаўленая з даробку драматурга. Пастаўленая па‑беларуску, у перакладзе з расейскай колішняга міністра культуры, пісьменьніка Анатоля Бутэвіча.

П’еса ня мае прыкметаў рэалізму. Аднак яе можна назваць аўтабіяграфічнай. Падчас навучаньня аўтара ва ўнівэрсытэце культуры ды ў Акадэміі мастацтваў прататыпы герояў п’есы — тамтэйшыя выкладчыкі — фігуравалі ў ёй пад сапраўднымі імёнамі. І не былі ад гэтага ў захапленьні. Са скандалам Шурпін зьмяніў унівэрсытэт культуры на Экспэрымэнтальны курс Вячаслава Ракіцкага, на якім гэты тэатразнаўца і рэжысёр у 1990‑я рыхтаваў драматургаў; кідаў і ізноў паступаў у Акадэмію мастацтваў — нарэшце давучыўся там на тэатральнага крытыка.

У п’есе «Хто пакахае мадам» дзьве сюжэтныя рамкі. Першая: тры акторы‑кастраты, якія памятаюць «шчасьлівыя часы імпэратара Дыяклетыяна», ладзяць для шаноўнай баранэсы Штэйн умоўна‑гратэскнае прадстаўленьне. Другая — уласна прадстаўленьне. Каб зэканоміць на прыслузе, а старасьць не здавалася нуднаю, сквапныя ўдовы мадам дэ Лату і фраў Герц жывуць пад адным дахам. Дамы тыраняць служанку Лізавету (прывітаньне «Злачынству і пакараньню») — і чакаюць ласага на грошы абата Івавэра, якога прымроілі…

Дзея адбываецца на фоне чырвоных, як апошняя жарсьць, дэкарацыяў — зь вялізным сэрцам‑акенцам (сцэнаграфія Ігара Анісенкі); пад выбеленымі маскамі‑тварамі; пад хрыпата‑млявую музыку кубрыкаўскага «Зьзяньня» (музычнае афармленьне Цімура Каліноўскага).

Рэжысёр Вэнэдыкт Растрыжэнкаў добра падагнаў п’есу для сцэны, скараціўшы літаратурныя дыялёгі — і сьвядома забыўшыся на абавязковы для беларускага тэатру побыт. Гэта — чысты тэатар, пазбаўлены вясковага й палітычнага прыгону, нязмушаная і свабодная гульня, якая і дазваляе акторам праявіцца напоўніцу, імправізаваць.

Трэба бачыць зьвяглівую грубіянку, інтрыганку з бутэлькаю каньяку — фраў Герц у выкананьні Галіны Чарнабаевай. Як і ейная духоўная сваячка «бэбі Джэйн» (з культавае карціны Рычарда Олдрыча «Што здарылася з бэбі Джэйн»), фраў Герц любіць опэрныя сьпевы (пастаўленыя пад кабарэтныя нумары Марлен Дытрых і Лайзы Мінэлі) ды цешыцца скандаламі.

Затое Тацяна Мархель у ролі мадам дэ Лату — мройліва‑рамантычная, шчымліва‑даверлівая, бяздумная і мэлянхалічна‑імпульсыўная ў трагічнай апошняй помсьце. Ейны голас то дрыжыць, то лашчыць, то зрываецца. У дзівосным капелюшы, багатая, але безнадзейна самотная мадам штодзень пераказвае ўласныя сны і жаданьні блытае зь яваю.

Абат Івавэр узяты ў п’есу не з побытавых сатырычных казак — і нават не з анэкдотаў часоў Адраджэньня. Гэта фікцыя, мроя, юнгіянскі архетып суцяшальніка для сталых жанчынаў. Актор Сяргей Шымко зь неверагоднаю гратэскавай плястыкай грае і абата, і служанку Лізаньку. (У тэатры Валер’я Анісенкі для актораў, каб тыя маглі падтрымліваць форму, зробленыя сілоўня й танцавальная заля!)

Тэрыторыя п’есы — гэта тэрыторыя граху, калі неба замкнёнае, мінулага не вярнуць, засталіся фальшывыя мроі, а ў філіжанцы кавы — адна атрута на ўсіх. Але няслушна лічыць гэта суцэльнай эстэтызацыяй зла, як у шумных гасьцявых пастаноўках Рамана Вікцюка, ад якіх рыдаюць 60‑гадовыя прыхільніцы. Сьледам за Гогалем Шурпін мог бы сказаць: «Мой станоўчы герой — сьмех». І сьмеху гэтага ў п’есе даволі.

А дзякуючы рэжысёру і акторам зьявіўся яшчэ адзін станоўчы герой — спачуваньне. Спачуваньне нязьдзейсьненаму жыцьцю, спыненаму часу, загубленым мроям і зачыненаму прышламу. Гэта ідэальны спэктакль для сёньняшняй Беларусі, якая жыве ў бясчасьсі і для якой перакручаны гратэскавы сьвет — адхланьне. Гэта партрэт эпохі, якую можна палюбіць хоць бы за п’есы Анатоля Шурпіна.

Каментары2

Цяпер чытаюць

Мігранцкі крызіс, арганізаваны Лукашэнкам, — усё? Вось што паказваюць лічбы7

Мігранцкі крызіс, арганізаваны Лукашэнкам, — усё? Вось што паказваюць лічбы

Усе навіны →
Усе навіны

Затрымалі жонку жыхара Слоніма, які скардзіўся на ціск з боку сілавікоў6

Чаму каты заўсёды прызямляюцца на лапы? Навукоўцы знайшлі аргументаваны адказ2

Айцішнік з Гродна выставіў у рэзюмэ на сайце вакансій рэцэпт пельменяў. І прайшоў сумоўе4

У Беларусі здымаюць з продажу некаторыя алкагольныя напоі2

Выйшаў на свабоду палітвязень Аляксей Кубракоў. Сілавікі назвалі яго «кур’ерам Байсола»

Расія папярэджвала Алі Хаменеі пра ўдар, але той нібыта абраў пакутніцкую смерць5

Лясгас запрашае падзарабіць на высадцы лесу. Беларусы здзівіліся аплаце за гэту працу8

Івулін зрабіў тату ў памяць пра Мелказёрава — вось які сэнс стаіць за імі4

Арыштаваны міністр прыроды Сяргей Масляк13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мігранцкі крызіс, арганізаваны Лукашэнкам, — усё? Вось што паказваюць лічбы7

Мігранцкі крызіс, арганізаваны Лукашэнкам, — усё? Вось што паказваюць лічбы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць