Грамадства33

У Вілейцы кіраўніку раёна прапанавалі паклясціся на Бібліі, што выбары не фальсіфікаваліся. Той адмовіўся

Сустрэча ўлады з жыхарамі Вілейскага раёна адбылася 19 жніўня ў глядзельнай зале Палаца культуры. Свабодных месцаў амаль не было, прыйшло не менш за 500 чалавек, піша kraj.by.

Старшыня Вілейскага райвыканкама Алег Бегунец, начальнік Вілейскага РАУС Аляксандр Бендасаў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Чабатар і пракурор раёна Вадзім Шукрынаў (злева направа)

— На жаль, узнікла неабходнасць сустрэцца. Калі ласка, задавайце пытанні! — сказаў старшыня Вілейскага райвыканкама Алег Бегунец.

Ля мікрафона выстраілася цэлая чарга з ахвотных выказацца.

— Чаму сёння не прысутнічае старшыня раённай камісіі па выбарах. Мы тут сабраліся, каб пра выбары пагаварыць, — удакладніў мясцовы актывіст Павел Хаванскі, член ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі.

Павел Хаванскі. 

— Камісія скончыла сваю працу, і я не бачу сэнсу пра гэта гаварыць, — сказаў Алег Бегунец.

Гэтыя словы выклікалі шквал незадаволенасці і гучныя апладысменты прысутных.

— А каму тады задаваць пытанні пра выбары? Вы не маеце права адказваць на пытанні па выбарах і пратаколах, — мікрафон бярэ актывіст, сябра Партыі БНФ Аляксей Сюдак, які цікавіцца: чаму на выбарчых участках не былі вывешаныя пратаколы галасавання.

Аляксей Сюдак

— Я быў назіральнікам на басейне (моладзевы ўчастак №5 —заўв.). Мяне затрымалі, але пратакол не вывесілі. Мяне забралі гадзін у 9, адпусцілі гадзіны ў 3. А 9-й раніцы я прыйшоў, ніякага пратаколу не было. Я звярнуўся ў раённую камісію. Мне сказалі: «Выбачайце, пратаколу няма і вам ніхто яго не пакажа», — працягвае Хаванскі.

— Пратаколы, наколькі я ведаю, былі вывешаныя! Пратаколы не з'яўляюцца камерцыйнай таямніцай, на ўсіх участках былі і хаваць іх няма сэнсу, — запэўніў Бегунец.

З залы раздаецца калектыўнае працяглае «Не-е-е-е!». 

— Я ведаю, што ў мяне на ўчастках практычна ўсе пратаколы вывешваліся! Падайце мне спісы, дзе, як вы лічыце, іх не было, — сказаў старшыня.

— Як жа ён (Хаванскі — заўв.) падасць спісы, калі ён быў у міліцыі? — з залы чуюцца смех і апладысменты.

Старшыні прапанавалі паклясціся на Бібліі, што выбары не фальсіфікаваліся

Ад пратаколаў пераходзяць да фальсіфікацый. На думку вілейчукоў, гэта злачынства, «яны былі, і гэта прызнаў увесь цывілізаваны свет».

— Ці праведзена хоць адна праверка, ці заведзена хоць адна крымінальная справа? — удакладніў Яўген Абалевіч. — Чаму вы бяздзейнічаеце і толькі затрымліваеце бяззбройных мітынгоўцаў?

Яўген Абалевіч

Пракурор Вілейскага раёна Вадзім Шукрынаў растлумачыў, што крымінальныя справы не заводзіліся, заявы ў пракуратуру і іншыя правяраючыя органы не паступалі.

У старшыні райвыканкама ўдакладнілі, ці веруючы ён чалавек, і прапанавалі паклясціся на Бібліі, што выбары не фальсіфікаваліся.

— Гэта не пытанне, я не збіраюся на яго адказваць, — сказаў кіраўнік раёна.

Ля мікрафона — Ігар Шабан. Ён прыйшоў на сустрэчу з лічбамі.

— Раней я заўсёды тэлефанаваў сваім сябрам, сябрам камісій. У 2015 годзе за Караткевіч афіцыйна аддалі пару працэнтаў галасоў, а ў жыцці — 22—23. За Лукашэнку 67—70. Цяпер я зрабіў тую ж працу. Я вам скажу: людзі баяцца. Але пару чалавек дадзеныя далі. За Ціханоўскую было больш, пачак бюлетэняў быў большы. Ёсць такія лічбы: СШ №1 — 660 за Лукашэнку, 146 (17%) — за Ціханаўскую, музей — 689 і 536 (40%), бальніца ў працэнтах: 52 і 46. Разбежка з рэальнымі дадзенымі ёсць. І ёсць падазрэнне, што дадзеныя фальсіфікаваныя. Як нам на справе даказаць, што выбары фальсіфікаваныя на многіх участках? — удакладняе Ігар Шабан.

Ігар Шабан

— Калі ў вас ёсць якія-небудзь доказы, побач сядзіць пракурор, пішыце заяву, падавайце факты, — адказаў Бегунец.

«Чаму бацькам не паведамлялі, дзе іх дзеці?»

Далей гаворка пайшла пра затрыманні і разгоны падчас акцый пратэсту. Таццяна Гулецкая пачынае плакаць з першых слоў. Тлумачыць, што яе адзіны сын быў затрыманы ў Маладзечне. Дзе ён знаходзіцца, бацькі не ведалі трое сутак.

— Мы трое сутак не маглі знайсці сваё дзіця. Я звярталася ў выканкам, але нам не дапамаглі. Чаму не было інфармацыі, дзе мой сын? Чаму бацькам не паведамлялі? Потым яго адпусцілі, аказваецца, з «неадседжанымі» суткамі, заявіўшы, што ён можа іх адседзець у любы зручны для яго час, — жанчына працягвае плакаць. — Я добрапрыстойная грамадзянка, не нацыстка і не «майданутая», але гэта, прабачце, нейкі нацызм, садызм! Ён выйшаў з чорным азадкам, не ў Вілейцы, Маладзечне. Мы знайшлі яго самі. Гэта кажа альбо аб поўным хаосе, альбо аб такім вось стаўленні да нас.

Таццяна Гулецкая

Улады адказалі, што шукалі сына жанчыны «праз усе органы аж да КДБ», падымалі спісы і ў Жодзіне, і на Акрэсціна, але яго «нідзе не было». 

— Мы рабілі, што маглі! Спрабавалі максімальна дапамагчы! — сказаў Бягунец.

— Ёсць два дзеяслова: «мог» і «змог»! Яны розныя, разумееце, розныя! — адказала вілейка. Абураныя вілейцы і разгонам выпадковых людзей падчас пратэстаў.

— Я з калегамі стаяла каля фантана. Мы проста размаўлялі. Раптам выскачылі людзі ў чорным. Яны пачалі зацягваць хлопцаў у бусік, — распавяла жанчына. — Я асабіста вельмі спалохалася. Стаяла і плакала. На маіх вачах білі дубінкай аднаго чалавека. Пасля гэтага пабеглі за падлеткамі і прыйшлі да нас. Сказалі: «Ідзіце адсюль прэч, або вы пракоціцеся разам з намі». Міліцыя, якая нас павінна абараняць, мае права жанчынам ва ўзросце такое казаць?

У адказ з залы гучыць «Брава!».

— Калі супрацоўнік вас нейкім чынам абражаў, я гатовы пакараць яго, — сказаў начальнік РАУС Аляксандр Бендасаў.

— Я магу назваць яго прозвішча, — удакладняе жанчына. — Гэта быў Салавей! (начальнік міліцыі грамадскай бяспекі РАУС — заўв.).

З залы бурнае «о-о-о!». Бендасаў паабяцаў разабрацца з супрацоўнікам.

У скверы заменяць плітку і ўсталююць помнік

Закранулі вілейчукі і сквер, дзе планаваўся перадвыбарчы пікет Святланы Ціханоўскай. У той дзень, нагадаем, тут сталі здымаць плітку, месца абгарадзілі, а вілейчукоў папрасілі пакінуць тэрыторыю. Не абышлося тады і без затрыманняў. У прыватнасці, вілейчукі ўдакладнялі ва ўладаў, ці ёсць на рэканструкцыю праект, кошт работ і чыя гэта была «каманда».

— Ёсць праект, — адказаў Алег Бегунец. — Каштарысны кошт не памятаю, — старшыню перабівае абурэнне з залы. — З прапановай выйшла габрэйская абшчына аб усталяванні помніка загінулым габрэям. Першы этап праекта — кладка пліткі, следам — усталяванне помніка. Адказ на ваша пытанне: гэтай плітцы гадоў 50—60, таму вырашылі абнавіць. За бюджэтныя сродкі.

Аляксей Сюдак падзякаваў старшыні за сустрэчу з вілейцамі, адзначыўшы, што «ніхто ў вас бутэлькі не кідаў, пінжак не рваў», і што такія сустрэчы людзям неабходныя. Актывіст прапанаваў пагутарыць з народам яшчэ раз праз тыдзень. А потым звярнуўся да начальніка РАУС і пракурора раёна:

— Вы выпускалі з аддзела 9 і 10 жніўня людзей і папярэджвалі іх, што, калі тыя будуць удзельнічаць у несанкцыянаваных мерапрыемствах, да іх будуць прымяняцца меры адміністрацыйнай або крымінальнай адказнасці. Мне такую паперу падсунулі яшчэ за месяц да выбараў пасля таго, як я пахадзіў па плошчы і пакарміў галубоў. Я і цяпер хаджу па плошчы. Сустракаюся з людзьмі, у тым ліку і з начальнікам міліцыі. Вы кажаце, што я магу хадзіць, а тады не мог. Скажыце, я потым зноў атрымаю такую паперку за тое, што я зараз сустракаюся з людзьмі?

— Аляксей, — звяртаецца Аляксандр Бендасаў, — мы з табой тады размаўлялі і цяпер. Сход на плошчы па ідэі незаконны. Гэтыя сходы для таго, каб мірна пагаварыць. І мы дамовіліся, што перашкаджаць не будзем. І праз месяц, і праз два, калі ў цябе будзе жаданне карміць галубоў і калі гэта будзе сумленна і спакойна — калі ласка.

Пракурор раёна Вадзім Шукрынаў таксама ўдакладніў, што выхады на плошчу з гэтага часу не з'яўляюцца злачынствам.

Патрабаванні вілейчукоў і ўльтыматум

Сустрэча працягвалася амаль дзве гадзіны. Фіналам сталі патрабаванні вілейчукоў, якія тыя перадалі старшыні раённага Савета дэпутатаў Алене Чабатар як прадстаўніку народа:

  • Прызнаць несапраўднымі афіцыйныя вынікі галасавання.
  • Неадкладная адстаўка дзейнага прэзідэнта.
  • Размяшчэнне патрабаванняў аб адстаўцы Лукашэнкі на афіцыйных сайтах і ў раённай газеце.
  • Вызваленне ўсіх палітвязняў.
  • Правядзенне з удзелам міжнародных спецыялістаў празрыстага і поўнага расследавання ўсіх выпадкаў гвалту.
  • Прыцягненне да крымінальнай адказнасці ўсіх супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія ўжылі гвалт.
  • Не перашкаджаць правядзенню мірных акцый.
  • Адмена цэнзуры ў мясцовай газеце.

Выкананне названых патрабаванняў ініцыятыўная група чакае да 20 жніўня. Ультыматум — адстаўка дзейнага старшыні Вілейскага райвыканкама Алега Бегунца.

Каментары3

Цяпер чытаюць

Як Ксюша з СМА апынулася ў Доме дзіцяці пры жывой маме? Вось што кажа сама маці6

Як Ксюша з СМА апынулася ў Доме дзіцяці пры жывой маме? Вось што кажа сама маці

Усе навіны →
Усе навіны

«Тэлефон, цацкі новыя, коцік». Беларус паказаў вясковую прыбіральню і скарыў тыкток3

У Калумбіі разбіўся самалёт з больш чым сотняй вайскоўцаў на борце

Пуцін канстатаваў пачатак спаду расійскай эканомікі16

Мінчанка назбірала ў лесе грыбоў, падобных да вядомага печыва. Ці ядомыя яны?

Беларускам дадуць дзве бясплатныя спробы зацяжарыць праз ЭКА4

Мінск выдае за «зніжкі» звычайныя тарыфы «Белмытсэрвіса». Колькі заплацяць за прастой фур літоўскія перавозчыкі?2

У Літве затрымалі грузавік, у якім расійскія нумары мяняліся на літоўскія адным націсканнем кнопкі2

У мінулым годзе эмігранты перавялі ў Беларусь амаль 160 мільёнаў даляраў4

У Літве недалёка ад мяжы з Беларуссю ўночы ўпаў і выбухнуў дрон

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як Ксюша з СМА апынулася ў Доме дзіцяці пры жывой маме? Вось што кажа сама маці6

Як Ксюша з СМА апынулася ў Доме дзіцяці пры жывой маме? Вось што кажа сама маці

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць