Выбары-20206868

«Калі муж і жонка атрымліваюць па 400 рублёў, хапае, каб здымаць кватэру». Як Алег Румо агітаваў за Лукашэнку РЭПАРТАЖ

Давераныя асобы Аляксандра Лукашэнкі распачалі серыю агітацыйных сустрэч з насельніцтвам. Увечары ў аўторак у мінскую школу №115 да народа прыехаў вядомы трансплантолаг і сенатар Алег Румо. На працягу паўгадзіны ён распавядаў, як яму жылося пры цяперашняй уладзе, чаго дасягнула айчынная медыцына і чаму нават Ісус Хрыстос не вырашыць праблемы беларусаў.

Сустрэча хутчэй нагадвала адкрыты ўрок — з загадзя падрыхтаванай аўдыторыяй і пытаннямі. Не па плане быў толькі прыход «не сваіх» людзей.

Фотаграфа «Нашай Нівы» хацелі нават вывесці пасярод мерапрыемства, але заступіўся Румо: «Не перашкаджайце, няхай чалавек фатаграфуе. Яна мне пасля здымкі дашле паглядзець», — пажартаваў доктар.

Паслухаць яго ў актавай зале сабралася каля 80 чалавек. Пераважна жанчыны.

Сваю прамову Алег Румо пачаў з тлумачэння, чаму прыняў запрашэнне стаць даверанай асобай прэзідэнта. Згадаў уласную гісторыю з 90-х (у духу тых, што апошнім часам расказвае Лукашэнка).

«Так выйшла, што я і мая жонка скончылі Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут у 1993 годзе. Уся мая прафесійная кар’ера прайшла ў сучаснай Беларусі і адбывалася ў момант, калі прэзідэнтам быў Лукашэнка. Я цудоўна памятаю, калі мы, маладыя спецыялісты, прыйшоўшы на працу, атрымалі заробак па 7 даляраў і знялі кватэру за 15.

Я цудоўна памятаю, як у 1994 годзе было вялікай удачай раздабыць пачку памперсаў. Таму калі я чытаю сёння пра тое, што ў тым годзе жылі вельмі добра, краіна была шчаслівая, я дзіўлюся».

Трансплантолаг прызнаецца, што, калі першы раз абіралі Лукашэнку, ён не быў цалкам за яго. Але з часам меркаванне змянілася. 

«Я бачыў, што ў нас няма ні войн, ні голаду, ні ўзрушэнняў. Канчаткова мая свядомасць змянілася, калі ў краіне нарэшце з’явіліся грошы і яны былі накіраваны на мадэрнізацыю аперацыйных блокаў бальніц», — адзначыў ён.

Доктар пералічыў дасягненні беларускай медыцыны — вырасла працягласць жыцця, маем сучаснае абсталяванне ў цэнтрах, да нас едуць вучыцца.

«І жыхары суседніх краін, нашмат больш дэмакратычных, якія змянілі не аднаго прэзідэнта, просяцца да мяне ў цэнтр на лячэнне», — падкрэсліў Алег Румо.

Закрануў ён і тэму каранавіруса. А дакладней, перамогі над ім — у гэтай вайне, прынамсі на першым яе этапе, Беларусь дала рады хваробе, упэўнены доктар.

«Вы бачыце, што ніхто нам з вамі не дапаможа. Краіны аднамомантава закрыліся. Больш за тое, краіны-суседкі выслалі нашых студэнтаў, якія там вучыліся», — казаў трансплантолаг. На фоне адпраўкі гуманітарнай дапамогі ў Беларусь з Літвы і Кітая, чатырох дзясяткаў фур з лекамі і тэстамі, высланымі Польшчай, гэтыя словы гучалі дзіўна.

«Што б было, калі б у 2006-м, 2010-м мы не выбралі нашага прэзідэнта?» — задаўся пытаннем Алег Румо.

Ён сам на працягу многіх год развіваў транспланталогію ў Беларусі і ведае, як цяжка будаваць штосьці новае. Доктар анансаваў таксама, што ў найбліжэйшыя пяць год узвядзе два суперсучасныя будынкі: адзін плануецца за кошт бюджэтных сродкаў, а другі — за грошы, заробленыя самім РНПЦ.

«Разумею: вельмі хочацца штосьці памяняць. А потым усё жыццё шкадаваць будзеш, што зрабіў гэта. Я нікому не збіраюся і не магу дыктаваць, што вам рабіць 9 жніўня. Я проста вельмі хачу, каб у гэтым вялізным інфармацыйным шуме, дзе ідзе сапраўдная сур’ёзная палітычная барацьба, дзе ідуць на ўсе хітрыкі, каб даказаць сваю пазіцыю, вы не паддаліся, а паслухалі сваё сэрца і прынялі правільнае рашэнне», — закончыў Румо прамову.

У аўдыторыі было ўсяго пару пытанняў. Задавалі іх настаўніцы. Адна пацікавілася, як вырашыць праблему з жыллём для маладых спецыялістаў.

«Да нас таксама прыходзяць маладыя спецыялісты. Мы таксама на дзяржаўным забеспячэнні. Мы не можам пабудаваць арэндны дом для іх, хаця я вельмі хацеў бы. Як можам, б’емся за інтэрнаты. Мы не забараняем гэтым людзям працаваць дадаткова», — адказваў доктар.

Ён дадаў, што ў нас ёсць праграма будаўніцтва арэнднага жылля. А таксама ўстаноўка ў найбліжэйшую пяцігодку павысіць заробак медыкам і настаўнікам у два разы.

«Гэта пстрычкай не робіцца. Заўтра гэтых грошай не будзе. Прызначце хоць Ісуса Хрыста, ён не зможа забяспечыць адразу высокі заробак і жыллё для ўсіх», — парыраваў Румо.

Малады чалавек, які прыйшоў на сустрэчу па сваім жаданні (і ледзь паспеў, кажа, бо аб’яву пабачыў толькі сёння пасля абеду), пацікавіўся: колькі год яшчэ чакаць, каб усе абяцанні збыліся? 

Алег Румо ад прамога адказу сышоў. Адзначыў, што цяпер людзям не так цяжка выжываць, як у 90-я. Нават калі муж і жонка атрымліваюць па 400 рублёў.

«400 і 400 — гэта 800. Хапае, каб здымаць кватэру. Яшчэ ёсць, на што траціць грошы».

Пасля гэтых слоў прысутныя пачалі перашэптвацца.

«Бачыце, людзі смяюцца, калі вы такое кажаце», — заўважыў малады чалавек.

Выступоўца не пагадзіўся: народ проста абмяркоўвае пачутае, гэта нармальна. А настаўніца з суседняга крэсла ціха адрэагавала: «Вы хочаце, каб нам і смяяцца забаранілі? Дык яны забароняць».

«Беларусь не ідэальная краіна. Мы не жывём, як у Аўстрыі, у нас няма такіх рэсурсаў, — працягваў Алег Румо. — Я стараюся пераканаць, што заўтра лепш не стане [пры змене ўлады]. Будзе горш, я ў гэтым упэўнены».

Яшчэ адно пытанне ад настаўніц тычылася страхавой медыцыны. Ці не варта яе ўвесці? «А то некаторых не запісаць у паліклініку, а пасля шмат праблем са здароўем», — наракала жанчына на безадказнасць асобных грамадзян.

«Падыміце рукі, хто добраахвотна застрахаваўся? — звярнуўся да прысутных доктар. Паднятых рук не было. — Вось адказ на ваша пытанне. Сёння ўцягнута ў страхаванне толькі 200 тысяч чалавек. Думаю, беларусам гэта яшчэ не патрэбна. Але дакладна адказаць мне складана. Калі рабіць па-расійску — мой адказ «не». Калі па-нямецку — мой адказ «так». Але як атрымаецца ў нас, невядома».

Зрэшты, доктар пагадзіўся, што пэўныя змены ў медыцыне патрэбныя. 

«У нас 10% людзей не вылазяць з паліклінік, а астатнія гадзінамі сядзяць і не могуць атрымаць талончык. Так не павінна быць».

У канцы сустрэчы Румо яшчэ раз нагадаў, што выбар 9 жніўня трэба рабіць абдумана.

«Тое, што мы будавалі дзесяцігодзямі, вельмі лёгка страціць».

Аўдыторыя хутка пусцела. 

«Мой сын сказаў, што ніколі не пойдзе працаваць у бюджэтную арганізацыю», — кінула на выхадзе адна жанчына другой. Відаць, на сустрэчу варта было паклікаць дзяцей, а не бацькоў, каб пераконваць, як шмат яны губляюць ў пагоні за свабодай.

Каментары68

Цяпер чытаюць

Хто той рэдактар беларускай Вікіпедыі, якога пасадзілі на два гады за «дыскрэдытацыю Беларусі»

Хто той рэдактар беларускай Вікіпедыі, якога пасадзілі на два гады за «дыскрэдытацыю Беларусі»

Усе навіны →
Усе навіны

«Заробак у тры разы вышэйшы, чым дома». Беларус расказаў, як папрацаваў у Егіпце на будаўніцтве АЭС3

«Дзед будзе глядзець асабіста. Калі яму спадабаецца…» Зянковіч расказаў, як з ім запісвалі першае інтэрв'ю ў СІЗА КДБ18

Трагедыя на Гомельшчыне: два 18‑гадовыя хлопцы загінулі ў ДТЗ, аўтамабіль разарвала на часткі4

Фермер-хіпстар вырашыў прадаваць касцюмы з гербамі Беларусі і Расіі. Цэны касмічныя16

У кожнага пакалення свой колер: у міленіялаў — ружовы, у зумераў — жоўты. А каму належыць «нахабны зялёны»?10

У мінскім «Еўраопце» ў аддзеле выпечкі паклалі пакеты для смецця9

Маладую дзяўчыну з Баранавіч, якая вучылася на педагога ў Гродне, арыштавалі па «справе Гаюна»7

Футбольная зборная Беларусі здзейсніла сенсацыю дня ў Еўропе — 2:2 з Даніяй8

У Славакіі школьнікам не спадабалася прарасійская лекцыя прэм'ера Фіца. Ён параіў ім ісці ваяваць на фронт12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто той рэдактар беларускай Вікіпедыі, якога пасадзілі на два гады за «дыскрэдытацыю Беларусі»

Хто той рэдактар беларускай Вікіпедыі, якога пасадзілі на два гады за «дыскрэдытацыю Беларусі»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць