Грамадства

Супрацоўнік Адміністрацыі прэзідэнта расказаў, чаму звольніўся ў знак пратэсту

Анатоль Котаў 18 жніўня звольніўся з пасады намесьніка загадчыка аддзелу фінансаваньня дзяржорганаў галоўнага фінансавага ўпраўленьня Ўпраўленьня спраў прэзыдэнта Беларусі.

Ён адказаў на пытаньні «Свабоды».

«Я не сутыкнуўся з асуджэньнем калег»

— Чаму вы звольніліся з працы ў Адміністрацыі прэзыдэнта, што канчаткова паўплывала на ваша рашэньне?

— Гэта было маё рашэньне і жаданьне звольніцца. А апошняй кропляй стала поствыбарная сытуацыя ў краіне, калі да грамадзян Беларусі быў ужыты такі гвалт, якога з часоў Вялікай Айчыннай вайны ня бачылі на вуліцах Менску і іншых беларускіх гарадоў. Самае галоўнае, што пасьля ўсіх гэтых здарэньняў не хапіла адвагі, сумленьня хаця б афіцыйна прызнаць, што гэта недапушчальна ў сучасным грамадзтве. Калі людзей хапаюць на вуліцах асобы, якія не прадстаўляюцца, калі людзей б’юць, гэта недапушчальна ў эўрапейскай дзяржаве, якую мы будавалі ў Беларусі 26 гадоў. Я ведаў, што я падам заяву, хоць былі іншыя пляны, адпачынак. Але ўсе гэтыя пляны ня маюць ніякай вартасьці параўнальна з той жудасьцю, якая, на жаль, адбылася ў нашай краіне.

— Як паставіліся да вашага звальненьня вашыя былыя цяпер ужо калегі і сам Віктар Шэйман? Ці страшна было пісаць такую заяву?

— Было крыху страшна, бо ня ведаеш, куды потым пойдзеш. Самае галоўнае — ёсьць разуменьне таго, што дзяржаўная служба, якой я аддаў амаль 20 гадоў свайго жыцьця, будзе немагчымая бліжэйшым часам. Напэўна, гэта было нечакана для ўсіх. Як адрэагаваў Віктар Шэйман, я ня ведаю. Я зыходжу з таго, што мая заява была задаволеная і мяне звольнілі безь ніякіх праблемаў, гэта было шчыра, безь ніякага ціску. Ня я быў першы, хто сышоў з гэтага будынку, але ўсё роўна кожнае рашэньне кожнага супрацоўніка — гэта пэўная нечаканасьць, і гэта прынесла дадатковыя падставы падумаць іншым калегам.

Сярод калег былі не зусім задаволеныя альбо незадаволеныя сытуацыяй, якая склалася ў Беларусі. Бо нехта хварэў на каранавірус, якога нібыта не было, у некага сваякоў ці знаёмых пабілі, якія трапілі пад гарачую руку. Так ці інакш, гэта закранула шмат людзей і не мінула Ўпраўленьня спраў прэзыдэнта, таму гэта дало падставы падумаць.

Я не сутыкнуўся з асуджэньнем ад маіх калег. Я не хаваў таго, што дзяржава, каб быць эфэктыўнай, павінна многа рэчаў рабіць інакш, і тады не дайшло б да сутыкненьняў, да гвалту над сваімі грамадзянамі. Бо гэта ж не апазыцыя, ня нейкія ахвяры лялькаводаў з Захаду ці Ўсходу (тут ужо можна заблытацца), гэта былі на 95% звычайныя грамадзяне Беларусі, якія сутыкнуліся зь нечалавечым падыходам з боку ўладаў.

«Калі жывеш недалёка ад Пушкінскай, казаць, што нічога не было, немагчыма»

— Што далей будзеце рабіць? Як адрэагавала сям’я на ваша рашэньне?

— Буду шукаць нейкую працу. Канечне, першы час можна неяк падэканоміць, ад нечага адмовіцца… Мая сям’я падтрымала маё рашэньне, хоць гэта было нечакана, бо я ня раіўся зь сям’ёй, гэта было цалкам маё рашэньне.

Хоць мая жонка адчувала, што калі-небудзь да гэтага дойдзе, бо калі жывеш недалёка ад Пушкінскай, казаць, што нічога не было, немагчыма. І спакойна спаць па начах, ведаючы, колькі было параненых і зь якімі траўмамі, я не магу. Калі гэта было мэтай палітычнай кампаніі гэтага году, то я ня згодны з мэтамі і мэтадамі, якімі гэтыя мэты дасягаліся.

Я ўпершыню падтрымліваю прэмʼера Расеі, які казаў пасьля затрыманьня вагнэраўцаў, якія раптам аказаліся «нявагнэраўцамі», што Беларусь паставіла сабе мэту выйграць выбары, гэтую палітычную кампанію, любым коштам, а далей хоць трава не расьці. Вось гэта адлюстраваньне той сытуацыі, зь якой нам вельмі цяжка будзе выкараскацца.

— Як ставіцеся да таго, што адбываецца ў краіне? Як далей могуць разьвівацца падзеі?

— Мне вельмі прыкра з таго, што адбылося і з чым нам давядзецца сутыкнуцца, бо нас адназначна чакае больш цяжкі эканамічны крызіс, чым той, які мы адчулі вясной. Нас чакае непрыемны і вельмі цяжкі працэс унутранага беларускага дыялёгу грамадзтва з уладай, бо грамадзтва, на жаль, аказалася падзелена гэтай сытуацыяй.

Негатоўнасьць найперш з боку ўлады да больш-менш спакойнага дыялёгу паглыбляе і гаспадарчы, і сацыяльны крызіс, таму ў любым выпадку нам будзе кепска. І пакуль ня будзе хоць нейкай нармальнай спробы размовы са сваім уласным грамадзтвам, датуль мы не пачнём выбірацца з такога маштабнага крызісу, у якім мы апынуліся.

Тое, што адбылося ў жніўні 2020 году, паказала, што ўлада наогул перастала ўспрымаць сыгналы, якія ідуць ад грамадзтва. Папулярнасьць альтэрнатыўных кандыдатаў у тым, што яны ўпершыню за доўгі час нармальнымі словамі, з павагай зьвярнуліся да беларускага грамадзтва.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Кіберпартызаны» заявілі, што здабылі базу даных даносчыкаў КДБ28

«Кіберпартызаны» заявілі, што здабылі базу даных даносчыкаў КДБ

Усе навіны →
Усе навіны

На фронце загінуў сын экс-кандыдата ў прэзідэнты Дзмітрыя Уса. Іван ваяваў за Расію28

Працаваць у Расіі ці Еўропе? Параўноўваюць дальнабоі 10

ДАІ зацікавілася групай дзяўчат, якія сфатаграфаваліся на пешаходным пераходзе3

Школьнікаў, якія «праводзілі эксперымент» з порахам ад петардаў, даставілі ў бальніцу3

На Камароўскім рынку адкрылася новае месца з фастфудам: прапануюць бульбу па-бельгійску

Былы дыпламат і былы дэпутат Савіных пайшоў у бізнэс7

Дзед вядомага шпіёна Яна Марсалека таксама быў шпіёнам 

Два чалавекі загінулі ў ДТЗ у Крычаўскім раёне1

Мінск увайшоў у топ самых папулярных гарадоў для паездак расіян на лістападаўскія выхадныя3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Кіберпартызаны» заявілі, што здабылі базу даных даносчыкаў КДБ28

«Кіберпартызаны» заявілі, што здабылі базу даных даносчыкаў КДБ

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць