Спорт11

Казлы, рэп і наркаман: як зоркі беларускага футбола гуляюць у аматарскай камандзе ў Расіі

З вясны гэтага года ў Расіі набірае папулярнасць новая з’ява — медыяфутбол. Аматарскія каманды з вядомымі асобамі, шырока прадстаўленыя ў медыя, прыцягваюць тысячы фанатаў і маюць салідныя бюджэты. Міма гэтай залатой жылы не прайшлі і беларускія футбольныя зоркі, якіх вы дакладна ведаеце.

Фота: goats.team / Instagram

Упершыню пра медыйны (ці блогерскі) футбол у Расіі загаварылі ў канцы 2010-х гадоў. Першай вядомай ластаўкай стаў клуб «Эгрысі», заснаваны каментатарам Васілём Уткіным. Паралельна з гульнёй у адной з маскоўскіх аматарскіх ліг «Эгрысі» займеў і ўласнае рэаліці-шоу на Youtube пра жыццё каманды — на сёння выпушчана ўжо пяць сезонаў.

Былі ў расійскім футболе і іншыя вядомыя медыйныя каманды. Той жа «Амкал» (2,8 мільёна падпісчыкаў на Youtube), напрыклад, прыязджаў у Беларусь, дзе згуляў з камандай фанатаў мінскага «Дынама» — той матч сабраў поўны стадыён на сталічнай вуліцы Маякоўскага.

Ці ўзяць 2DROTS (3,3 мільёна падпісчыкаў на Youtube), чый канал, акрамя матчаў, збольшага прысвечаны розным футбольным чэленджам (заданням) з дзіўнымі пакараннямі накшталт «зрабіць дурацкую стрыжку».

Вясной 2022 года блогерскі футбол нарэшце атрымаў уласны чэмпіянат. Першы сезон аматарскай Медыялігі прайшоў з красавіка па ліпень, сабраў дзесяць каманд і 11 тысяч гледачоў на фінальнай гульні. У другім сезоне, што доўжыцца цяпер, камандаў ужо 18, а фінал плануюць правесці на 62-тысячнай «Газпрам Арэне» ў Санкт-Пецярбургу.

У камандаў Медыялігі не толькі салідныя аўдыторыі на Youtube, але і даходы, якім пазайздросцяць некаторыя прафесійныя клубы. Напрыклад, дзейны чэмпіён лігі 2DROTS па кантракце з букмекерам «Фонбет» атрымлівае 10 мільёнаў расійскіх рублёў у месяц, наступным ідзе «Амкал» — 9 мільёнаў у месяц ад кампаніі Pari. Не аднымі аматарамі: у заяўках клубаў Медыялігі шмат зорных расійскіх футбалістаў, што раней гулялі ў моцных прафесійных камандах і нават у расійскай зборнай. Напрыклад, гэта такія вядомыя ў мінулым гульцы, як Ягор Тытоў, Дыніяр Білялетдзінаў, Дзмітрый Сычоў, Раман Паўлючэнка.

А з нядаўняга часу ў Медыялізе ўсё больш беларусаў. Збольшага іх прыцягвае адна з самых экстравагантных камандаў турніру — клуб GOATS, што перакладаецца з англійскай як «казлы», і менавіта так каманду называюць у лізе. У самой камандзе спасылаюцца на тое, што слова GOAT для іх абазначае greatest of all times (найвялікшы ўсіх часоў), але ад асацыяцыі з рагатымі жывёламі не адмаўляюцца: аднойчы GOATS нават выйшлі на перадматчавае пастраенне з жывым казлом.

З «Арсенала» ў расійскую аматарскую лігу

Некалькі тураў таму клуб заявіў на гульню адразу трох былых гульцоў беларускай нацзборнай: Ігара Шытава, Віталя Булыгу і Вячаслава Глеба (брата Аляксандра Глеба, былой зоркі лонданскага «Арсенала» і пераможцы Лігі чэмпіёнаў у складзе «Барселоны»). Цалкам магчыма, што да «казлоў» далучыцца і сам Аляксандр: Глеб-малодшы апісаў імавернасць удзелу брата ў ліге словам «абмяркоўваем».

Акрамя Шытава, Булыгі і Глеба, у Медыялізе засвяціўся Ігар Стасевіч, некалі капітан беларускай футбольнай зборнай. Стасевіч не мае клуба з 16 чэрвеня, калі ён пакінуў «Чайку» з трэцяга дывізіёну расійскага футбола.

Раней паўабаронца трапіў у «чорны» спіс Мінспорту, і цяпер яму адмаўляюць у працы ў беларускіх клубах праз «праявы пратэсных настрояў». Напрыклад, у жніўні 2020 года разам з калегамі па БАТЭ гулец падтрымаў аднаклубніка Антона Сароку, які трапіў на суткі, а праз некалькі месяцаў выставіў на дабрачынны аўкцыён футболку беларускай зборнай з уласным аўтографам, грошы за якую пазней пайшлі ў Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці. Гэтай восенню Ігар пачаў выступаць у мінскай аматарскай лізе за каманду «Захад-3», а зараз згуляў за GOATS у матчы з аднымі з лідараў турніра — 2DROTS.

Калі Глеб сапраўды далучыцца да «казлоў», ён атрымае ледзьве не самых экстравагантных аднаклубнікаў у жыцці. У форме каманды, напрыклад, ужо выходзіў на поле рэпер і блогер Эльдар Джарахаў — хлопец з ростам 156 сантыметраў заняў месца брамніка. На той жа гульні чакалі і рэпера Пашу Тэхніка, які нядаўна трапіў у кому, справакаваную ўжываннем наркотыкаў і алкаголю. Але ж Тэхніка да матча не дапусціў арбітр, які палічыў яго стан неадэкватным. І нездарма: адразу пасля стартавага свістка рэпер распрануўся, паралельна раздаючы ўсім інтэрв’ю, а потым вырашыў прадэманстраваць на камеру геніталіі. Пасля матча абвясцілі, што Тэхнік выключаны з каманды за «неспартыўныя паводзіны».

Ці дае турнірныя вынікі такі медыйна-скандальны падыход? Пасля пяці тураў GOATS з шасцю ачкамі займаюць апошняе (дзявятае) месца ў сваёй групе. Але ў медыйным плане яны на кані: трансляцыя гульні GOATS з Джарахавым у складзе супраць 2DROTS сабрала ў пікавы момант больш за 60 тысяч гледачоў, а гэта адзін з найлепшых вынікаў сезона.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Скандальнага гімнаста Івана Куляка не дапусцілі на адкрыты чэмпіянат Беларусі. Ён выходзіў з літарай «Z» на грудзях

«Дапамагаю Украіне як магу. Калі ні ў што не верыць, нашто тады жыць?» — беларускі футбаліст Золатаў

З кім футбольная зборная Беларусі згуляе ў адборы на Еўра-2024

Каментары1

  • Фу такім быць
    24.10.2022
    [Рэд. выдалена]

Цяпер чытаюць

«Стаяць на сваім, кожны наколькі можа!» Вялікая гутарка з Наталляй Дулінай пра гопнікаў з ГУБАЗіКа, Калеснікаву і што там у каго ў калоніі13

«Стаяць на сваім, кожны наколькі можа!» Вялікая гутарка з Наталляй Дулінай пра гопнікаў з ГУБАЗіКа, Калеснікаву і што там у каго ў калоніі

Усе навіны →
Усе навіны

Міністр абароны ЗША: Ядзерныя амбіцыі Ірана цалкам знішчаныя

Ратвейлер напаў на шасцігадовага хлопчыка ў Астравецкім раёне — дзіця ў цяжкім стане3

Ціханоўскі расказаў падрабязнасці пра сустрэчу ў СІЗА КДБ у 2020 годзе7

«Я знаходзіўся на рэжыме, які называецца «жэстачайшым». Ціханоўскі праз слёзы расказаў пра ўмовы ўтрымання палітвязняў9

«Напішы, што ты не супраць, каб цябе адправілі за мяжу». Ціханоўскі распавёў, як да яго прыязджаў Пратасевіч9

Памёр Радзім Гарэцкі4

«Кажу — прыеду і нікому там рукі не падам». Ціханоўскі расказаў, як рэагаваў на хлусню наконт жонкі і апазіцыі7

Ціханоўскі распавёў, колькі важыць і як яго адкормлівалі11

«Личинки в навозной куче не знают, что они в дерьме». Ціханоўскі прачытаў свой турэмны верш6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Стаяць на сваім, кожны наколькі можа!» Вялікая гутарка з Наталляй Дулінай пра гопнікаў з ГУБАЗіКа, Калеснікаву і што там у каго ў калоніі13

«Стаяць на сваім, кожны наколькі можа!» Вялікая гутарка з Наталляй Дулінай пра гопнікаў з ГУБАЗіКа, Калеснікаву і што там у каго ў калоніі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць