Грамадства44

«Калі шанцавала, спявала на трох пахаваннях за тыдзень». Валожынская пеўчая расказвае пра асаблівасці незвычайнай працы 

Валянціне Ланько з вёскі Саланая, што на Валожыншчыне, 88 гадоў. За ўсё жыццё Валянціна Данілаўна не мяняла месца жыхарства, але аб’ездзіла ўвесь Валожынскі раён уздоўж і ўпоперак. Як сказала сама жанчына: «Я бачыла ў труне ўвесь раён». Валянціна Ланько ўжо 40 гадоў спявае на пахаваннях.

«Сёлета, праўда, не была ні на адным. На зіму дзеці забралі ў горад, вясной прывезлі на радзіму. Цяпер тут жыву адна, палю агарод. Ды і слабая ўжо стала. Цяжка спяваць некалькі гадзін запар», — пачынае расповед Валянціна Ланько, дастаючы з шафы сшытак, у якім запісана каля 50 пахавальных песень.

У спеўніку не фальклорныя песні, а хутчэй прыдуманыя за савецкімі часамі нейкімі мясцовымі паэтамі. Але ў душэўнасці ім не адмовіш. 

Пеўчай Валянціна Ланько стала, калі была ўжо немаладой жанчынай.

«Царкву ў нас у вёсцы адбудавалі позна, толькі ў пачатку 80-х гадоў. А я з дзяцінства добра спявала, і ўжо, калі была дарослай, на застоллях спявала, на провадах у армію, на вяселлях. Калі адкрылі царкву, пайшла ў царкоўны хор. Спявала ў царкве. А тады час яшчэ быў такі, бацюшкаў баяліся запрашаць у хаты да нябожчыкаў — забаронена ж было, — вось і прасілі нас, пеўчых, паспяваць царкоўныя песні, каб правесці ў апошні шлях па-чалавечы», ­ — расказвае жанчына.

Валянціна Данілаўна раскрывае сшытак і працягвае:

«Да нябожчыка запрашалі звычайна ў 7 гадзін вечара. Ведаеце, уся ж ноч наперадзе, сваякам яшчэ ўсю ноч ля труны сядзець. А з вечара клопаты нейкія, справы, вось і звалі пеўчых. Спявалі звычайна да 10 гадзін вечара. Пасля раніцай нас прывозілі зноў. Спявалі перад тым, як нябожчыка выносілі з хаты, пасля на могілках, пасля за сталом. Запрашалі і на 40 дзён. І кожны раз спяваліся розныя песні», — расказвае Валянціна.

Ездзіла па пахаваннях Валянціна Ланько разам са сваім шваграм, які таксама прыслужваў у царкве. Пасля яго смерці стала ездзіць адна.

«Я не магу сказаць, што я адна пеўчая на ўвесь раён, але мяне запрашалі часта, спецыяльна па мяне прыязджалі. Кажуць, што я спявала жаласна. І песні ў мяне былі такія, якіх не спяваў ніхто», — кажа Валянціна.

У сшытку пеўчай ёсць песні на смерць мамы і таты, смерць дзяцей, жанчыны і мужчыны, на заўчасную смерць, смерць трагічную. Але ў асноўным гэта агульныя жалобныя песні. І ўсе яны на рускай мове.

«Песні я спачатку перапісвала ў царкве. Пасля мне прывозілі з розных рэгіёнаў. Напрыклад, песню пра маму запісалі недзе пад Івянцом. І я дакладна ведаю, што яе, апроч мяне, ніхто не спявае. Чаму няма на беларускай мове? А хто яго ведае. Якія былі, такія і спявала», — расказвае Валянціна.

Валянціна Ланько, распавядаючы пра традыцыю пахаванняў, раз-пораз паўтарае адну і тую ж фразу: «Што ні край, то свой абыча́й».

Напрыклад, расказвае, што толькі адзін раз давялося бачыць на пахаванні плакальшчыцу:

«Жанчына над труной галасіла, а пасля павярнулася да сваякоў нябожчыка і пытаецца: «Ну як я, хораша плачу?» Я так і не зразумела, для чаго яе пазвалі. На пахаваннях, мне здаецца, і так слёз хапае. Нават я, бывала, не стрымлівалася. Асабліва калі хто са знаёмых паміраў. Адзін выпадак запомніла. У вёсцы такі харошы хлопец быў, моцны. Захварэў, яму на назе зрабілі шэсць аперацый, адрэзалі ўрэшце нагу, здаецца, пачаў папраўляцца, але не стрываў, раптоўна памёр. Вось сяджу я над труной, спяваю, і раптам так шкода яго стала, як стала прыжымаць, слёзы сталі ў горле і паліліся градам. Не магу спяваць, плачу — і ўсё», — успамінае Валянціна Ланько.

Пеўчых на пахаваннях шанавалі, паважалі.

«Ніколі не было такога, каб даводзілася дабірацца самой. Заўсёды прывозілі, адвозілі. Плацілі добра.

Я так скажу: плацілі ў залежнасці ад таго, хто як шанаваў свайго памерлага сваяка. Але я ніколі не называла цаны. Давалі самі, хто па 100, хто па 200 тысяч.

І як было. На пахаваннях перад пеўчымі ставілі толькі шклянку кампоту якога, прамачыць у горле. Ні есці, ні піць гарэлку ніяк не выпадала. Які ж ты п’яны будзеш пявун? Дык гаспадары заўсёды з сабой сумку давалі. І бутэльку, і закуску.

Як часта даводзілася быць на пахаваннях? Ой, калі пашанцуе, дык і па тры разы на тыдзень!» — расказвае Валянціна Ланько.

Жанчына прыгадвае, што калі бывае на вясковых могілках, то абыходзіць магілкі і ўзгадвае пра тое, што і гэтага чалавека хавала, і гэтага.

«Напэўна, колькасць пахаванняў, на якіх я была, набліжаецца да тысячы. Ці жарты ж, па ўсім раёне даводзілася спяваць», — дадае жанчына.

Валянціна Данілаўна кажа, што ніколі не адмаўлялася спяваць на пахаваннях.

«Ну як тут адмовішся, калі ў людзей гора? Бывала, што і сваю працу кідала сярод дня, таму што прыязджалі, прасілі быць у вечары ў другім канцы раёна. Ехала, кідала гаспадарку. А як жа не ўважыць чалавека, калі пеўчых запрашалі наперад за ўсіх? Праўда, так і было. Паміраў чалавек і адразу ехалі па пеўчых, каб не перахапіў ніхто, а толькі пасля ўжо па труну. Калі завуць, значыць, чалавеку важна, каб я была там. А свая праца? Ну, неяк змяркуецца. Толькі калі два нябожчыкі ў дзень збяруцца, то тут ужо ніяк не разарвешся», — кажа жанчына.

Валянціна Данілаўна надзявае акуляры і кажа: «Я вам паспяваю зараз».

«Я ж ад 1983 года ўдава. Муж старэйшы за мяне быў на сем гадоў. Вайну прайшоў. Вярнуўся ў родную вёску ўжо пасля вайны. У 1951 годзе пажаніліся. Па-рознаму жылося, не скажу, каб лёгка. Ды і не было лёгка ніколі. І вайну ж тут перажылі. Так, страшна было, калі немцы сярод ночы ў хату грукаліся. І хто іх ведае, чаго? Можа, з'есці чаго хацелі папрасіць, а бывала, што вось так прыходзілі і ўсю сям’ю перабівалі.

Працы я не баялася ніколі. З дзяцінства ўсю мужчынскую працу рабіла. І баранавала, і касіла. Сорамна было, але адзявала штаны татавы і працавала. Нават хату дапамагала будаваць», — расказвае жанчына.

А вось на пахаваннях сваякоў пеўчая не спявала.

«Ды не таму, што нельга. А проста не да таго было. Як жа будзеш спяваць, калі душышся ад слёз? У мяне з 1983 па 1990 год памерлі і абое бацькоў, і бацькі мужа, і муж, і мая сястра, і пляменнік. Памятаю той дзень, калі пляменнік загінуў. Працавалі ў полі, прыбягаюць людзі і кажуць, што майго пляменніка задушыла машына ў кар’еры. Такое раптоўнае гора. Яго шкадавала ну больш за ўсіх. Але я ніколі не кляла лёс. Наадварот. Я за ўсё жыццё ні разу ж не хварэла, не была саслабелай. Я думаю, таму што ўсё жыццё шкадавала людзей. Ды і па сутнасці мае ж песні — гэта малітвы. Вось цяпер таксама, хоць памалу, але працую, грады сама пасадзіла. Не магу я без працы», — распавядае жанчына.

Валянціна была сярэдняй з трох дачок у сям’і. Бацькі былі беднымі людзьмі. Дапамогі не было ад каго чакаць, таму дзеці з дзяцінства былі прывучаныя да працы.

«Я і скончыла ўсяго шэсць класаў мясцовай школы пасля вайны. Далей вучыцца не пайшла, засталася бацькам дапамагаць па гаспадарцы, працавала ў калгасе кладаўшчыцай. Рана, у 18 гадоў, выйшла замуж. Дачку нарадзіла. Ёй зараз 63 гады, хварэе моцна. Я вось задаю пытанне: за што маёй дачцэ такія выпрабаванні? Яна не ходзіць, амаль саслепла. А яна ж харошая, двух такіх добрых сыноў выгадвала, за ўсё жыццё ні разу ні вусны, ні бровы не фарбавала», — расказвае Валянціна.

Бядуе Валянціна Данілаўна і аб тым, што няма каму пакінуць свае веды, што не патрэбныя цяпер пеўчыя на пахаваннях.

«Ні дачка не цікавілася ніколі, ні праўнучкі цяпер. Не пытаюць, што за сшыткі я захоўваю. Няма каму перадаць уменні. Ды гэта і зразумела. Цяпер жа як хаваюць? Нябожчыка ў хату могуць нават не занесці. З моргу адразу на могілкі. Свет цяпер такі, што не да спеваў», — падсумавала Валянціна Ланько.

Каментары4

Цяпер чытаюць

Сілавікі расказалі, як гродзенскія блогеры трацілі мільён, сабраны нібыта на лячэнне дзіцяці5

Сілавікі расказалі, як гродзенскія блогеры трацілі мільён, сабраны нібыта на лячэнне дзіцяці

Усе навіны →
Усе навіны

У Нацыянальнага мастацкага музея новая дырэктарка. Мінулай была незадаволеная Пяткевіч6

Анджаліна Джалі перайшла мяжу з Украінай пешкі2

Мінскі ГУМ прэзентаваў навагоднія вітрыны1

Грамадзянку Беларусі арыштавалі за незаконны ўвоз авіяцыйных складнікаў з ЗША ў Расію1

Luxvisage адказаў на скаргі расіянак, у якіх нібыта з-за беларускага геля масава выпадаюць бровы4

Назвалі самую бяспечную краіну свету для паездак15

«Зайшла ў залу — і людзі падняліся, пачалі пляскаць». Сем яркіх фота галоўрэда Tut.by Марыны Золатавай да яе 48-годдзя2

Ізраільскі міністр заклікаў яўрэяў пакінуць Нью-Ёрк24

На «Нафтане» ў Наваполацку адбыўся пажар2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сілавікі расказалі, як гродзенскія блогеры трацілі мільён, сабраны нібыта на лячэнне дзіцяці5

Сілавікі расказалі, як гродзенскія блогеры трацілі мільён, сабраны нібыта на лячэнне дзіцяці

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць