Культура22

У Бабруйскай крэпасці адрэстаўруюць казарму, у двары якой пабудавалі канцлагер

На тэрыторыі гістарычнай Бабруйскай крэпасці хочуць адрамантаваць самую вялікую казарму. Гэты будынак знаёмы многім аматарам кіно: менавіта ў яго двары некалькі гадоў таму пабудавалі дэкарацыі нацысцкага канцлагера для здымак еўрапейскага фільма.

Брама кіношнага канцлагера ў двары былой казармы Бабруйскай крэпасці. Фота: тэлеграм-канал «Куда полез»

Пра гэта стала вядома з заяўкі, размешчанай сайце дзяржаўных закупак. Згодна з ёй, Упраўленне капітальнага будаўніцтва Бабруйска шукае падрадчыка для распрацоўкі праектнай дакументацыі на першую чаргу работ на былой казарме па вуліцы Дуніна-Марцінкевіча, 1. На гэты этап выдзелена каля 285 тысяч рублёў з гарадскога бюджэту.

Фасад казармы па вуліцы Дуніна-Марцінкевіча, 1. Фота: Яндэкс Карты

Размовы пра тое, што з Бабруйскай крэпасцю трэба нешта рабіць, ідуць ужо не першае дзесяцігоддзе. Як і ў Брэсце, крэпасць тут калісьці знішчыла гістарычнае ядро горада, але так і не змагла стаць яго паўнавартаснай арганічнай часткай. Доўгі час масіўныя цагляныя пабудовы стаялі ў руінах, прыцягваючы хіба што аматараў закінутых месцаў, гісторыкаў і кінарэжысёраў.

Згодна з дакументацыяй, былая казарма, якую цяпер плануюць адрэстаўраваць, — самы буйны будынак на тэрыторыі крэпасці. Яго агульная плошча складае амаль 16 тысяч м2.

Казарма на фота 1919 года. Курган насыпалі палякі ў памяць пра загінулых у вайне з бальшавікамі афіцэраў і салдатаў 1‑га Польскага корпуса. Фота з гістарычнай даведкі да праектнай дакументацыі
Казарма (уверсе) на польскім аэрафотаздымку 1920 года. Фота з гістарычнай даведкі да праектнай дакументацыі
Казарма ў 1940‑я гады. Фота з гістарычнай даведкі да праектнай дакументацыі

Трохпавярховы П-падобны гмах з чырвонай цэглы быў узведзены, як мяркуецца, у 1830 годзе. Праект распрацоўваў архітэктар Інжынернага дэпартамента Аляксандр Штаўберт — аўтар многіх знакавых будынкаў не толькі ў Бабруйску, але і ў Санкт-Пецярбургу.

Казарма перажыла многае: і перабудовы ў 1920‑я гады, калі дабудавалі трэці паверх, і разбурэнні падчас Другой сусветнай вайны, пасля якіх будынак аднаўлялі, не зважаючы на яе архітэктурныя асаблівасці і зносячы гістарычныя прыбудовы.

Сёння гэтая велізарная казарма стаіць месцамі цалкам без даху, праз дзіры ў якім прараслі дрэвы, са шматлікімі расколінамі ў сценах і абваленымі перакрыццямі. Стан будынка ацэньваецца як перадаварыйны і аварыйны.

Што плануюць зрабіць?

Праектныя работы хочуць завяршыць да чэрвеня 2026 года. Мэта цяперашняга этапу — не поўнае аднаўленне будынка, а яго тэрміновае выратаванне. Галоўная задача будаўнікоў — спыніць далейшае разбурэнне гісторыка-культурнай каштоўнасці дажджамі і снегам.

У некаторых частках казармы цалкам страчаны дах і ўжо прараслі дрэвы. Чарцёж з праектнай дакументацыі

Для гэтага плануюць правесці маштабныя супрацьаварыйныя работы:

  • Разабраць завалы, зняць стары шыфер і дэмантаваць згнілыя драўляныя бэлькі перакрыццяў і крокваў, якія пагражаюць абвалам.
  • Умацаваць аварыйныя сцены з дапамогай спецыяльных ін'екцый і спіралепадобных анкераў.
  • Закласці аконныя і дзвярныя праёмы драўлянымі шчытамі (на першым паверсе — газасілікатнымі блокамі), каб абмежаваць доступ вандалаў унутр.
  • Аднавіць страчаную кроквенную сістэму і зрабіць новы фальцавы дах цёмна-зялёнага колеру. Менавіта такі колер, як паказваюць архіўныя даследаванні і дакумент XIX стагоддзя «Збор фасадаў», быў характэрны для казённых будынкаў таго часу.
  • Знесці савецкія прыбудовы з сілікатнай цэглы, якія псуюць гістарычны выгляд.

Пасля завяршэння гэтых работ будынак будзе закансерваваны без прыстасавання пад нейкую новую функцыю, напрыклад, гатэль ці музей.

Стан унутры казармы. Фота: Яндэкс Карты
Стан унутры казармы. Фота: Яндэкс Карты
Стан унутры казармы. Фота: Яндэкс Карты

Кіношны канцлагер

Для многіх беларусаў гэты закінуты будынак знаёмы не з падручнікаў гісторыі, а з кінематографа. Маштабы казармы і яе змрочны, паўразбураны выгляд неаднаразова прыцягвалі ўвагу рэжысёраў, якія здымалі тут стужкі пра вайну.

Дэкарацыі канцлагера, створаныя ў дворыку казармы Бабруйскай крэпасці для фільма «Урокі фарсі». Кадр фільма
Дэкарацыі канцлагера, створаныя ў дворыку казармы Бабруйскай крэпасці для фільма «Урокі фарсі». Кадр фільма
Дэкарацыі канцлагера, створаныя ў дворыку казармы Бабруйскай крэпасці для фільма «Урокі фарсі». Кадр фільма
Дэкарацыі канцлагера, створаныя ў Бабруйскай крэпасці для фільма «Урокі фарсі». Казарма на заднім плане. Кадр фільма

Самай гучнай падзеяй сталі здымкі восенню 2018 года гістарычнай драмы «Урокі фарсі» (сумесная вытворчасць Расіі, Германіі і Беларусі) амерыканскага рэжысёра Вадзіма Перэльмана. Менавіта ў двары «Былой казармы» кіношнікі ўзвялі маштабныя і злавесна рэалістычныя дэкарацыі нацысцкага канцлагера: агароджу з калючым дротам, вартавыя вышкі і браму з надпісам «Jedem das seine» («Кожнаму сваё»).

Незвычайная лакацыя ў дворыку казармы захоўвалася да нядаўняга часу. Фота з сацсетак

Па сюжэце фільма галоўны герой, бельгійскі яўрэй, каб выжыць у лагеры, выдае сябе за перса і вучыць нямецкага кухара неіснуючай мове, словы якой былі створаны лінгвістам з імёнаў рэальных ахвяр Халакосту. У здымках масавых сцэн тады ўзялі ўдзел каля тысячы бабруйчан.

Двор казармы ў чэрвені 2025 года ўжо быў цалкам ачышчаны ад дэкарацый кіношнага канцлагера. Фота: Яндэкс Карты

Пасля завяршэння працы над фільмам бутафорскі канцлагер не сталі зносіць адразу. Брама і прастаяла недзе да лета 2025 года, дзівячы выпадковых турыстаў, якія лічылі яго сапраўдным музеем вайны пад адкрытым небам. 

Каментары2

  • Спадар
    25.02.2026
    Калі вы ўжо там наваюецеся....на гэтай "велікай ацэчэственай"?
  • А
    25.02.2026
    Дарма лагер прыбралі, яшчэ ў 2030 годзе спатрэбіцца

Цяпер чытаюць

Беларуска кліча на вяселле зорку «Універа», які за вайну. Упрэгся ўвесь Threads13

Беларуска кліча на вяселле зорку «Універа», які за вайну. Упрэгся ўвесь Threads

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску збіраюцца ў чатыры разы павялічыць псіхбальніцу на Бехцерава21

Журналістку Ціну Палынскую разам з дачкой асудзілі на 2 гады зняволення1

У Лошыцкім парку адновяць стары млын6

Дасведчанага праграміста з літоўскай IT-кампаніі асудзілі ў Гомелі за «садзейнічанне экстрэмізму»1

Кім быў загінулы добраахвотнік Васіль Рапіцкі. Расказвае Клачко2

Трамп: Ніякай здзелкі з Іранам не будзе, толькі безагаворачная капітуляцыя4

Большасць «жаночых» вуліц у Беларусі названыя ў гонар Крупскай і Церашковай8

Азербайджан мабілізаваў рэзервістаў і выставіў войскі на баявыя пазіцыі4

Казуля ў трактары справакавала праверку пракуратуры

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларуска кліча на вяселле зорку «Універа», які за вайну. Упрэгся ўвесь Threads13

Беларуска кліча на вяселле зорку «Універа», які за вайну. Упрэгся ўвесь Threads

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць