Меркаванні

Санкцыі ў хакеі — вітанне тым аптымістам у беларускім спорце, хто думаў, што «гэта ненадоўга»

У гэту нядзелю скончыўся чэмпіянат свету па хакеі, ад якога былі адхіленыя зборныя Расіі і Беларусі за развязаную вайну ва Украіне. І зразу ж было прынята рашэнне, што гэтыя зборныя прапусцяць і наступны чэмпіянат, 2023 года. Без залежнасці, якая да таго часу будзе сітуацыя. І гэта важны сігнал не толькі для хакеістаў, мяркуе галоўны рэдактар спартыўнага выдання «Трыбуна» Алег Гаруновіч, але для ўсяго беларускага спорту. 

Хакея на «Трыбуне» ў апошнія паўтара года значна паменела, чаму — адказ просты і відавочны. Цяжка ад душы пісаць пра тых, хто дае згоду на гвалт і беззаконне ў дачыненні да суайчыннікаў, якія «вінаватыя» толькі ў тым, што дамагаліся сумленных выбараў і максімальна мірным шляхам выказвалі нязгоду з нахабным махлярствам і з усім жахам, што накрыў краіну пасля.

Супраць вайны ва Украіне збольшага актыўна выступалі тыя ж людзі, нягледзячы на рост штрафаў і падаўжэнне адміністрацыйных арыштаў. Ну а што ж хакеісты?

Калі беларускі футбол яшчэ неяк спрабаваў адбіцца ад ліста ў падтрымку Лукашэнкі, то хакей ледзь не добраахвотна прадэманстраваў сваю халуйскую сутнасць. Багата ў якіх хакейных клубах за рэжым падпісваліся ледзь не поўнымі складамі. Тых, хто адмовіўся або хаця б спрабаваў адмовіцца, — мізэр. Ну, зразумела. Уся Беларусь пасля выбараў-2020 праходзіла праверку на наяўнасць сумлення і годнасці. Спартоўцаў праверылі спачатку з дапамогай ліста супраць гвалту, а пасля — лістом за Лукашэнку.

Праверка засведчыла, што хакей — гэта дакладна не пра годнасць і сумленне. Там скокі з крывавым Баскавым — норма, а голас за народ — недаравальнае адхіленне.

Уласна, наш хакей — гэта ўвогуле не пра народ. Лядовых «рыцараў» можна вінаваціць у баязлівасці, сквапнасці, інфантылізме, затое ад прыроды яны надзеленыя вельмі чуйнымі страўнікамі, якія ў крытычнай сітуацыі дапамаглі ім беспамылкова вызначыць руку, што корміць.

У беларускім хакеі няма бізнэсу. Дакладней, бізнэс ёсць на ўзроўні гульцоў, трэнераў, дырэктараў, якія змагаюцца за корм, але не на ўзроўні клубаў. Хакей для Беларусі — нежыццяздольнае вычварэнне, якое трымаецца выключна на дэвіяцыі аднаго чалавека, які ў дзяцінстве зрабіў сабе з сука клюшку і ўсё ніяк не пакіне яе, бедную, у спакоі.

На вернасць гэтаму чалавеку страўнікі беларускіх хакеістаў і прысягнулі, напляваўшы на астатніх.

Калі нейкія маўчуны з іншых відаў спорту, што здолелі дзесьці закапацца і не падтрымаць ні тых, ні іншых, яшчэ могуць фармальна наракаць на несправядлівасць санкцый за вайну, то злачынствы беларускіх хакеістаў супраць чалавечнасці добра зафіксаваныя.

Спачатку з іх згоды пляжылі неабыякавых суайчыннікаў, цяпер з іх жа згоды вядуць вайну ва Украіне. Колькі месяцаў таму Аляксандр Румо — адзін з нешматлікіх прадстаўнікоў айчыннага хакея, каму сёння хочацца працягнуць руку — казаў пра карму, якая спасцігне ягоных былых калег.

Тады гэтыя словы выклікалі ў мяне ўсмешку, здавалася, марна пужаць кармай тых, за каго думае страўнік, але ж ты глядзі. Ёсць дзеянне — і ёсць наступствы. Максімальна празрыстая прычынна-выніковая сувязь, ад якой не адкруціцца.

Хакеісты адным махам падпісаліся на ўсе злачынствы Лукашэнкі (сёння мы ведаем, што Лукашэнка = вайна) і, упэўнены, цяпер цудоўна разумеюць, дзякуючы каму апынуліся ў катэгорыі пракажоных, але наўрад ці шкадуюць пра свой выбар. Бо выступаць на чэмпіянаце свету — гэта пра годнасць, а атрымліваць грошы, выціснутыя з дзяржаўных прадпрыемстваў, якія жывуць у доўг, — гэта пра страўнік.

І справядліва, што менавіта праз беларускіх хакеістаў недвухсэнсоўнае папярэджанне атрымалі тыя аптымісты ад айчыннага спорту, хто думаў, што гэта — не надоўга. Ну, тыдзень, ну, месяц, ну, пару месяцаў — і ўсё супакоіцца, мы ізноў будзем у сусветнай сям’і на самых прэстыжных спаборніцтвах.

А тут ужо вядома, што зборнай Беларусі па хакеі не будзе на чэмпіянаце свету-2023. Разумееце? Здаецца, толькі-толькі скончыўся турнір-2022, наперадзе яшчэ год, усё рэальна можа супакоіцца (дай Бог, каб так), а тут кажуць, што гэта вам ніяк не дапаможа.

Гэта такі цікавы сігнал для розных беларускіх зборных па гульнявых відах спорту, дзе ёсць кваліфікацыі, рэйтынгі і гэтак далей.

Астатнім таксама варта задумацца. Хаця чаго сумаваць? Можна ж правесці па дзесяць спарынгаў з расіянамі, зладзіць нейкія дваровыя турніры з медалькамі са «Спорттавараў» ад так званай Саюзнай дзяржавы — хтосьці і ад такога атрымае асалоду ў мікрафоны прапагандыстаў.

Не магу казаць за хакеістаў, але прызнаюся: дзесьці ў глыбіні душы мне прыкра, што так атрымалася з тым жа чэмпіянатам свету. У мірныя часы я ахвотна пасачыў бы, як на ўзроўні лепшых праявяць сябе нашы хлопцы з НХЛ, ці адшукаецца сярод маладых кіпераў новы Мезін (выбачайце за такое параўнанне), як сябе пакажуць тыя беларусы, кім зацікавіліся топ-клубы КХЛ, а яшчэ ці праб’юцца ў зборную маладыя жлобінскія зоркі (дарэчы, маладзёжныя і юніёрскія чэмпіянаты свету для беларусаў таксама міма, а вы толькі прыгадайце, колькі заўжды там было эмоцый і надзей).

Эх, калісьці цікавіцца такімі рэчамі было нармалёва.

Але рэжым Лукашэнкі мае «мілую» ўласцівасць. Нават тое, да чаго ставіцца з прыязнасцю, ён можа або пераўтварыць у лайно, або зацягнуць у лайно па самыя вушы.

З хакеем так і атрымалася. І хакеісты ў такой сітуацыі могуць наракаць толькі на сябе. Але страўнікі вышэйшыя за гэта, і таму наракаць дакладна не будуць.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Ведаеце, як каментуе ваша затрыманне апазіцыя? «Арыштаваны памагаты рэжыму». Турэмная споведзь лідара прафсаюзаў Ярашука

«Ведаеце, як каментуе ваша затрыманне апазіцыя? «Арыштаваны памагаты рэжыму». Турэмная споведзь лідара прафсаюзаў Ярашука

Усе навіны →
Усе навіны

У Кітаі працягваюцца жорсткія чысткі ў арміі: паляцела галава другога чалавека ў войску3

«Я думаю, Пуцін хоча завяршыць вайну». Трамп сустрэўся ў Белым доме з Зяленскім22

Філосаф Мацкевіч прапануе стварыць варыянт беларускай рускай мовы, каб зблізіць яе з беларускай124

Польскі суд адмовіўся выдаваць Германіі абвінавачанага ў падрыве «Паўночнага патока»4

Аляксандр Азараў закрывае фонд Bypol4

У «Беларуснафце» расказалі, як вырашаюць праблему чэргаў на АЗС6

У мінскай Камароўкі з'явіўся канкурэнт. Якія цэны на гэтым «сакрэтным» рынку?5

Пуцін узнагародзіў Андрэя Лемяшонка і ігуменню Гаўрыілу14

Ціханоўскай часова вярнулі ранейшую ахову16

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Ведаеце, як каментуе ваша затрыманне апазіцыя? «Арыштаваны памагаты рэжыму». Турэмная споведзь лідара прафсаюзаў Ярашука

«Ведаеце, як каментуе ваша затрыманне апазіцыя? «Арыштаваны памагаты рэжыму». Турэмная споведзь лідара прафсаюзаў Ярашука

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць