Літаратура

«Госпадзе, жыць у тваёй рэжысёрскай версіі…» Новыя вершы найлепшых паэтаў. Хадановіч, Сцебурака, Марозава

У новай рэальнасці найлепшыя беларускія творцы змяшчаюць свае новыя творы ў сацыяльных сетках.

Сёння мы выбралі для вас новыя вершы Андрэя Хадановіча, Усевалада Сцебуракі. І — мы ніколі не публікавалі раней яе вершаў — маладой паэткі Маргарыты Марозавай. Гэта юны і свежы, не падобны да іншых паэтычны голас.

Андрэй Хадановіч. Версія

Пачарнелымі ад жыццёвых святаў вачыма 
пагляджу на ўсё, што завецца гэтым жыццём,
падзялюся з кімсьці планамі і, магчыма, 
насмяшу кагосьці з гумару пачуццём.

Пазбіраю да купы выклятыя пытанні,
каб забіцца не ў родны кут, а ў часовы сквот
і выплакваць свету свае — каб… каб… каб… — жаданні,
як пабіты часам рымскі вадаправод.

Каб візіты блізкіх — не толькі праз тэлефоны, 
каб вясна штогод прыходзіла за зімой.
Каб любіць свабоду не толькі ў краіне зоны, 
у краіне, дзе кожны прынц — са сваёй турмой.

Каб рыдалі ад смеху з сябе, а ў фінале — ад шчасця,
каб не стрэліў ніхто, хоць ва ўсіх на сцяне ружжо,
і не трэба гадалак, бо ўсе магчымыя масці
нам прарочаць на заўтра, што сёння робім ужо.

Каб жыццё не дзялілі на першае і другое,
па-дзіцячы любілі марозіва і кіно,
каб дарыць паспявалі самае дарагое, 
перш чым танным і непатрэбным стане яно.

Каб фанатык усіх рэлігій абняў зняверца, 
наступалі б на граблі з карысцю для галавы.
Каб на ўсе памылкі хапіла часу і сэрца — 
нарабіць і выправіць, покуль дурны і жывы.

Каб не плакаць па любых, якім няблага наверсе,
каб наверсе не хвалявацца, як там зямля.
Госпадзе, жыць у тваёй рэжысёрскай версіі,
а прадзюсары хай жывуць у тым, што пасля.

Усевалад Сцебурака

* * *

Шкода мне тых, хто не мае нагі,
ці ўласнай сваёй гасподы,
тых бедакоў, што не маюць грашэй,
(хоць гэта і не заўсёды).
Я б ім на картку закінуў рубля,
падтрымаў па гарачым нумары,
ды адусюль бы я гнаў узашэй,
тых, хто не мае гумару.

Тыя, хто усё ўспрымае ўсур'ёз,
усе, хто не цяміць жартаў —
горшыя значна за педыкулёз,
і пазбягаць іх варта.
Дзе б ні сустрэў ты такі экзэмпляр
лепш уцякай дахаты,
аб паразуменні нават не мар
і не ўступай ў дэбаты.

Можна мець справу з любым дзіваком, 
пры пэўным падборы лекаў,
але бяссільныя захады ўсе
перад такім калекам…

Маргарыта Марозава. Фота з яе старонкі ў фэйсбуку.

Маргарыта Марозава. 2021

а што па выніках?
разадраныя негатывы
мутацыі моўнага апарата
у горле захрасла птушынае «р»
і яшчэ гэта горкае

р а з в і т а н н е

пялёсткі ружы
берасцейская кава
менскае допіа на вяршках

колер памады чырвоны
памада не мая

піва лідскае пшанічнае
кола вядома не дыетычная

пах новапашытых майткоў
пах школьнай формы
пах разагрэтых паўфабрыкатаў
у кладоўцы невялічкай крамы
буйнога народнага брэнда

у памяці эпізоды
шматсерыйнага дэтэктыву
месца дзеяння парк горкага
за касіркай на батуце
палюе маньяк і менская 
міліцыя

на языку на зубах у лёгкіх
мальбара голд
сабраніе белае
кэмел жоўты
кэмел чарнічны
парламент

але вынік які?
менская сцэна на смак
як водка са швэпсам 
як напой у стаканчыку Міці
фаната марціновіча
як пот незнаёмцаў
і прыгожых дзяўчат
у топіках

па выніку я недзе ў цэнтры сусвету
у цэнтры слэму
там дзе песні галанцерэі не такія
аднолькавыя

словы высновы згубіліся недзе
паміж калоссем у полі
паміж каліўцамі бульбы
якую пасадзіла, але сабраць
не паспела

у галаве гукі птушынай мовы
аб’явы ў самалётах і цягніках
скрып штрасэнбанаў
крык прадавачкі на 
птушыным рынку

не, я яшчэ не забыла, што 
недзе ў свеце мне засталася спадчына
недзе ляжыць мая падлога
з іртуццю ў шчылінках

па выніку да падрапаных негатываў дадаліся новыя
па выніку свет расфарбаваўся ў колеры адзення
прыгожых сяброў 

час стаў прасторай 
месцам куды я ніколі не траплю 
і мяне гэта не пужае

па выніку я сяджу ў будынку
даваеннага часу

і нічога не хочацца
мо толькі закахацца.

Каментары

Цяпер чытаюць

ЗША ўзгаднілі з Расіяй мірны план, вельмі нявыгадны для Украіны123

ЗША ўзгаднілі з Расіяй мірны план, вельмі нявыгадны для Украіны

Усе навіны →
Усе навіны

Жах на пяць паверхаў: як жыве і пакутуе самая вялікая камуналка Мінска4

Axios: ЗША і РФ працуюць над сакрэтным планам па Украіне9

Дыверсант на польскай чыгунцы дапусціў дзіўную памылку — падарваў не тую рэйку13

«Бабарыка быў бы годным прэзідэнтам, але хунта пазбаўляецца ад разумных людзей крымінальнымі метадамі». Што пішуць людзі пра банкіра84

Палата прадстаўнікоў ЗША прагаласавала за раскрыццё «файлаў Эпштэйна». Сенат прыняў гэтую пастанову без абмеркавання4

Зборная Кюрасаа ўпершыню ў гісторыі выйшла на чэмпіянат свету па футболе

У Мінску закрылі вуліцу Масюкоўшчына адразу ажно на пяць гадоў. Што там адбываецца?1

Арыгінальная бетонная царква на Тэнэрыфе прызнана найлепшым будынкам года ў свеце7

Вызначыліся каманды ад Еўропы, што напрамую выйшлі на ЧС па футболе, і ўдзельнікі стыкавых матчаў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

ЗША ўзгаднілі з Расіяй мірны план, вельмі нявыгадны для Украіны123

ЗША ўзгаднілі з Расіяй мірны план, вельмі нявыгадны для Украіны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць