Музыка2

Што мы слухалі ў кастрычніку — топ-10 альбомаў месяца АЎДЫЯ 

Традыцыйна напачатку месяца прапануем вашай увазе дзясятку найбольш цікавых, на наш погляд, музычных навінак. Вельмі прыемна, што зноў не абышлося без беларускіх гуртоў. 

Seeed — Bam Bam

Seeed — адзін з найбольш вядомых і паважаных музычных калектываў Германіі.

Стыль гурта вызначыць адназначна складана — гэта нешта паміж рэгі, хіп-хопам і дабам. Адметнасць Seeed у тым, што ў склад калектыву ўваходзіць адразу 11 чалавек: 2 салісты, ды-джэй і вялікая інструментальная каманда.

Bam Bam — шосты альбом у дыскаграфіі гурта, які прыхільнікі чакалі доўгія сем год. 

Nick Cave & The Bad Seeds — Ghosteen

Двайны альбом Ghosteen закрывае своеасаблівую музычную «трылогію», распачатую двума папярэднімі альбомамі гурта, Push the Sky Away і Skeleton Tree.

Галоўнымі лірычнымі тэмамі альбома, па словах Кейва, з'яўляюцца «каханне, пачуццё страты і здольнасць адпускаць».

Варта нагадаць, што падчас запісу папярэдняга альбома загінуў 15-гадовы сын Ніка Кэйва. У Ghosteen Кейв шукае і, здаецца, знаходзіць у сабе жаданне і сілы неяк рухацца кудысьці далей. 

Portico Quartet — Memory Streams

Portico Quartet — гэта чацвёра брытанскіх музыкаў, якія ў сваёй творчасці спалучаюць джаз з электроннай музыкай.

Атрымліваецца з гэтага вельмі смачны і прыгожы кактэйль, а новы альбом крытыкі лічаць найлепшым за апошнія 10 гадоў. 

Relikt — Дрэва жыцця

З выхадам новага альбома гурт Relikt правёў невялічкі рэбрэндынг: для спрашчэння пошуку і ўспрымання ў назве адзінка памянялася на літару «L».

Але на гэтым са зменамі скончана. У музычным плане гэта ўсё тыя ж народныя песні, выкананыя ў фірмовым пазнавальным «рэліктавым» стылі. Што вельмі добра.

Mando Diao — BANG

Шведскі гурт за 20 гадоў свайго існавання, здаецца, да дасканаласці давёў свой гук і стыль. Яны — пазнавальныя, і гэта іх як плюс, так і мінус.

Тыя, хто чакаў нечага новага, кажуць пра тое, што альбом даволі сярэдненькі. Аматараў жа стылю BANG задаволіў, але ўсе сходзяцца на думцы, што гэта далёка не найлепшая работа ў дыскаграфіі шведаў. 

FOALS — Everything Not Saved Will Be Lost: Part 2

У сакавіку першая частка альбома брытанскага гурта FOALS усталявала надзвычайна высокую музычную планку. І другая частка, відавочна, не расчаравала прыхільнікаў — гэта заяўкі на званне найлепшых альбомаў у сваім музычным жанры.

Калі першая частка была больш меладычнай і нью-вэйвавай, то другую FOALS імкнуліся зрабіць больш рокавай і эксперыментальнай. 

Shuma — Me, Mother

У сваім новым альбоме Shuma сабрала старажытныя беларускія песні, якія выкарыстоўваліся жанчынамі ў розных рытуалах, і захавала ўсе моўныя дыялекты.

«Me, Mother» — гукавая містэрыя, прысвечаная калектывам нашай Маці Зямлі, а таксама сваім бацькам і дзецям.

Stereophonics — Kind

Свой адзінаццаты альбом валійцы запісалі ў бровары Ramsbury Brewery & Distillery ў англійскім горадзе Марлбара, графства Уілтшыр, усяго за 11 летніх дзён.

Cigarettes After Sex — Cry

Франтмэн гурта Грэг Гансалес раней прызнаўся, што бачыць другі альбом гурта як фільм, — а крытыкі адзначаюць кінематаграфічнасць і адначасова медытатыўнасць плыткі.

Kanye West — Jesus Is King

Некалі Канье хацеў кінуць чытаць рэп, бо гэта — музыка д'ябла. Але пастар змог пераканаць рэпера і накіраваць творчасць у станоўчую плынь. Рашэнне знайшлося ў выглядзе альбома на рэлігійную тэматыку.

Сёлета Канье Уэст заснаваў госпэл-гурт, які выконвае па нядзелях рэлігійныя песні і каверы на старыя трэкі Уэста. Там жа ўпершыню быў выкананы адзін з трэкаў альбома.

На Каляды Уэст абяцае яшчэ адзін рэлігійны альбом.

Нашы папярэднія агляды:

Каментары2

«Усё так ці інакш будзе вырашацца на полі бою». Чым будзе займацца новая кіраўніца Місіі дэмакратычнай Беларусі ва Украіне?9

«Усё так ці інакш будзе вырашацца на полі бою». Чым будзе займацца новая кіраўніца Місіі дэмакратычнай Беларусі ва Украіне?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць