Інстытут гісторыі: Мы супраць работы, накіраванай на раскрыццё ўсіх западзін, якія ёсць у Курапатах
Інстытут гісторыі НАН Беларусі падрыхтаваў зборнік дакументаў і матэрыялаў аб месцы палітычных рэпрэсій Курапаты. Неўзабаве яго апублікуюць. Пра гэта паведаміў Tut.by намеснік дырэктара па навуковай рабоце інстытута Вадзім Лакіза. Ён жа распавёў пра сваё стаўленне да добраўпарадкавання ўрочышча.

У 2018 годзе, калі пачалося добраўпарадкаванне Курапатаў, Інстытут гісторыі Акадэміі навук Беларусі быў задзейнічаны ў працах ва ўрочышчы. Пра гэта распавёў намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза.
Заказчыкам работ была Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, якая працавала над устаноўкай у Курапатах помніка ахвярам палітычных рэпрэсій. Спецыялісты Інстытута гісторыі правялі археалагічныя даследаванні на месцы ўстаноўкі памятнага знака.
— Рабілі гэта, каб выключыць любую магчымасць наяўнасці ў тым месцы пахаванняў — там іх не было. Вадзім Кошман, які атрымліваў дазвол на працы, вынікі адлюстраваў у справаздачы.
Вадзім Лакіза дадаў, што Інстытут гісторыі падрыхтаваў зборнік дакументаў і матэрыялаў пра Курапаты.
— Спадзяюся, што вось-вось гэты зборнік дакументаў будзе апублікаваны і ён пралье святло на многія пытанні.
На пытанне, ці не збіраюцца Інстытут гісторыі ці Міністэрства культуры ініцыяваць спробу высветліць імёны і колькасць людзей, якія пахаваны ва ўрочышчы Курапаты, Вадзім Лакіза адказаў:
— Колькасць мы ніколі дакладна не даведаемся. Спрэчкі застануцца, але сказаць, колькі менавіта людзей там пахавана, немагчыма. Я асабіста і мае калегі будзем заўсёды супраць работы, накіраванай на раскрыццё ўсіх западзін, якія ёсць у Курапатах. Там забітыя людзі пахаваныя, не трэба трывожыць іх. Зроблена вельмі шмат, каб паказаць, што там было. Асобы ўстанавіць у большасці немагчыма: па тых прадметах, якія былі выяўлены, — устаноўлены толькі два прозвішчы. Гэта ўсе імёны, што ёсць з амаль тысячы ідэнтэфікаваных людзей.

Наконт добраўпарадкавання, якое цяпер праходзіць у Курапатах, у Інстытут гісторыі ніхто не звяртаўся.
— У Інстытут гісторыі не звярталіся, таму што гэта не рэгламентуецца заканадаўствам. Гэта гісторыка-культурная каштоўнасць, і ў адносінах да яе прапісаныя механізмы, алгарытмы дзеянняў: ёсць уласнік, ёсць пашпарт. Чаму там так усё адбываецца? Я не магу сказаць. Асабіста я і многія мае калегі бы так не рабілі. Курапаты — гэта месца, якое павінна аб’ядноўваць грамадства. Можна было б зрабіць па-іншаму (добраўпарадкаванне. —TUT.BY), але ад нас гэта на сённяшні дзень не залежыць.
Вадзім Лакіза заклікаў ставіцца да Курапатаў больш узважана, асцярожна і несуб'ектыўна.
— Камусьці будзе падабацца помнік, камусьці не. Камусьці будзе падабацца агароджа, камусьці не. І як вырашыць гэтае пытанне?
Каментары