Пакуль без сенсацый. 5 назіранняў пасля першых тураў чэмпіянату Беларусі па футболе
У чэмпіянаце Беларусі прайшлі два туры. Яшчэ зарана рабіць якія-небудзь высновы, але ўжо можна падзяліцца назіраннямі ад вышэйшай лігі ўзору 2021 года.
1. У табліцы ўсё больш-менш прадказальна
Зірніце ў турнірную табліцу: сенсацыяй там можна назваць хіба што лідарства «Іслачы». Каманда Радзькова выйграла матчы ў «Славіі» і «Смаргоні», таму такі поспех непрадказальным назваць складана. Найбольш складаныя гульні ў «ваўкоў» яшчэ наперадзе.

Акрамя «Іслачы», без страт ідзе яшчэ «Шахцёр». Чэмпіёны вышукваюць ідэальны склад, выйграюць нязначна, але ж не прайграюць. Іх галоўныя канкурэнты з Мінска, Барысава і Брэста ўжо спатыкнуліся на турнірнай хадзе, але не так істотна, каб гэта выглядала праявай крызісу.
Для параўнання: год таму пасля двух тураў з «нулём» на дне табліцы апынуліся БАТЭ і мінскае «Дынама». Правал на старце тады каштаваў барысаўцам чэмпіёнства. Сёлета ж пакуль без неспадзяванак сярод аўтсайдараў.
2. Фаварыты пакуль нестабільныя
У другім туры мінскае «Дынама» і БАТЭ не змаглі вярнуцца з Віцебска і Брэста з перамогамі. Сераднякі з неблагой лініяй абароны аказаліся фаварытам не па зубах.

Брэсцкі «Рух» наогул разбазарыў перавагу ў два мячы ў матчы з «Мінскам», вынікам чаго стала другая запар нічыя. Пакуль у Кірыла Альшэўскага ніяк не атрымліваецца з патэнцыйна наймацнейшага складу лігі стварыць наймацнейшую каманду.
«Шахцёр» таксама не выглядае няўразлівым, хоць і перамог двойчы. Але, як і ў іх суседзяў па табліцы з «Іслачы», важныя гульні ў салігорцаў яшчэ наперадзе. Балы «гарнякі», як і іх канкурэнты, будуць губляць.
3. Пакуль легіянеры сябе слаба праяўляюць
Праявай міжсезоння ў беларускім футболе стаў масавы ад’езд замежных футбалістаў, якія былі на вядучых ролях у нашых клубах. Замест Яхшыбоева, Насціча, Сцівена, Габрыэла Рамаса, Ліпэ Велозу, Кадзімяна прыехалі новыя гульцы, з якіх пакуль складана кагосьці адзначыць.
Тыя, хто застаўся, таксама не могуць парадаваць яскравай гульнёй. Будзем чакаць, што з пераходам на натуральны газон легіянеры змогуць паказаць сваё майстэрства.
Спрагназуем, што сярод топ-бамбардзіраў чэмпіянату будзе Дэмба Дарбо з «Шахцёра», маторам БАТЭ будзе Шахбоз Умараў, а таксама выстраліць чарговы бразілец у Жодзіне.
4. «Лімітчыкі» карціны не псуюць і гатовыя стаць лідарамі ў асобных камандах
Адна з фішак чэмпіянату Беларусі — увядзенне ліміту на маладых гульцоў у камандах. Цяпер на полі абавязкова павінен быць як мінімум адзін футбаліст, не старэйшы за 21 год. У гэтай меры ёсць шмат крытыкаў, але «лімітчыкі» ў некаторых камандах граюць важную ролю і гатовыя браць на сябе лідарства.
Так, Даніла Нячаеў, якога Віталь Жукоўскі выпісаў з «Белшыны» ў БАТЭ, заслужыў выклік у нацыянальную зборную, гулец «Руха» Арцём Канцавы з двума забітымі мячамі дзеліць першы радок спісу бамбардзіраў, а 20-гадоваму Арцёму Макаўчыку давяраюць абараняць вароты «Энергетыка-БДУ».

Сярод тых «лімітчыкаў», за якімі варта сачыць, можам вылучыць Руслана Лісаковіча («Іслач»), Рамана Давыскібу (мінскае «Дынама»), Глеба Шаўчэнку («Шахцёр»), Рамана Пасевіча («Нёман»), Аляксандра Шасцюка (брэсцкае «Дынама») і Кірыла Зіновіча («Мінск»). Спадзяёмся, з часам гэты спіс будзе толькі папаўняцца.
5. «Смаргонь» і «Спадарожнік» правальваюць старт і будуць ад пачатку змагацца за «выжыванне»
Сюрпрызаў не здарылася, і «Смаргонь» на пару са «Спадарожнікам» па выніках двух тураў замыкаюць табліцу з нулём балаў. Да таго ж, каманды пакуль не здолелі адзначыцца забітымі мячамі.
Ацэньваючы гульні новых каманд, нельга сказаць, што яны не змагаюцца, але нават матчы з супастаўнымі па моцы камандамі пакуль праходзяць па адным і тым жа сцэнарыі: прапушчаны гол у першым тайме, спробы адгуляцца ў другой палове да другога прапушчанага мяча.
Знайсці выхад з такога становішча «Смаргоні» і «Спадарожніку» будзе вельмі складана: прадпасылкі для выпраўлення сітуацыі пакуль незаўважныя.
***
27 сакавіка зборная Беларусі па футболе стартуе ў адборы на чэмпіянат свету 2022 года матчам супраць зборнай Эстоніі. З-за каранавіруса ў ім не змогуць узяць удзел галоўны трэнер і ажно 15 футбалістаў.
У выніку экстранна на дапамогу былі пакліканы 10 новых футбалістаў, якімі будзе ў Мінску кіраваць былы трэнер зборнай Марцін Рэйм.
Кадравыя праблемы ў суперніка дадаюць беларусам шанцаў на перамогу.
Каментары