Здарэнні

З’явілася фота журналісткі пула Лукашэнкі на «Маршы за свабоду». Яна працягвае працу: «Са мной нічога не здарыцца»

Фотаздымак з марша каля стэлы 16 жніўня 2020 года выклала былая калега ў адказ на брыдкае відэа БТ. Але да чаго там Вольга Забеліч, журналістка канала «Мір»? Разбіраемся.

Экс-рэпарцёрка АНТ Наталля Казей нядаўна дала інтэрв’ю «Белсату», у якім яна расказала пра працу на тэлеканале «Мір» і выпадкі харасмента падчас яе. 

Пасля чаго пра Казей выйшаў сюжэт на «Беларусь 1»: згадалі яе аповед пра выкідыш у 2020 і заявілі, што Казей хлусіць, маўляў, яна медыкаментозна спыніла цяжарнасць. Нават апублікавалі медыцынскі дакумент (што парушае закон, бо разгалошвае медыцынскую таямніцу). 

Пасля чаго Казей апублікавала ў фэйсбуку фота сваёй — ужо былой — калегі і сяброўкі Вольгі Забеліч, журналісткі тэлеканала «Мір». На фота Вольга з букетам кветак на тым самым «Маршы за свабоду», які прайшоў 16 жніўня 2020 года і быў самым масавым у беларускай гісторыі. 

Вось тое фота:

Пікантнасць сітуацыі ў тым, што Забеліч працягвае працаваць на «Міры». І працягвае здымаць прапагандысцкія сюжэты.

Вось яе апошнія творы: «Бясплатная адукацыя і медыцына: Лукашэнка вызначыў курс на сацыяльную арыентацыю», «Лукашэнка заклікаў вывесці эканоміку на шлях ўстойлівага інавацыйнага развіцця», «Нараджэнне новага жыцця: Лукашэнка наведаў цэнтр «Маці і дзіця». 

Але ж Забеліч не мае ніякага дачынення да сюжэта на БТ. Для чаго Наталля Казей выклала яе фотаздымак з марша? Тым больш, што сёння такога здымка дастаткова, каб на чалавека завялі крыміналку і адправілі на «хімію» ці нават у калонію. 

Наталля Казей: «Здымак я выклала, каб паказаць факты, што ў сістэме працуюць людзі, якія супраць самой сістэмы»

«Зараз вялікая колькасць маіх сяброў, калег, сядзяць у турме за сваю праўду, — патлумачыла Наталля Казей «Нашай Ніве». — Напрыклад Ксенія Луцкіна, якая раней працавала на БТ. У той жа час людзі, якія засталіся працаваць у дзяржСМІ — на БТ, СТВ, «Мір» — таксама супраць Лукашэнкі. І гэта я ведаю не з нейкіх там плётак, гэтыя людзі казалі тое самі.

Яны абяцалі звольніцца, хадзілі на маршы, расказвалі, як ненавідзяць Лукашэнку і хочуць сумленных выбараў… Але зараз яны працягваюць дапамагаць уладзе, якую самі ненавідзяць. Большасць работнікаў дзяржаўных СМІ проста граюць ролю, яны не вераць у тое, што самі кажуць. На маршах я сустракала шмат калег, якія казалі: «Мы таксама звольнімся!»

Але ім пасля прапанавалі кватэры — нам з мужам таксама прапаноўвалі, каб мы не звальняліся — і яны зрабілі свой выбар. І працягваюць рабіць гэтыя брудныя сюжэты.

Наталля Казей. Фота: старонка Наталлі ў Facebook

За кожнае слова ў маім інтэрв’ю «Белсат» я адказваю галавою. І пра дамагальніцтвы, і пра мой выкідыш. 

Хоць мне цяжка, але я растлумачу пра тое спыненне цяжарнасці. Калі адбываецца выкідыш, часам не да канца ўсё выходзіць. Тады жанчыне мусяць рабіць чыстку ці прызначаць медыкаменты, каб арганізм сам пазбавіўся. 

12 жніўня я трапіла ў бальніцу і доктар мне сказаў: «Дзіця згубілі, але ў вас не да канца выйшла ўсё. Трэба ці чысціць ці ўжыць медыкаменты». І было вырашана прыняць таблеткі, бо чыстка — горш, можа паўплываць у будучым на магчымасць мець дзяцей.

Пра фота і Вольгу Забеліч. 16 жніўня я адпрасілася ў дактароў, каб пайсці на марш. Вольга заехала за мною і мы разам паехалі туды. Яна ўсё выдатна ведае, чаму я была ў бальніцы, што адбывалася — і цяпер яна маўчыць. 

Маўчаць — гэта яе права. Але і гаварыць — маё права.

Здымак я выклала, каб паказаць факты, што ў сістэме працуюць людзі, якія супраць самой сістэмы. Зараз дзяржава намагаецца пераканаць, што ўсе за Лукашэнку, а тыя, хто з’ехаў — здраднікі, «беглыя» і хлусы. Але ж не. Мы былі вымушаныя з’ехаць і мы не хлусы, за свае словы мы можам адказаць. А хлусіце вы, бо спачатку выходзіце на маршы, зрываючы галасы ў крыку «Жыве Беларусь!», а пасля кажаце ў сваіх сюжэтах які Лукашэнка выдатны. 

Ці буду я адчуваць віну, калі ў Вольгі Забеліч будуць праблемы? А чаму я мушу адчуваць віну? Бо яна хадзіла на марш? Дык ці я ў гэтым вінаватая? 

За тое, што сістэма можа яе пасадзіць у турму? Дык сядзіць агромністая колькасць людзей, якія былі на маршах. І хто мусіць адчуваць віну за гэта? 

Я не хачу, каб Забеліч сядзела ў турме. Зла ёй не жадаю. Але, мяркую, калі яна два гады выкручвалася і падманвала сістэму, то і зараз выкруціцца».

Вольга Забеліч: «Са мной абсалютна нічога не здарылася. І не здарыцца»

«Наша Ніва» звязалася з Вольгай Забеліч, каб пацікавіцца, ці не ўзніклі ў яе праблемы пасля публікацыі фота з Марша.

«Са мной абсалютна нічога не здарылася. І не здарыцца. Калі здарыцца, тады і пагаворым», — адказала журналістка.

Вольга Забеліч. Фота: старонка журналісткі ў Facebook

Але адказваць, як ужываюцца паходы на маршы і праца ў лукашэнкаўскім пуле, Вольга Забеліч не захацела:

«Я не буду нічога каментаваць, пагаварыце на гэтую тэму з Наталляй Казей. Але ўсё, што яна вам скажа, будзе поўнай лухтой».

Чытайце таксама: Намеснік гендырэктара БЕЛТА па ідэалогіі знік з радараў у верасні, а знайшоўся ў судзе. Падрабязнасці

Каментары

Цяпер чытаюць

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра

Усе навіны →
Усе навіны

У Нью-Ёрку самалёт Air Canada сутыкнуўся з пажарнай машынай на ўзлётна-пасадачнай паласе

У Гомелі знясуць даваенны Дом сувязі — замінае пашырыць вуліцу, якая ў гэтым месцы і так мае восем палос1

У цэнтры Мінска п'яны кіроўца пратараніў слуп

У Беларусі пабачылі палярнае ззянне2

Палякі купляюць дамы ў Беларусі — цікавяцца, ці хопіць на жыццё еўрапейскай пенсіі, і радуюцца смешным выдаткам25

Міністр адказаў на чуткі пра скарачэнне дэкрэтнага адпачынку ў Беларусі

Аляксандр Авечкін стаў другім хакеістам у гісторыі НХЛ, які закінуў 1000 шайб3

Перад сустрэчай з Лукашэнкам Коўла забаўлялі расказамі пра зімовую рыбалку5

Беларускі мотагоншчык цудам выжыў пасля падзення са скалы 1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць