Паўтара стагоддзя паміж Захадам і Расіяй. Чаму Балгарыя мяняла саюзнікаў?
Не толькі таму, што хацела арыентавацца на перадавыя краіны, піша Андрэй Акушка.

Пасля доўгай турэцкай акупацыі ў 1877 годзе Балгарыя пачала шлях да незалежнасці. У гэтым ёй дапамагла расійская армія. Але потым Балгарыя часцяком ішла супраць рускіх. Падчас сусветных войнаў балгары ваявалі на баку Германіі, а пасля былі вымушаныя будаваць сацыялізм. Цяпер Балгарыя зноў стала часткай Еўропы і не збіраецца вяртацца ў «братэрскія абдымкі».
Шлях да незалежнасці
У першай трэці XV стагоддзя, калі ў Вялікім Княстве Літоўскім кіраваў Вітаўт, Балгарыя стала часткай Асманскай імперыі. Толькі ў сярэдзіне XIX стагоддзя ў балгар з’явіўся шанец вярнуць незалежнасць. Турцыя слабела і адставала. Усё канчаткова вырашылася пасля расійска-турэцкай вайны 1877—1878 гадоў. Балгары сустракалі расійскую армію з хлебам-соллю. І нездарма: пасля яе перамогі на карце свету зноў з’явілася дзяржава пад назвай Балгарыя.
У Пецярбурзе думалі, што эліта гэтай маленькай краіны будзе пажыццёва славіць Расію. Аднак імперыя сама даволі хутка дала першую нагоду засумнявацца ў моцы сяброўскіх адносін, калі адступілася ад Сан-Стэфанскай мірнай дамовы 1878 года. Дамова прадугледжвала стварэнне Вялікай Балгарыі, у якую ўваходзілі часткі сучасных Грэцыі, Паўночнай Македоніі і Сербіі. Але заходнія дзяржавы ўгаварылі Расію пагадзіцца на іншы, Берлінскі мір.
У выніку вялізныя этнічна балгарскія тэрыторыі засталіся пад туркамі, а рэшту падзялілі на дзве часткі. Першая, Усходняя Румелія са сталіцай у Плоўдзіве, стала аўтаномнай правінцыяй пад асманамі. Другая, Княства Балгарыя на чале з князем Аляксандрам Батэнбергам, ператварылася ў васала султана. Эліта краіны была расчараваная такімі саступкамі, вінавацячы ў іх і Захад, і Расію.

З таго часу ў княстве ідэяй-фікс стала аб’яднанне ўсіх зямель, дзе жылі балгары. І першай мэтай была Усходняя Румелія. У верасні 1885 года жаўнеры пад камандаваннем Данаіла Мікалаева (былога расійскага вайскоўца) арыштавалі генерал-губернатара ў Плоўдзіве і аб’явілі пра ўз’яднанне паўднёвай Балгарыі з паўночнай.
Гэта абурыла расійскае кіраўніцтва. Як так, малодшы брат самастойна вырашае свой лёс? Расійскі імператар вымусіў балгарскага князя адмовіцца ад трона і пакінуць дзяржаву.
Масква хацела Канстанцінопаль сабе
Адразу пасля аб’яднання падбухтораная аўстрыйцамі Сербія напала на суседку. Расія аб’явіла, што не жадае рабіць выбар паміж братэрскімі краінамі і адклікала сваіх афіцэраў з балгарскай арміі. У сербаў на той час ужо быў паўнавартасны афіцэрскі корпус, таму канфлікт празвалі «вайной генералаў супраць капітанаў». Балгарскія капітаны перамаглі, але запомнілі той удар у спіну. Пазней яны стануць прыхільнікамі ідэі ваяваць супраць Сербіі і Расіі ў Першай сусветнай.
Раззлаваны імператар Аляксандр III вырашыў пакараць «здраднікаў», якія яшчэ і новага цара абралі без яго згоды, і разарваў з Балгарыяй дыпламатычныя адносіны. Ён меркаваў, што без падтрымкі Расіі маленькая краіна папросту не выжыве.
Гэта было на карысць заходнім дзяржавам, якія прапанавалі маладой краіне фінансавую і міжнародную падтрымку. Расійскі пісьменнік і журналіст Барыс Тагееў, які наведаў Сафію ў 1903-м, расказваў, што думаў трапіць у невялікае азіяцкае мястэчка. Але пабачыў еўрапейскі горад з электрычнымі трамваямі, вялізнымі крамамі, універсітэтам, бібліятэкамі, тэатрамі… Балгарыя за кошт заходніх крэдытаў развівалася неймавернымі тэмпамі. Будаваліся дарогі і парты, 78% насельніцтва сталі пісьменнымі, а мясцовых жаўнераў за іх дысцыплінаванасць называлі «балканскімі немцамі».
Пецярбург пайшоў супраць малодшага брата і ў замежнай палітыцы. Ён не падтрымаў далучэнне да Балгарыі Македоніі, якую балгары лічылі сваёй. У гэтым быў адмысловы разлік. Як пісаў пасланнік у Сафіі Анатоль Няклюдаў, «для нас і сербаў вельмі важна, каб Балгарыя не была тэрытарыяльна закончаным арганізмам». Бо калі ў Сафіі не будзе мэтаў на захадзе і поўдні, яна, маўляў, пачне глядзець у бок Канстанцінопаля, а гэта перашкодзіць Расіі забраць сабе гэты горад разам з чарнаморскімі пралівамі. У той час Расія сур’ёзна ставіла сабе такую мэту.
Імператар Мікалай II спачатку быў супраць і незалежнасці, якую краіна абвясціла ў 1908-м.
Дзве нацыянальныя катастрофы
Пазбегнуць войнаў на Балканах не ўдалося. У першай (1912—1913) кааліцыя Балгарыі, Грэцыі, Сербіі і Чарнагорыі перамагла турак. Балгары значна пашырылі сваю тэрыторыю, заняўшы Фракію з выхадам да Эгейскага мора і частку Македоніі. У другой (1913) амбіцыйным балгарам давялося змагацца ўжо супраць былых саюзнікаў і Румыніі. Гэтую вайну краіна прайграла і страціла частку захопленых зямель. Паразу ў Балгарыі назвалі Першай нацыянальнай катастрофай. І абвінавацілі ў ёй не толькі свае амбіцыі, але і Расію, што падтрымала сербаў і румын. Таму многія думалі, што ў 1914-м Балгарыя адразу падтрымае Аўстра-Венгрыю і Германію.

Але Сафія вырашыла выслухаць прапановы абодвух альянсаў. Антанта прапанавала толькі невялікія кавалачкі зямлі ў турэцкай Фракіі. Германія абяцала больш: прымежныя тэрыторыі Грэцыі, Румыніі і Сербіі. Цар вагаўся, але ў кастрычніку 1915-га ўсё ж аб’явіў вайну Антанце.
Спачатку ўсё ішло добра — «балканскія немцы» дапамаглі разграміць Сербію і Румынію. У расіян здарылася істэрыка, і яны кінуліся пісаць артыкулы пра «тройчы праклятую Балгарыю». Сафійская прэса не адставала: «Мы павінны выкараніць усе сляды расійскага ўплыву». Дайшло і да сутыкненняў жаўнераў дзвюх краін. Першае здарылася ў верасні 1916-га, калі балгары перамаглі ў штыкавой атацы. Камандаваў імі, па іроніі лёсу, русафіл генерал-лейтэнант Стэфан Тошаў.
Тошава здзівіла, што расіяне адмаўляліся здавацца. Потым стала вядома, што румыны пераканалі рускіх, быццам балгары жорстка забіваюць палонных. Хоць насамрэч усё было інакш: «ворагаў-братоў» балгары нават хавалі разам са сваімі палеглымі.
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года баі сціхлі, а ў сакавіку 1918-га Савецкая Расія выйшла з вайны. А праз паўгода Балгарыя аказалася сярод краін, якія прайгралі Першую сусветную. Гэта стала Другой нацыянальнай катастрофай, бо краіна канчаткова страціла выхад да Эгейскага мора. Але многія жыхары сустрэлі канец вайны з палёгкай.
Пакт аб узаемадапамозе? Дзякуй, не трэба
У першыя міжваенныя гады Балгарыя стала ізгоем. СССР ёй не цікавіўся, калі не лічыць няўдалых спробаў экспарту рэвалюцыі. Не давяралі былому ворагу і дзяржавы Антанты. Аднаўленне эканомікі ішло марудна, краіна перажыла некалькі пераваротаў. Цікавасць да Балгарыі вярнулася толькі ў канцы 30-х, калі Германія, Вялікабрытанія і СССР напярэдадні новай вайны пачалі актыўна шукаць саюзнікаў.
Брытанцы хутка выбылі з барацьбы. Балгары жадалі вяртання страчаных тэрыторый, а Лондан не быў гатовы здаць Грэцыю ці Югаславію. СССР змагаўся да апошняга. Ён пагадзіўся падтрымаць прэтэнзіі і прапанаваў пакт аб узаемадапамозе. Але балгары адмовіліся. Яны ўважліва сачылі за дзеяннямі Масквы і бачылі, як аналагічныя дамовы прывялі да пераўтварэння краін Балтыі ў савецкія рэспублікі.

Ваяваць на баку Адольфа Гітлера цар Барыс III таксама не жадаў. Але яму прапанавалі выгадны варыянт, ад якога было немагчыма адмовіцца: немцы самі перамогуць усіх і проста перададуць балгарам спрэчныя тэрыторыі.
Амаль 16-я рэспубліка
1 сакавіка 1941-га Балгарыя падтрымала Германію, а на наступны дзень на яе тэрыторыю ўвайшла 680-тысячная нямецкая армія. Адсюль яна атакавала Грэцыю і Югаславію, за што балгары атрымалі ўзнагароду. Тэрыторыя краіны павялічылася ў паўтара разу, а насельніцтва — на траціну. Праўда, ненадоўга: у 1944-м да балгарскай мяжы наблізіліся савецкія войскі. У ноч на 8 верасня ў краіне адбылося паўстанне, і часовы ўрад выступіў супраць Трэцяга рэйху. Склалася цікавая сітуацыя: да перамір’я з СССР Балгарыя намінальна ваявала і з ім, і з немцамі.
Ва ўрадзе думалі, што з’явіцца новы шанец абіраць паміж Захадам і Расіяй. Але саюзнікі падзялілі Балканы самастойна. Балгарыя адышла ў сферу ўплыву СССР, з усімі наступствамі пабудовы сацыялізму: расстрэламі ворагаў народа, кіданнем за краты палітычнай апазіцыі, калектывізацыяй і індустрыялізацыяй, жорсткай цэнзурай. Амаль копіямі савецкіх сталі новая канстытуцыя і законы. Толькі пасля прыходу да ўлады ў СССР Мікіты Хрушчова распачалася адліга. Мясцовага Сталіна Вылка Чарвенкава замянілі больш мяккім Тодарам Жыўкавым. У 1962 годзе ў краіне быў ліквідаваны апошні канцлагер.
Прасавецкія і празаходнія гісторыкі дагэтуль спрачаюцца, якім быў уплыў СССР на балгарскую эканоміку. З аднаго боку, Савецкі Саюз забараніў балгарам удзельнічаць у амерыканскім «плане Маршала» па аднаўленні Еўропы. Гэты план дазволіў хутка аднавіцца пасля вайны Заходняй Германіі і іншым краінам Захаду, прытым яны захавалі рынкавую эканоміку і дэмакратычны лад. З другога боку, Масква давала Балгарыі крэдыты, дапамагла разбудаваць прамысловасць і ахвотна купляла мясцовыя тавары. Не менш за палову балгарскага гандлёвага абароту прыходзілася тады на СССР. Балгарскае кіраўніцтва разумела, што збегчы на Захад яму не дадуць, а таму трэба сябраваць з Усходам.

Часам гэтае сяброўства прымала незвычайныя формы. Двойчы — у 1963 і 1973 гадах — Жыўкаў прапаноўваў зрабіць Балгарыю 16-й рэспублікай СССР. І двойчы гэта выклікала незадаволенасць яго таварышаў па партыі. Але сумесную міжурадавую камісію па супрацоўніцтве ўсё ж стварылі. Праз некалькі дзесяцігоддзяў Жыўкаў казаў, што проста хацеў атрымаць такім чынам ад СССР дадатковую фінансавую падтрымку. Калі гэта праўда, то тактыка спрацавала. Менавіта Сафію ў Маскве лічылі найлепшым саюзнікам у сацыялістычным лагеры. Балгары ніколі не спрабавалі з яго ўцячы, у адрозненне ад Венгрыі, ГДР, Польшчы і Чэхаславакіі. За гэта яны атрымлівалі найлепшыя ўмовы крэдытаў, а газ і нафту — са зніжкамі.
Часам удавалася падзарабіць і ў Еўропе. Напрыклад, падчас крызісу 1973-га краіна атрымала неблагія грошы праз рээкспарт савецкай нафты.
Пазней, калі Балгарыя павярнулася да Захаду, многім здавалася, што гэта адбылося раптоўна. Але кантакты з Еўропай пачаліся яшчэ ў 1956-м, калі была заключана першая гандлёвая дамова з ФРГ. Заходняя Германія хутка стала галоўным партнёрам краіны па-за межамі сацыялістычнага лагера.
Зноў паміж Захадам і Расіяй
У сярэдзіне 80-х, калі Міхаіл Гарбачоў распачаў перабудову ў СССР, сваю версію перабудовы стаў праводзіць і Жыўкаў, хоць і прадчуваў, што для яго гэта скончыцца дрэнна. Так і адбылося: у лістападзе 1989-га састарэлага кіраўніка адправілі ў адстаўку. Краінай пачалі кіраваць ліберальныя палітыкі, хутка запрацавала і шматпартыйнасць. У чэрвені 1990-га прайшлі свабодныя выбары, на якіх перамаглі былыя камуністы — Балгарская сацыялістычная партыя. Іх апаненты з Саюза дэмакратычных сіл занялі другое месца, атрымаўшы права заняць пасаду прэзідэнта. Ім стаў антыкамуніст Жэлю Жэлеў. Ён прапанаваў як мага хутчэй вярнуцца ў заходнюю цывілізацыю, уступіць у Еўрасаюз і НАТО.
Але шлях туды не быў лёгкім. Рэформы ішлі марудна, бо ўрад баяўся скарачаць сацыяльныя гарантыі. Сітуацыя горшала, а ў 1996-м інфляцыя дасягнула 310 %, рэальныя даходы грамадзян зменшыліся на траціну. Толькі на пачатку XXI стагоддзя ўсё наладзілася. Гэтаму дапамаглі заходнія інвестыцыі і праграмы па падрыхтоўцы сучасных спецыялістаў. Галоўнымі партнёрамі былі немцы — даўнія саюзнікі балгараў.
Аднавіў урад і сувязі з Расіяй, якія ў 90-я абмяжоўваліся набыццём нафты і газу. У 1999-м у Балгарыю прыйшлі інвестыцыі з Масквы — кампанія «Лукойл» набыла камбінат «Нафтахім-Бургас». У 2006-м «Расатам» перамог у конкурсе на аднаўленне будаўніцтва АЭС «Белене», а праз два гады Сафія пагадзілася на правядзенне праз тэрыторыю Балгарыі газаправода «Паўднёвы паток». Здавалася, што распачынаецца новы раўнд барацьбы за Балгарыю. Але Расія яго прайграла. У 2004-м краіна ўвайшла ў НАТО, а праз тры гады стала сябрам Еўрасаюза.

«Болгария уже заграница»
Балгарыю, праўда, вінавацілі ў тым, што яна з’яўляецца траянскім канём Расіі ў Еўропе. Палітыкам прыйшлося даказваць, што гэта не так.У 2014-м у адказ на анексію Крыма спынілася будаўніцтва «Паўднёвага патоку». Адмянілі і супрацоўніцтва па АЭС, хоць у канцы 2019-га быў аб’яўлены новы тэндар і «Расатам» у ім зноў удзельнічае.
Цяпер палітычныя і вайсковыя кантакты балгар са «старэйшым братам» спыненыя. Засталіся толькі эканамічныя: Расія займае другое месца ў балгарскім імпарце. У асноўным гэта газ, нафта і паліва. На краіны НАТО і Еўрасаюза прыходзіцца каля дзвюх трацін тавараабароту. Наўрад ці гэта зменіцца ў найбліжэйшыя часы, бо балгарская моладзь хоча жыць у Еўрасаюзе і ставіцца да Расіі горш, чым да Еўропы.
Гэта разумее і расійская прэса, якая ўжо перарабіла старую прымаўку «Курица не птица, Болгария не заграница» на новы лад: «Курица не птица, Болгария уже заграница».
Каментары