20 лістапада начальнік расійскага Генштаба Валерый Герасімаў далажыў прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну пра ўзяцце расійскімі вайскоўцамі ўкраінскага горада Купянск. Аднак гэта адмаўляюць не толькі ўкраінскія вайскоўцы — да яго заявы скептычна паставіліся нават расійскія блогеры, якія падтрымліваюць вайну, піша Бі-бі-сі.

«Злучэнні групоўкі «Захад» вызвалілі горад Купянск і працягваюць знішчэнне фармаванняў Узброеных сіл Украіны, акружаных на левым беразе ракі Аскол», — далажыў Герасімаў прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну ў чацвер, перадае «Інтэрфакс».
У сваю чаргу, камандуючы групоўкай войскаў «Захад» Сяргей Кузаўлёў заявіў, што пасля пераходу пад расійскі кантроль Купянска ў ім яшчэ засталіся асобныя разрозненыя групы ўкраінскіх вайскоўцаў.
«Горад знаходзіцца пад нашым кантролем, знішчаюцца асобныя дробныя разрозненыя групы праціўніка», — паведаміў Кузаўлёў Пуціну.
Ён таксама заявіў, што расійскія вайскоўцы не дапусцілі прарыву ўкраінскіх сіл з кола акружэння ў Купянску.
«Праціўнік неаднаразова рабіў спробы дэблакаваць акружаную групоўку, аднавіць пераправы праз раку Аскол, а таксама спрабаваў вырвацца з кальца акружэння. Усе контратакі адбітыя, прарыву ўкраінскіх фармаванняў з акружэння не дапушчана», — паведаміў камандуючы.
21 лістапада заяву Герасімава пракаментавалі ў групоўцы Аб'яднаных сіл УСУ. Там адмаўляюць расійскі кантроль над Купянскам.
«Стаўшы закладнікамі ўласнай хлусні, расійскія кіраўнікі вымушаныя нарошчваць яе градус. У горадзе Купянск групы расіян, рассяроджаныя ў паўночных раёнах горада, налічваюць каля 40 чалавек, пакуль яшчэ здольных падаваць голас. Пасёлак Купянск-Вузлавы знаходзіцца пад кантролем Сіл абароны Украіны», — гаворыцца ў заяве.
«Асобна адзначым, што яго плошча ў 4 квадратныя кіламетры робіць немагчымым не толькі акружыць там такую колькасць падраздзяленняў, але і проста размясціць», — дадалі ў групоўцы.

У той жа час заяву Герасімава аб узяцці пад кантроль Купянска аcпрэчваюць не толькі ўкраінскія вайскоўцы — да яе скептычна паставіліся і расійскія блогеры, якія падтрымліваюць вайну, піша вайсковы аглядальнік Бі-бі-сі Павел Аксёнаў.
«Заява Герасімава аб поўным вызваленні Купянска пакуль не праілюстраваная кадрамі аб'ектыўнага кантролю», — прыводзіць ён каментар расійскага праваеннага тэлеграм-канала «Два майора».
«Военный информатор» назваў даклад Герасімава Пуціну «яздой наперадзе паравоза», а «Канал визионера» напісаў, што «заявы НГШ пра поўнае вызваленне Купянска […] выклікаюць, мякка кажучы, шок».
Яшчэ 19 лістапада сцвярджэнне аб узяцці Купянска называў «ашуканствам» блізкі да Мінабароны Расіі канал «Рыбарь».
Гэта не першы раз, калі паведамленні расійскага вайсковага камандавання не пацвярджаюцца паведамленнямі з месцаў, прычым такое здаралася менавіта ў дачыненні Купянска. У канцы жніўня, падводзячы вынікі вяснова-летняй кампаніі, Герасімаў заявіў, што палову горада ўжо захапілі.
Дзякуючы перавазе ў жывой сіле — асноўнаму фактару поспеху на вайне — расійская армія прасоўваецца адразу на некалькіх кірунках — напрыклад, у Пакроўску і ваколіцы Гуляйполя. Аднак, прасоўванне гэта не вельмі хуткае, адзначае Аксёнаў.
Войскі вымушаныя выкарыстоўваць тактыку праточвання праз няшчыльную, часта ачаговую абарону невялікімі групамі, а ўкраінцы ўтрымліваюць пазіцыі, нават знаходзячыся ў цяжкім становішчы.
Баі ў Купянску. Ці варта чакаць хуткага падзення горада?
Пагроза навісла над Гуляйполем. Ці ўдасца спыніць расійскае наступленне?
Абарону Пакроўска ламае расійскае падраздзяленне «Рубікон»
Прыхаванае пранікненне: якія змены ў тактыцы расійскай арміі паказаў штурм Пакроўска?
«Гэта сапраўдная небяспека для Украіны». Ва УСУ расце колькасць выпадкаў самаволак і дэзерцірства
Каментары