Надвор'е66

Навукоўцы: Грыбоў і ягад сёлета будзе мала

Навуковы супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Таццяна Майсеева расказала БелТА пра сёлетні ўраджай грыбоў і ягад у Беларусі.

«Красавік, май і чэрвень былі засушлівымі амаль па ўсёй краіне, тэмпература паветра перасягала кліматычную норму. Усё гэта, вядома, аказала свой уплыў на ўраджай грыбоў і ягад. Грыбы з'явіліся ў канцы красавіка — пачатку мая, асабліва па поўдні Беларусі, але хутка прапалі з-за такога анамальнага надвор'я. Калі мы ў сярэдзіне чэрвеня складалі прагнозы для Мінпрыроды, у Брэсцкай, Гродзенскай, Мінскай і Віцебскай абласцях па ўсіх відах рэсурсаўтваральных грыбоў (белы грыб, лісічка звычайная, падбярозавік, падасінавік і апенька асенняя) прагнозы былі сярэднія, а ў Гомельскай і Магілёўскай — ніжэй за сярэдні. Ліпень, які лічыцца самым гарачым летнім месяцам, таксама не парадаваў надвор'ем: даволі халаднавата, часта ідуць дажджы. З аднаго боку, можна сказаць, што для грыбоў гэта добра, але з другога — многія з іх, напрыклад лісічкі, рыжыкі, любяць цяпло і не любяць празмерную вільгаць. Для іх найбольш спрыяльнае цёплае надвор'е і калі дождж імжыць», — сказала Таццяна Майсеева.

Яна адзначыла, што грыбны пік у Беларусі звычайна прыпадае на жнівень-верасень.

«Гэта самыя грыбныя месяцы, таму што да летніх грыбоў дабаўляюцца асеннія. Якога ўраджаю грыбоў нам чакаць у жніўні-верасні — будзе залежаць ад надвор'я ў бліжэйшыя тыдні. Калі праз тыдзень-другі ўсталюецца цяпло, то і пойдуць грыбы - тыя ж маслякі, сыраежкі, белыя грыбы, падбярозавікі, падасінавікі, махавікі. А ўжо бліжэй да верасня да іх далучацца падгруздкі, радоўкі, грузды, апенькі», — адзначыла вучоны.

Засуха паўплывала і на ўраджай ягад, асабліва па поўдні Беларусі.

«Чарніцы ў гэтым годзе дробныя, іх мала. Ураджай журавін па Брэсцкай, Гомельскай і Віцебскай абласцях сярэдні, па астатніх рэгіёнах — ніжэйшы за сярэдні. Брусніцы і буякі ў лясах не вельмі часта сустракаюцца, асабліва па поўдні Беларусі. У Гомельскай вобласці брусніцы з лясоў наогул знікаюць з-за такіх анамальных тэмператур вышэйшых за кліматычную норму. Нават калі цвіценне брусніц і буякоў вельмі багатае, ураджай бывае ніжэйшы за сярэдні і нізкі. У брусніц у моцную гарачыню часта ападае завязь, у выніку, калі яны к жніўню паспяваюць, ягад застаецца мала. У гэтых адносінах найбольш спрыяльныя ўмовы ў Віцебскай вобласці: калі няма замаразкаў позняй вясной і ранняй восенню, усе ягаднікі даюць добры ўраджай», — звярнула ўвагу Таццяна Майсеева.

Паводле даных Белгідрамета, красавік 2019 года ў Беларусі быў самым сухім за апошнія 75 гадоў. У сярэднім па Беларусі выпала 7 мм ападкаў, што складае 18,2 працэнта кліматычнай нормы. Сярэдняя тэмпература паветра па Беларусі ў красавіку была на 1,5 градуса вышэй за норму — такі высокі паказчык адзначаецца прыкладна адзін раз у 10 гадоў. У маі тэмпература была ў асноўным на 1-2 градусы вышэй за норму. Дажджы былі пераважна кароткачасовымі, недабор ападкаў у маі адзначаўся ў асобных раёнах па паўднёвым усходзе і паўночным захадзе краіны. Сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра за чэрвень перасягнула кліматычную норму на 4,6 градуса. У першы летні месяц адзначаўся недабор ападкаў — 55 працэнтаў кліматычнай нормы, у выніку чаго на рэках краіны назіраўся ў асноўным спад узроўняў вады. Пры гэтым няхватка вільгаці адзначалася ва ўсіх трох дэкадах чэрвеня — выпала 29 працэнтаў, 42 працэнты і 89 працэнтаў кліматычнай нормы адпаведна. У ліпені ж усталявалася халаднаватае дажджлівае надвор'е з тэмпературай паветра ніжэйшай за кліматычную норму.

Каментары6

Цяпер чытаюць

На волі Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Марына Золатава, Алесь Бяляцкі, Максім Знак! Агулам вызвалены 123 палітвязні

Усе навіны →
Усе навіны

Коўл пра перамовы з Лукашэнкам: Гаварылі пра будучыню і пра тое, як нармалізаваць адносіны18

ЗША здымаюць санкцыі з беларускага калію51

Прэм’ер-міністр Тайланда заявіў, што вайна з Камбоджай працягнецца

Чэлентана, Беёнсэ, Лэдзі Гага і нават «Ласкавы май» — што ў плэйлісце Нікола Пашыняна

На юрфаку БДУ па-ціхаму разжалавалі дэкана-даносчыка2

У Індыі фанаты ўчынілі пагром пасля сарванага выхаду Ліянэля Месі1

Сустрэча Лукашэнкі і Коўла працягваецца сёння5

ЕС адмовіўся ад забароны бензінавых аўтамабіляў да 2035 года

Украіна вырашыла да канца года ліквідаваць інтэрнацыянальныя легіёны11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На волі Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Марына Золатава, Алесь Бяляцкі, Максім Знак! Агулам вызвалены 123 палітвязні69

На волі Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Марына Золатава, Алесь Бяляцкі, Максім Знак! Агулам вызвалены 123 палітвязні

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць