Грамадства

За год у Ізраіль з'ехала амаль 1300 беларусаў. Чаму яны туды перабіраюцца і за што жывуць?

У Ізраілі — самы вялікі за 20 гадоў прыток эмігрантаў. Толькі за апошні год туды рэпатрыявалася 42675 чалавек. Выхадцаў з Беларусі сярод іх — 3% (такія лічбы прыводзіць Міністэрства аліі і інтэграцыі). Хваля беларусаў імкліва пачала павялічвацца пасля жніўня 2020 года ў сувязі з рэпрэсіямі на радзіме. Хто туды з'язджае, якую працу знаходзіць і як наогул беларусам жывецца ў Ізраілі?

Уладзімір Аляксандраў

З выкладчыка ў пекары. «Мінімалка на поўную стаўку — каля 1,5 тысячы даляраў на самай нізкааплатнай пазіцыі»

Уладзімір Аляксандраў пераехаў у Ізраіль у лістападзе 2020 года — пасля таго, як стаміўся ад чарговых спроб знайсці сабе новую сталую працу, якая б задавальняла. Мужчына выкладаў філасофію ў БДУІР, але яму не працягнулі кантракт, таму што ён па ўласным жаданні пачаў весці заняткі па-беларуску.

«У мяне заўсёды была магчымасць рэпатрыявацца — і я вырашыў, што гэты час прыйшоў: па спецыяльнасці ўсё адно ўладкавацца не атрымлівалася, аднаго рэпетытарства не хапала. Пераязджаў я па спецпраграме «Першы дом на радзiме». Па ёй ты першы час жывеш у вёсцы — кібуцы, вучыш іўрыт, пасля можаш шукаць сабе працу. Пры гэтым першыя паўгода ты атрымліваеш матэрыяльную дапамогу ад дзяржавы: для чалавека майго веку яна складала каля 800 даляраў на месяц.

(«Першы дом на радзіме» — праграма рэпатрыяцыі для сем'яў і несямейных рэпатрыянтаў да 45 гадоў. Ëй актыўна карыстаюцца эмігранты з Беларусі, Расіі і Украіны. Нядаўна па ёй, напрыклад, у Ізраіль пераехала сям’я вядомага вядучага Яўгена Булкі. — «НН»)».

Першапачаткова Уладзімір пасяліўся ў прыгарадзе Хайфы, дзе ўладкаваўся рознарабочым у пякарню, а цяпер жыве ў Ашдодзе. Там ён таксама працуе ў пякарні, але ўжо на пазіцыі пекара. 

«Галоўны плюс у Ізраілі — ты без праблем можаш знайсці працу, якая нават пры мінімальным заробку дазволіць табе існаваць. Мінімалка на поўную стаўку тут каля 1,5 тысячы даляраў на самай нізкааплатнай пазіцыі.

Двух— ці трохпакаёўку ў маім горадзе можна зняць за тысячу даляраў. Для параўнання: у Беларусі на аднушку мой заробак выкладчыка сыходзіў цалкам. Праўда, гэта было даўно, пра сённяшнія суадносіны цэн я не ведаю».

Увесь калектыў у пякарні Уладзіміра размаўляе на іўрыце. Мужчына пачаў вучыць яго пры амбасадзе Ізраіля, яшчэ будучы ў Беларусі. А ўжо пераехаўшы, наведваў моўныя курсы па праграме для рэпатрыянтаў. Праўда, дагэтуль незадаволены сваім базавым узроўнем. 

На працоўным месцы

«Калі я нешта не разумею на працы, то пакуль перапытваю калег. Яны цярплівыя людзі: не стамляюцца па 3-4 разы адно і тое ж паўтараць для мяне і тлумачыць. Спадзяюся, моўны прагрэс прыйдзе з часам, з улікам майго знаходжання ў іўрытамоўным асяроддзі».

«Нават падчас жорсткіх каранцінных захадаў не забараняліся палітычныя дэманстрацыі»

Уладзімір для сябе бачыць толькі перавагі ад пераезду:

«Ізраіль — класічная дэмакратычная дзяржава, дзе шмат што залежыць ад самога чалавека. Ёсць вялікая прастора для любой дзейнасці: грамадскай актыўнасці, творчасці, прадпрымальніцтва. І які ад дзейнасці будзе вынік, вызначае сам чалавек, а не дзяржава. Зрэшты, Ізраіль у той жа час краіна сацыяльная, яна мае шмат дзяржаўных і грамадскіх праграм падтрымкі людзей. Напрыклад, пасля звальнення беспрацоўны чалавек мае магчымасць атрымліваць паўгода ладную частку свайго апошняга заробку. У сацсетках ёсць шмат суполак, якія даюць абвесткі аб раздачы добрых, але ўжо непатрэбных гаспадарам рэчаў: ад посуду і мэблі да тэлевізараў і камп'ютараў.

Велізарным плюсам у параўнанні з Беларуссю з'яўляецца палітычная свабода: напрыклад, нават падчас жорсткіх каранцінных захадаў не забараняліся палітычныя дэманстрацыі, і людзі гэтым карысталіся. Увогуле, тут цяжка патлумачыць, што значыць баяцца паліцыі, спецслужбаў, улады. Гэта тое, што, на жаль, стала паўсядзённасцю ў Беларусі».

З мінусаў жа мужчына адзначае для сябе два фактары:

«На вуліцах некаторых гарадоў не так чыста, як у Мінску.

Ёсць і праблема больш істотная: вядома, што Ізраіль жыве ў стане пастаяннай павышанай напружанасці праз пагрозы тэрактаў, абстрэлаў. Але і да гэтага людзі, можна сказаць, прызвычаіліся, яны навучыліся быць пільнымі, арганізаванымі, адказнымі, але пры гэтым застаюцца сабою — вясёлымі, жыццярадаснымі, крыху лянівымі пад паўднёвым сонцам».

Опцыю вярнуцца назад Уладзімір для сябе не разглядае, параўноўваючы падзеі ў роднай краіне з 1937 годам. «Нават пры змене рэжыму, думаю, яшчэ пройдзе шмат часу да таго, як Беларусь стане краінай, прыдатнай для нармальнага жыцця. Тое, што адбываецца, можна назваць усеабдымнай нацыянальнай катастрофай: палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай, культурнай, нават антрапалагічнай. І чым даўжэй яна цягнецца, ты менш шансаў выкараскацца.

Украіна сёння перажывае трагедыю вайны, але ёй і цяпер, і пасля перамогі будзе дапамагаць увесь свет. Нам жа зноў давядзецца, як прароча казаў Васіль Быкаў, заставацца хутаранамі, быць на ўскрайку ўвагі і клопату Захаду. Гэта крыўдна і несправядліва, але, відаць, такі наш лёс».

З навукі — у навуку. «У Ізраілі і без стажу будзе сацыяльная падтрымка пенсіянераў»

Андрэй з жонкай (імя змененае па просьбе героя) прынялі рашэнне з’язджаць з Беларусі яшчэ восенню 2020-га — пасля забойства Рамана Бандарэнкі. «Жонка тады сказала: «Рэжым канчаткова ператвараецца ў крывавы. Гэта як коцік, які пакаштаваў крыві — ён ужо не спыніцца».

Плюс мы бачылі, што жыццё на схіле, і разумелі, што з прафесійнага пункту гледжання ў Беларусі яно далей прагрэсаваць не будзе — перспектываў у навуцы, дзе я працаваў, для сябе не бачыў. На той момант ціску на мяне персанальна не было, але, мяркуючы па тым, што адбывалася пазней, аднойчы звальненні і рэпрэсіі не мінулі б і мяне», — упэўнены Андрэй. 

Ізраіль абіраўся з практычнага пункту гледжання. Андрэй і яго жонка — галахічныя габрэі па матчынай лініі. Яны неаднаразова наведвалі краіну, там жывуць іх сваякі.

«Але самы галоўны фактар для людзей нашага ўзросту (нам абаім за 50) — у большасці краін Еўрасаюза мы б ужо не зарабілі сабе нават страхавы стаж для пенсіі. У Ізраілі ж так ці інакш сацыяльная падтрымка пенсіянераў існуе, нягледзячы на стаж. Другі фактар — атрыманне грамадзянства непасрэдна ў аэрапорце тым, хто едзе па законе аб вяртанні.

Хайфа. Фота тут і далей: архіў героя

Адпаведна, здымаліся дадатковыя складанасці з працаўладкаваннем, з якімі сутыкаюцца замежнікі. Ну, і трэці плюс для рэпатрыянтаў — незваротная грашовая дапамога, якая выплачваецца кожнаму рэпатрыянту на працягу паўгода, каб дапамагчы яму інтэгравацца ў ізраільскае грамадства. Для сямейнай пары без малых дзяцей, як у нашым выпадку, фіндапамога складала трошкі меней за мінімалку на дваіх — каля 4800 шэкеляў, або 1500 даляраў на месяц. Хоць і ўпрытык, але гэта цалкам дазваляе пратрымацца першы час», — расказвае наш суразмоўца.

«Заробак у дзесяць разоў вышэйшы за тое, што я меў з навуковай дзейнасці на радзіме»

У Ізраіль пара прыехала восем месяцаў таму. У горадзе Хайфа спыніліся, бо акурат там жывуць сваякі. 

«Нас папярэджвалі, што горад для жыцця і горад для працы ў Ізраілі часам розныя рэчы. У маім выпадку так і выйшла. Хайфа зручная тым, што гэты горад адносна недарагі па арэндзе.

Мы здымаем кватэру, якую па мінскіх мерках можна лічыць двухпакаёвай, за 2300 шэкеляў (каля 685 даляраў). Плюс за электрычнасць у халодную зіму з працуючым штодзень кандыцыянерам аддавалі за месяц ў сярэднім 40—45 даляраў, за ваду — 20—25. Ёсць яшчэ арнона — падатак на зямлю, які плаціць той, хто жыве ў кватэры, няважна, гаспадар ён ці арандатар. Арнона складае звычайна каля 300—600 шэкеляў у месяц (90—180 даляраў), але на працягу першага года новыя рэпатрыянты аплачваюць толькі 10% ад сумы. Адным словам, пражыць можна, але кваліфікаванай працы ў самім горадзе няшмат, хоць гэта і паўночная сталіца Ізраіля.

Таму мне даводзіцца ездзіць на сваю фірму з некалькімі перасадкамі — дарога ў адзін бок займае гадзіну сорак. Але ўлічваючы, што я за гэта маю — заробак тут у дзесяць разоў вышэйшы за тое, што я меў з навуковай дзейнасці на радзіме, — з такой нязручнасцю можна мірыцца».

Андрэю вельмі пашанцавала, што ён змог знайсці працу па спецыяльнасці. Рэзюме, адаптаванае пад ізраільскія стандарты, ён пачынаў рассылаць у розныя кампаніі яшчэ з Беларусі. Дапамог адаптаваць яго дзяржаўны Дэпартамент інтэграцыі навукоўцаў, з якім мужчына папярэдне спісаўся. У выніку ўжо праз два з паловай месяцы пасля пераезду ён атрымаў пасаду.

«Выручыла моцна, канечне, мая англійская, бо іўрыт пакуль у нас з жонкай на мінімальным узроўні», — дадае суразмоўца. 

Жонка Андрэя пайшла па больш традыцыйным шляху для рэпатрыянта — з разлікам перавучыцца ў перспектыве. На новым месцы яна скончыла бясплатныя дзяржаўныя моўныя курсы (ульпан), здала іспыт праз паўгода і так змагла на старце прэтэндаваць на некваліфікаваную, але запатрабаваную працу. 

«Тут пастаянна маюць патрэбу ў «метапэлет» — тых, хто даглядае пажылых. У Ізраілі людзі жывуць доўга, часам дажываюць да дэменцыі, сваякі самі забяспечыць кругласуткавы догляд не могуць, але грошы на гэта маюць, таму накіроўваюць іх у спецыяльныя дамы з персаналам. Такая пасада дазваляе атрымліваць мінімалку — каля 1,5 тысячы даляраў, калі працуеш на поўную стаўку. І з ёй ужо можна здымаць у Хайфе кватэру, нармальна харчавацца, і ў цябе яшчэ застаюцца грошы на розныя забавы».

«Апошнім часам стала вельмі проста сутыкнуцца з беларусамі»

З нязвыклых беларусу рэчаў Андрэй адзначае «балаганнасць» ізраільцян (яны вельмі шумныя), бюракратыю і павольнасць у адміністрацыйных справах, а таксама «ўсходні разгардаш» у цэнтры гарадоў: 

«Часцяком тут можна натрапіць на бруд, трушчобападобныя будынкі, цеснату, не вельмі прыемныя пахі. Таму мы адразу шукалі першую кватэру ў прыстойным раёне», — адначае мужчына.

Апошнім часам, заўважае наш суразмоўца, у Ізраілі стала вельмі проста сутыкнуцца з беларусамі.

«Нас стала значна болей. Жонка ва ўльпане кожны раз сустракала кагосьці з беларусаў. Самыя розныя людзі, у асноўным ад 30 да 45 гадоў. Спецыялісты, як правіла, кваліфікаваныя: інжынеры, медыкі, праграмісты. Нядаўна нам спатрэбіўся адвакат, і гэта аказалася жанчына з беларускімі каранямі таксама».

Андрэй шкадуе, што ўсе гэтыя людзі, якія маглі скарыстоўваць свае веды ў роднай краіне і рабіць яе мадэрновай і прагрэсіўнай, з’язджаюць: 

«За краіну, канечне, сэрца баліць. Для сябе мы вырашылі, што з’езджаем з канцамі, каб не раздвойвацца ўвесь час у галаве. Калі нарэшце ў Беларусь можна будзе прыязджаць спакойна, мы, безумоўна, будзем гэта рабіць і будзем удзельнічаць у праектах па беларускім адраджэнні. Пражыўшы ў Беларусі добры кавалак жыцця, проста так ад яе не адарвешся. Мы не забылі, адкуль мы». 

З кватэры ў Мінску — у намёт. «Са свайго будана я магу бачыць адразу чатыры краіны — Ізраіль, Егіпет, Саудаўскую Аравію і Іарданію»

Гісторыя мастака Арцёма Проніна — нетыповая для рэпатрыянтаў і авантурная. Ëн па сваёй волі змяніў кватэру ў Мінску на жыццё ў намёце пад небам Ізраіля.

Арцём Пронін

Маючы ізраільскае грамадзянства, Арцём з’язджаў з Беларусі ў верасні 2020 года пасля таго, як быў збіты і правёў 36 гадзін на Акрэсціна. 11 жніўня ён паспеў праехаць 300 метраў ад дома на ровары, як яго затрымаў АМАП і жорстка збіў. Пасля РУУС ён і яшчэ 119 мужчын правялі 12 гадзін у памяшканні 5x5 метраў — без ежы, вады і прыбіральні.

Арцём пасля вызвалення з Акрэсціна ў 2020 годзе

«Я пяць год як атрымаў грамадзянства Ізраіля на той момант, але жыў у Мінску, таму што мяне ўсё задавальняла: свая кватэра, бізнэс (у мяне і яшчэ пары мастакоў было прыватнае прадпрыемства, мы працавалі на замову), бізнэс у бацькоў — багетная майстэрня. Але пасля збіцця мне прыйшла павестка ад СК — я не гатовы быў сесці ў турму на некалькі год, таму з’ехаў. Як і мае бацькі, а пазней і дачка», — расказвае Арцём.

Мужчына прыехаў у Ізраіль у разгар пандэміі, амаль усё было зачынена. Ëн вырашыў скарыстацца сітуацыяй і павандраваць па краіне. Адзін з пунктаў на самым поўдні Ізраіля (яна сакрэтная, мясцовыя называюць яе Цудоўная даліна) яшчэ ў мінулым яму асабліва спадабалася. Там ён вырашыў разбіць намёт і ў выніку абжыўся — намёт разросся да будана.

Так цягам 12 месяцаў выглядала жытло Арцёма

«Са свайго будана я магу бачыць адразу чатыры краіны — сам Ізраіль, Егіпет, Саудаўскую Аравію і Іарданію. Гэтае месца палюбілася і іншым вандроўнікам, так званым хіпі. Сярод іх, дарэчы, нямала беларусаў. Адна сям’я, напрыклад, вандравала па ўсім свеце шэсць год, а пасля «кароны» часова засталася ў Ізраілі.

За першыя паўгода, што мы там жылі, пабудавалі на месцы нават лазню, абшытую вагонкай: святло бралі з сонечнай панэлі, ваду прыносілі ці падвозілі».

Лазня ў Цудоўнай даліне

Вандраваў мужчына на грошы ад прададзенай у Мінску кватэры, часам удавалася прадаць карціны. За месяц на самае неабходнае сыходзіла каля ста даляраў, што па ізраільскіх мерках — зусім нішто.

«У Ізраілі ёсць розныя рэстараны для бедных пластоў насельніцтва, сінагогі, дзе выдаюць ежу бясплатна. Прычым не горшую, чым у «Піт-стопе» і «Лідо» ў Мінску. І я ездзіў туды есці, браў сабе рознага на пару дзён. А калі трэба — купляў манну і зялёную грэчку за пару даляраў, і так мог харчавацца ледзь не месяц.

Плюс каля плантацый можна было збіраць фінікі, што пападалі на зямлю: аднойчы за гадзіну я сабраў прыблізна 50 кг. Адзенне з выкінутага збіраў добрае: ад понча да халатаў і спальнікаў. Я мог бы знайсці сабе нейкую сталую працу, але не здолеў бы ў такім выпадку творчыя задумы рэалізоўваць».

Працэс гатавання ежы

Зімой у гарах самая нізкая тэмпература была +10 градусаў — тады Арцём ратаваўся ў спальніку. А вось летам пры 40℃ на поўдні знаходзіцца амаль немагчыма.

«З пачаткам вайны ўладкаваўся на валанцёрскую працу»

Агулам на прыродзе Арцём правёў 12 месяцаў. У лютым ён думаў паехаць ва Украіну — палячыць зубы і паспрабаваць пажыць там, але пачалася вайна.

«Я быў у шоку ад гэтых падзей недзе два тыдні. Застаўся ў бацькоў у Рамат-Гане і ўладкаваўся на валанцёрскую працу ў арганізацыю, якая дапамагала габрэям з Украіны. Вісеў на гарачай лініі і каардынаваў людзей: куды ім звяртацца можна за лекамі, для эвакуацыі. Так два месяцы прапрацаваў», — расказвае наш суразмоўца.

Цяпер мастак спрабуе прасунуцца ў NFT і пакуль не ведае, дзе апынецца заўтра.

«Ëсць планы стаць мастаком-вандроўнікам — весці качавы лад жыцця. Але не ведаю, што з гэтага выйдзе».

Адны з партрэтаў мастака, якія ён прэзентаваў у сябе ў Фэйсбуку: «Буду рабіць серыю вырадкаў па заявах чытачоў»

«Хутчэй за іншых у краіне адаптуюцца прадстаўнікі сферы IT, тэхнічныя спецыялісты»

Псіхолаг, прафкансультантка Ірына Гурэвіч, якая таксама жыве ў Ізраілі, адзначае, што хутчэй за астатніх у краіне адаптуюцца прадстаўнікі сферы IT, тэхнічныя спецыялісты (інжынеры, тэхнолагі, рабочыя), а таксама тыя, хто звязаны са светам прыгажосці і эстэтыкі (цырульнікі, візажысты). Яны могуць выкарыстоўваць англійскую і рускую мовы.

Акцыя беларусаў у Тэль-Авіве

«На другім месцы па хуткасці адаптацыі — прадстаўнікі эканамічнай сферы (бухгалтары, лагісты). Потым ідуць медыкі: ім трэба некалькі год, каб прайсці ліцэнзаванне і стажыроўку (пры гэтым працэс структураваны і субсідыяваны дзяржавай). Ну і найбольш складана ўпісвацца ў ізраільскую прафесійную супольнасць гуманітарыям і прадстаўнікам прафесій сацыяльнай сферы, дзе патрабуецца выдатнае веданне іўрыту (настаўнікі, сацыяльныя працаўнікі, псіхолагі, кансультанты)».

Нярэдка людзі з гэтай групы вырашаюць атрымаць новую прафесію, больш запатрабаваную ў Ізраілі, кардынальна мяняючы кар'еру.

«Для гэтага хапае розных дзяржпраграм падтрымкі навучання і перакваліфікацыі новых рэпатрыянтаў. Бывае, новенькія знаходзяць працу на рускай мове, але попыт на рускамоўных супрацоўнікаў без іўрыту невысокі. З іншага боку, веданне рускай мовы ў дадатак да іўрыту можа быць плюсам пры працаўладкаванні на некаторыя пазіцыі», — адзначае Ірына.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

«Уключэнне ў сумна вядомыя спісы наклала забарону на прафесію». Шоўмен Яўген Булка з'ехаў у Ізраіль і расказвае пра сваю эміграцыю

Комік Ідрак Мірзалізадэ зладзіў свой першы беларускамоўны стэндап — пагутарылі з ім пра аншлаг на канцэрце, жарты падчас вайны і рускі свет

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

«Гэта была жывая камера сачэння». Што рабіла віцяблянка Кацярына, каб вызваліцца праз 5 гадоў замест прысуджаных 12 гадоў10

«Гэта была жывая камера сачэння». Што рабіла віцяблянка Кацярына, каб вызваліцца праз 5 гадоў замест прысуджаных 12 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

Інтэрв’ю са 100-гадовым доктарам Анатолем Занковічам — пра жыццё падчас Другой сусветнай і працу хірургам у ЗША5

Трамп забараніў уезд у ЗША грамадзянам 12 краін

Памёр Аляксандр Класкоўскі-малодшы7

У мінскіх крамах заўважылі мяса ў правакацыйных упакоўках і без маркіровак. Адкуль?1

Праціўнікі Ціханоўскай збіраюцца на круглы стол, каб вырашыць, як жыць далей44

На працоўным стале ў Пуціна стаіць камп'ютар з аперацыйнай сістэмай, якая ўжо шмат год не абнаўляецца14

Ціханоўская: Яны не хочуць перамоў, яны хочуць, каб мы добраахвотна пайшлі ў турмы8

Трамп неанансавана перагаварыў з Пуціным: Пуцін сказаў, і вельмі рашуча, што яму давядзецца адказаць на атаку па аэрадромах22

Новак Джокавіч зрабіў чарговую пародыю на Сабаленка. Тая падыграла3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Гэта была жывая камера сачэння». Што рабіла віцяблянка Кацярына, каб вызваліцца праз 5 гадоў замест прысуджаных 12 гадоў10

«Гэта была жывая камера сачэння». Што рабіла віцяблянка Кацярына, каб вызваліцца праз 5 гадоў замест прысуджаных 12 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць