Грамадства

«Хацелі, каб я адразу «зліваў», калі хтосьці выкажа сваё меркаванне». Старшыня таварыства ўласнікаў у Мінску расказаў, як з ім «гутарылі» ў КДБ

Пайшлі размовы, што мінскіх старшыняў таварыстваў уласнікаў і ЖКС выклікаюць на размовы ў КДБ, дзе падрабязна распытваюць пра падзеі 2020 года і патрабуюць падпісаць згоду аб супрацоўніцтве. І гэта аказалася праўдай. Аднаго са старшыняў таварыства ўласнікаў у Мінску ўжо выклікалі ў КДБ — ён расказаў Zerkalo.io падрабязнасці візіту.

Будынак КДБ у Мінску.

Валянцін (імя зменена) узначальвае некалькі таварыстваў уласнікаў ў Мінску. На гутарку ў КДБ яго паклікалі па тэлефоне, а на патрабаванні даслаць афіцыйную паперу заявілі: «Калі не хочаце так, мы самі за вамі прыедзем».

Суразмоўца вырашыў прыйсці самастойна. Гутарка ў раённым аддзяленні КДБ доўжылася прыкладна паўтары гадзіны.

Супрацоўнік, які размаўляў з Валянцінам, спачатку задаваў шмат асабістых пытанняў: дзе ён быў у 2020 годзе падчас масавых акцый, ці ўдзельнічаў у іх, ці затрымлівалі яго сяброў або сваякоў. Цікавіўся, як ён ставіцца да сілавых органаў, да санкцый, ці «жасцілі» сілавікі ў жніўні 2020-га.

— Я казаў, што я звычайны чалавек — працую і нікуды не лезу. Натуральна, адказваў, што нідзе не быў, дома сядзеў і ўсё. Даваў адказы, якія ён хацеў пачуць, а з другога боку, мае словы былі ні пра што.

Потым супрацоўнік КДБ загаварыў пра працу — і сам пералічыў усе таварыствы, у якіх працуе Валянцін.

— Пачаў пытацца, ці ёсць у мяне суседзі, якія дзесьці засвяціліся, былі пад арыштам ці нешта такое. Я кажу, што не ведаю — маю зносіны з людзьмі толькі ў рамках працоўных пытанняў. Пытаўся, ці былі ў нас сцягі на вокнах, дазнаваўся нумары кватэр — адказваю, што ў той час было шмат сцягоў на вокнах, магчыма, і ў нас былі.

Трэці этап гутаркі — прапанова аб супрацоўніцтве. Дакладней, Валянціна проста паставілі перад фактам і прадыктавалі тэкст дакумента.

— Спыталіся: «Маглі б вы нам дапамагаць?» Хацелі, каб я адразу «зліваў», калі хтосьці будзе пытацца пра палітыку, павесіць налепку, сцяг, крыкне лозунг або выкажа сваё меркаванне. Я казаў, што нічым не магу дапамагчы — пры мне такога не было. Ён у адказ: «Настойліва рэкамендую з намі супрацоўнічаць». Хацелі ведаць усё пра людзей: хто чым дыхае, пра што думае.

Мужчыну далі аркуш паперы, дзе ён фактычна пад дыктоўку напісаў, што не мае права распавядаць пра гэтую гутарку і што будзе ўсяляк спрыяць раскрыццю «экстрэмісцкіх фармаванняў». Праўда, пра наступствы недастаткова стараннага спрыяння ў КДБ нічога не сказалі.

— Натуральна, я гэта напісаў, таму што варыянтаў тут асабліва не было. Я ведаю, што некаторыя калегі адмаўляліся хадзіць — іх потым здымалі з пасады, і цяпер там будуць перавыбары старшыняў.

Па словах Валянціна, ягоны выпадак не адзінкавы: кагосьці ўжо выклікалі, нехта яшчэ толькі пойдзе. «Мабыць, гэта будзе насіць масавы характар», — упэўнены суразмоўца.

Калі пачаліся такія «гутаркі», старшыня таварыства ўласнікаў дакладна не ведае, але мяркуе, што некалькі тыдняў таму.

— Але калі я заўсёды буду адстойваць інтарэсы маіх жыхароў, можа нехта іншы і будзе зліваць гэтую інфармацыю. Таму я хачу, каб людзі ведалі пра тое, што адбываецца.

Па словах Валянціна, старшыняў таварыстваў уласнікаў прасілі распавядаць пра «нядобранадзейных суседзяў» і ў 2020 годзе, але тады гэта зыходзіла ад раённай адміністрацыі — проста па тэлефоне казалі, што патрэбныя дадзеныя людзей, на вокнах у якіх вісяць сцягі.

— І я катэгарычна адмаўляўся: можаце хоць звальняць, хоць што, але я на гэта не пайду ніколі ў жыцці. А цяпер яны выйшлі на новы ўзровень.

Чытайце таксама:

«Маёр Драбуцька ненавязліва пацікавіўся, ці не хачу я атрымаць «по е…у». Павел Батуеў у маляўнічых дэталях апісаў сваё зняволенне

Каментары

Цяпер чытаюць

Лукашэнка кажа, што прапаноўваў Захаду «перадаць некалькі тысяч» палітвязняў25

Лукашэнка кажа, што прапаноўваў Захаду «перадаць некалькі тысяч» палітвязняў

Усе навіны →
Усе навіны

Некалькі сведкаў кажуць, што беспілотнікаў на Мінск ляцела два13

У якія краіны для беларусаў найбольш дарагія турыстычныя візы? Лідар нечаканы2

Індыйскія дактары падчас падрыхтоўкі пацыенткі да аперацыі выявілі новую групу крыві

У Японіі пасля землятрусу на бераг выкінула некалькіх кітоў ВІДЭА1

На Камсамольскім возеры ў Мінску канцэнтрацыя нафтапрадуктаў большая за дапушчальную ў 4,2 раза3

Ці можна праваслаўнаму дасылаць дыкпікі? «Калі яна сама просіць»11

На скляпеннях храма ў Мураванцы з’явіліся расколіны5

Трамп наклаў 25% пошліны на Індыю4

Чамаданава расказала, што катэгарычна нельга абмяркоўваць на кухнях29

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка кажа, што прапаноўваў Захаду «перадаць некалькі тысяч» палітвязняў25

Лукашэнка кажа, што прапаноўваў Захаду «перадаць некалькі тысяч» палітвязняў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць