Грамадства

Сідорскі абвясьціў канец эпохі таннага газу?

2 чэрвеня Палата прадстаўнікоў аднагалосна ўхваліла праграму ўраду. За гэтага галасавалі ўсе 104 дэпутаты, якія ўдзельнічалі ў паседжаньні. Уся працэдура абмеркаваньня плянаў дзейнасьці на бліжэйшыя пяць гадоў заняла паўтары гадзіны.

Сярод галоўных кірункаў дзейнасьці ўраду Сяргей Сідорскі разам з пераводам эканомікі на інавацыйны шлях назваў неабходнасьць жорсткай эканоміі энэрганосьбітаў і пошуку энэргаашчадных тэхналёгіяў.

Гэта дало падставу для актуальнага цяпер пытаньня: як ідуць перамовы з «Газпромам»?

Кіраўнік ураду паведаміў дэпутатам:

(Сідорскі: ) «Учора мы скончылі чарговы раўнд перамоваў з «Газпромам». Яны ідуць у добрай канструктыўнай форме. Мы задаволеныя іх хадой. Учора «Газпром» пацьвердзіў, што хацеў бы зьняць пытаньні зь «Белтрансгазам», як суб’ектам гаспадараньня. І гэта добры пасыл. А таксама «Газпром» лічыць, што цэны для Беларусі, як і для іншых дзяржаваў, мусяць быць камэрцыйныя. Узровень цэнаў вызначаецца ў перамоўным працэсе».

Прэм’ер таксама сказаў, што на перамовах выпрацоўваецца тэхналягічны ланцуг – ад удзелу Беларусі ў здабычы газу на тэрыторыі Расеі (12–15 мільярдаў кубічных мэтраў), у яго транспартыроўцы, у трыманьні ў сховішчах, да рэалізацыі паліва, у тым ліку й на экспарт. І гэтая пазыцыя, паводле Сяргея Сідорскага, прынятая «Газпромам».

Вядомы беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў лічыць, што цэны на энэрганосьбіты, перадусім на газ, вельмі моцна будуць уплываць на эканоміку. Паводле ягоных разьлікаў, падвышэньне кошту газу да 120–140 даляраў уздыме кошт прадукцыі як найменей на 15–20%.

(Злотнікаў: ) «А калі 200 даляраў, дык гэта ўжо будзе трагічна. Таму што беларускія тавары ўжо і так неканкурэнтаздольныя ў многіх галінах вытворчасьці».

Ня верыць спадар Злотнікаў і ў стварэньне газавага ланцужка, пра які казаў беларускі прэм’ер. Па-першае, на думку эканаміста, расейцы проста не захочуць дапусьціць любога замежніка да здабычы газу. А па-другое:

(Злотнікаў: ) «Гэта не такая ўжо простая справа – усё гэта арганізаваць. І патрэбна ўлічваць неабходнасьць вялікага першапачатковага капіталу. І калі падлічыць сабекошт плюс першапачатковыя ўкладаньні, дык, мая ацэнка: гэта ня будзе эканамічна выгадна для Беларусі».

Яшчэ адзін эканаміст, Яраслаў Раманчук, зьвяртае ўвагу на тое, што прэм’ер Сідорскі фактычна агучыў толькі тыя задачы, што абмяркоўваліся на Трэцім усебеларускім народным сходзе:

(Раманчук: ) «Ён павінен быў канкрэтызаваць тыя задачы, якія паставіў Лукашэнка. Сідорскі гэтага рабіць ня можа. Бо калі б ён пачне лібэралізацыю, дык гэта ўвойдзе ў канфлікт з ідэалёгіяй самога рэжыму».

Радыё Свабода

Каментары

Цяпер чытаюць

На волі Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Марына Золатава, Алесь Бяляцкі, Максім Знак! Агулам вызвалены 123 палітвязні

Усе навіны →
Усе навіны

Коўл пра перамовы з Лукашэнкам: Гаварылі пра будучыню і пра тое, як нармалізаваць адносіны18

ЗША здымаюць санкцыі з беларускага калію51

Прэм’ер-міністр Тайланда заявіў, што вайна з Камбоджай працягнецца

Чэлентана, Беёнсэ, Лэдзі Гага і нават «Ласкавы май» — што ў плэйлісце Нікола Пашыняна

На юрфаку БДУ па-ціхаму разжалавалі дэкана-даносчыка2

У Індыі фанаты ўчынілі пагром пасля сарванага выхаду Ліянэля Месі1

Сустрэча Лукашэнкі і Коўла працягваецца сёння5

ЕС адмовіўся ад забароны бензінавых аўтамабіляў да 2035 года

Украіна вырашыла да канца года ліквідаваць інтэрнацыянальныя легіёны11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На волі Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Марына Золатава, Алесь Бяляцкі, Максім Знак! Агулам вызвалены 123 палітвязні69

На волі Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Марына Золатава, Алесь Бяляцкі, Максім Знак! Агулам вызвалены 123 палітвязні

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць