Пасол Беларусі ў Дамінікане ўручаў даверчыя граматы ў вышыванцы
Пасол Беларусі Валерый Бараноўскі ўручыў даверчыя лісты прэзідэнту Дамініканскай Рэспублікі Луісу Радольфа Абінадэру Кароне. Фотасправаздачы апублікавалі прэсавыя службы МЗС краін.

Асаблівасцю гэтага ўручэння даверчых грамат стала тое, што Валерый Бараноўскі прыйшоў на мерапрыемства ў вышыванцы.


Моду на вышыванкі сярод беларускіх дыпламатаў увёў былы міністр замежных спраў Уладзімір Макей. Для замежных калег ён нават праводзіў Дзень вышыванкі. Журналістам Макей прызнаваўся, што нячаста носіць вопратку з нацыянальнай вышыўкай, але казаў, што «нам трэба часцей хадзіць у вышыванках».
«Думаю, кожны з нас павінен узяць на сябе абавязацельствы хадзіць часцей у вышыванцы і гаварыць на роднай беларускай мове», — казаў Макей.
Уладзімір Макей быў знойдзены нежывым у сваім доме ў Драздах 26 лістапада 2022 года.

Першыя ж масавыя Дні вышыванкі ў Беларусі арганізаваў у 2014 годзе Павел Белавус. 11 мая Мінскі гарадскі суд вынес Белавусу прысуд — 13 гадоў зняволення. Яго абвінавацілі ў дзяржаўнай здрадзе.
Каментары