Грамадства

У Лібане знаходзіцца да 300 беларусаў.

Міністэрства замежных справаў Беларусі вырашае, якім чынам даставіць суайчыньнікаў на радзіму.

Сёньня вайсковыя ўлады Ізраілю ўзгаднілі з прадстаўнікамі амбасадаў час і маршруты эвакуацыі замежных грамадзянаў, даўшы гарантыі, што баявыя дзеяньні ў гэтых раёнах весьціся ня будуць. Тым часам, як паведамілі ў дыппрадстаўніцтве Беларусі ў Сырыі, першыя беларускія грамадзяне, якія вырашылі пакінуць зону лібанска-ізраільскага ўзброенага канфлікту, прыбылі ў Дамаск. Цяпер Міністэрства замежных справаў Беларусі вырашае, якім чынам даставіць суайчыньнікаў на радзіму.

У амбасадзе Беларусі ў Сырыі пацьвердзілі, што першая група беларусаў чакае магчымасьці вярнуцца дадому. Колькі канкрэтна чалавек здолелі зьехаць зь Лібану, дзяжурны дыппрадстаўніцтва не ўдакладніў — паколькі, як ён выказаўся, аўтобусы ўвесь час падцягваюцца і сярод пасажыраў-замежнікаў таксама могуць быць і беларусы.

(Дзяжурны амбасады: ) “Так, ёсьць тыя, хто прыбыў у Дамаск. Яны ёсьць, але рэч у тым, што іх няма цяпер у нас у амбасадзе. Аднак усе зьвесткі адносна беларусаў будуць акумулявацца ва ўпраўленьні інфармацыі Міністэрства замежных справаў”.

Згодна з папярэднімі ацэнкамі, у Лібане знаходзіцца да 300 беларусаў — у асноўным гэта жонкі грамадзянаў Лібану, а таксама тыя, хто працуе ў сфэры абслугоўваньня ці турбізснэсу. На гэты момант беларуская амбасада ў Дамаску падтрымлівае кантакт з паўсотняй суайчыньнікаў, якія наўпрост заявілі пра жаданьне пакінуць зону канфлікту. Разглядаюцца розныя спосабы вяртаньня ў Беларусь. У прыватнасьці, ёсьць дамоўленасьць з расейскім дыппрадстаўніцтвам, каб узяць беларусаў на борт самалёта Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, які адляціць у Маскву заўтра. Хто яшчэ не пасьпеў выехаць зь Лібану сёньня, 19 ліпеня ганаровы кансулят Беларусі ў Лібане арганізуе спэцыяльны аўтобус з Бэйруту ў Дамаск. Плянуецца, што гэтыя людзі 21 ліпеня адляцяць у Менск чартэрным рэйсам кампаніі “Белавія”. Трэці варыянт прадугледжвае дастаўку беларусаў паветраным транспартам Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Беларусі.

У той час, як плыня ўцекачоў зь Лібану мацнее, грамадзяне Ізраілю па-рознаму ацэньваюць неабходнасьць сілавой апэрацыі супраць лібанскай вайсковай арганізацыі “Хізбала”, падчас якой гінуць і мірныя лібанцы. Так, адзін з тых, хто ад’ехаў у Ізраіль, а пасьля зноў вярнуўся ў Беларусь, лічыць, што менавіта рэпатрыянты падтрымліваюць больш жорсткія захады супраць краінаў, якія пагражаюць бясьпецы Ізраілю.

(Спадар: ) “Ізраільцы, якія жывуць у пасяленьнях альбо дзесьці побач з арабамі, яны часта нашмат ляяльнейшыя да сваіх суседзяў. Таму што ўсіх арабаў нельга пад адзін грэбень часаць — ня ўсе ж экстрэмісты, так? Але што да рэпатрыянтаў, былых нашых грамадзянаў, то яны прызвычаіліся да больш жосткіх захадаў. Магчыма, выхаваныя яшчэ сталінскімі рэпрэсіямі — маўляў, калі вораг не здаецца, значыць, яго трэба зьнішчаць”.

Днямі зь Лібану плянуецца эвакуяваць больш за 5 тысяч замежнікаў — перадусім, жанчын і дзяцей. Калі дойдзе чарга да астатніх ахвочых, пакуль невядома, аднак паведамляецца, што толькі францускіх грамадзянаў у гэтай краіне налічваецца каля 20 тысяч. Тым часам, Ізраіль і лібанская вайсковая арганізацыя “Хізбала” працягваюць абменьвацца ракетна-бомбавымі ўдарамі. Ахвярамі новай вайны ўжо сталі больш за 200 чалавек з абодвух бакоў. МЗС Беларусі зьвярнулася да беларускіх грамадзянаў з настойлівым заклікам ўстрымацца ад паездак на Блізкі Ўсход да поўнай нармалізацыі сытуацыі.

Радыё Свабода

Каментары

Цяпер чытаюць

Беларуска кліча на вяселле зорку «Універа», які за вайну. Упрэгся ўвесь Threads7

Беларуска кліча на вяселле зорку «Універа», які за вайну. Упрэгся ўвесь Threads

Усе навіны →
Усе навіны

Кафеін замест какаіну. Дачка забітага наркабарона Эль Менча кіруе кавярняй у Каліфорніі1

Экскурсавод паказаў кватэру, у якой у Мінску жыў Лі Харві Освальд

Загінуў беларускі добраахвотнік Васіль «Дзір» Рапіцкі12

«Укруці глыбей»: сетка вінных крам зрабіла рэкламу да 8 сакавіка з сэксуальным падтэкстам10

Па справе аб смерці Мелказёрава прызначылі дадатковую экспертызу5

Вуліцы Мінска запаланілі цюльпаны — цэны вагаюцца ад 4 да 6 рублёў за штуку2

«Гэта была мара ўсяго майго жыцця». Беларуска паляцела на Мальдывы і не можа вярнуцца дадому8

Кіраўніка следчай групы па справе Tut.by пасадзілі на 14 гадоў10

Здаровая ежа — шэрая, прэсная, непрыгожая, нясмачная? Гутарка з аўтаркай кнігі пра сняданкі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларуска кліча на вяселле зорку «Універа», які за вайну. Упрэгся ўвесь Threads7

Беларуска кліча на вяселле зорку «Універа», які за вайну. Упрэгся ўвесь Threads

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць