Па рашэнні Мінскага гарвыканкама адміністрацыі Маскоўскага раёна перададзена пад ахову балота ў паўднёвай частцы Мінска. Участак уяўляе сабой тыповы біятоп, там растуць рэдкія расліны, паведамляе Мінскі гарадскі камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Балота знаходзіцца ля перасячэння МКАДа і трасы на Брэст — у адным з «пялёсткаў» дарожнай развязкі. Гэта круглы ўчастак плошчай 1,28 гектара.
Узяць пад ахову тэрыторыю вырашылі таму, што яна уяўляе сабой тыповы біятоп пераходнага балота. Тыповы біятоп — гэта ўчастак з аднароднымі экалагічнымі ўмовамі, дзе жывуць пэўныя віды жывёл і раслін, які адлюстроўвае характэрныя асаблівасці прыроды Беларусі. У гэтым выпадку тыповым біятопам прызнана пераходнае балота.
На мінскім балоце ўсярэдзіне маленькага «пялёстка» МКАДа растуць рэдкія і знікаючыя віды раслін, якія ахоўваюцца не толькі ў Беларусі, але і ў Еўропе, ды і наогул у свеце. Дзве з гэтых раслін — вярба чарнічная і ладдзян трохнадрэзаны — уключаныя ў Чырвоную кнігу Беларусі.
«Таму гэты прыродны комплекс унікальны для біялагічнай разнастайнасці не толькі горада Мінска, але і краіны ў цэлым. Яго ахова дазволіць захаваць месцы вырастання рэдкіх і знікаючых відаў раслін, што дазволіць зберагчы прыроднае багацце», — адзначылі ў Камітэце прыродных рэсурсаў.
На ўчастку, узятым пад ахову, будзе абмежаваная любая дзейнасць, якая парушае прыродную раўнавагу. Нельга праводзіць работы, звязаныя са змяненнем рэльефу і існуючага гідралагічнага рэжыму, скідаць туды сцёкавыя, дрэнажныя, кар'ерныя воды, пашкоджваць расліннасць, травяное покрыва, уладкоўваць месцы адпачынку, ставіць палаткі, выкарыстоўваць механічны транспарт.
Каментары
як добра, што ёсць людзі, якія ўшчыльную займаюцца гэтым