Трох затрыманных на маршы ў Кунцаўшчыне пакаралі суткамі і штрафам
У судзе Фрунзенскага раёна разгледзелі справы Уладзіслава Кубіцкага, Дзмітрыя Палякова і Аляксандры Дончанка, якіх затрымалі на маршы ў Кунцаўшчыне, паведамляюць праваабаронцы.
24-гадовы Уладзіслаў Кубіцкі сваю віну не адмаўляў, але адзначыў, што словы, растыражаваныя праўладнымі тэлеграм-каналамі, яго прымусілі прачытаць у РУУСе. Вынік ад суддзі Блізнюк — 15 сутак арышту.
41-гадовы Дзмітрый Палякоў на пасяджэнні адзначыў, што раніцай 9 верасня яны з дзяўчынай падышлі да 26-й паліклінікі і чакалі пачатку шэсця. Туды пачалі падыходзіць невядомыя людзі у чорным адзенні. Потым да іх падбегла невядомая дзяўчына і раздала БЧБ-сцягі. Праз некалькі хвілін у метрах дзесяці ад сябе, ён заўважыў некалькі людзей, якія шлі ўжо са сцягамі. Яны з дзяўчынай пачалі ісці да групы людзей, але праз два метра іх ужо затрымалі. Суддзя Бугук арыштавала Палякова на 13 сутак.
37-гадовая Аляксандра Дончанка распавяла, што была з Паляковым, але яны нават не паспелі прыняць удзел у шэсці, бо іх затрымалі амаль адразу. У выніку суддзя Блізнюк прызнала Аляксандру вінаватай і аштрафавала яе на 2610 рублёў.
Таксама вядома, што на маршы былі затрыманыя Таццяна Бусел і яе сын Аляксей, а пасля ператрусу ў іх кватэры быў таксама затрыманы муж і бацька — Сяргей Бусел. Іх лёс на дадзены момант невядомы.
Каментары