Грамадства55

«Пасля першага дня — паўнавартасная істэрыка». Журналістка паспрабавала адмовіцца ад мабільніка і расказала, як гэта яно

Жыццё сучаснага чалавека ўжо даўно пачынаецца не з кавы, а з мабільнага тэлефона. Цяжка ўявіць, каб у кагосьці не было гэтага аксесуара. Як пражыць без яго хоць бы дзень — вялікае пытанне. Але журналістка гомельскіх «Моцных навін» вырашыла правесці над сабой сацыяльны эксперымент: на цэлых два тыдні адмовіцца ад гаджэта. Але ці так гэта лёгка, як можа падавацца?

У першы дзень без тэлефона з'явілася шмат трывожных думак

Тэлефон у нашым жыцці стаў настолькі неадменным прадметам, што ў многіх ён ледзь не ператвараецца ў частку рукі. Раніцай, пасля абуджэння, днём на хаду, у транспарце і, вядома, вечарам за вячэрай — тэлефон выкарыстоўваецца ўсюды. А паляжаць з тэлефонам перад сном — гэта і зусім святая справа.

У выніку час выкарыстання гаджэта ў некаторых карыстальнікаў можа даходзіць да шасці, а то і васьмі гадзін у суткі. Думаеце, гэта нерэальна? Для цікавасці можаце засекчы час выкарыстання тэлефона цягам адных сутак. Вынік вас здзівіць.

Журналістка «Моцных навін» вырашыла даведацца, што перажывае чалавек, калі з яго жыцця цалкам прыбраць тэлефон на некаторы час. І вось што яна расказала пасля заканчэння эксперыменту:

«Ужо ў першы дзень я ўсвядоміла вельмі выразна: калі раней тэлефоны выкарыстоўвалі толькі як сродак сувязі, то сёння да гэтай функцыі дадалася маса новых. Гэта і гадзіннік, і фотаапарат, і будзільнік, і тэрмометр, і калькулятар, і навігатар, і працоўная платформа… І гэты спіс пастаянна папаўняецца. Мабільны тэлефон займае ўсё менш месца ў кішэні, але ўсё больш — у штодзённым жыцці.

Выснова пасля першага дня эксперыменту: я настолькі прывыкла спадзявацца на смартфон, што адчуваю сябе без яго як без рук. З'явілася незразумелая трывога. Аказалася, што рукі без мабільнага вельмі перашкаджаюць.

Думак таксама больш, чым хацелася б, і ўсе яны трывожныя. Свет раптам аказаўся вялікім і шумным. Чалавек без мабільнага пачынае бачыць усё, што адбываецца вакол, і адчуваць сябе няўтульна, як быццам няма куды схавацца.

Важным момантам аказалася тое, што мабільны — гэта не толькі інтэрнэт, але яшчэ і тэлефон. Прыйшлося дамаўляцца з дзецьмі пра час і месца сустрэчы пасля школ, гурткоў, работ або для паездак і чакаць іх, гледзячы на гадзіннік і ўяўляючы ўсякія жахі. Супакойвала сябе думкай, што жылі ж неяк нашы бацькі, ды і мы самі без тэлефонаў.

Калі ты прыходзіш на сустрэчу, ты прыходзіш і чакаеш. А далей усё залежыць ад іншых людзей. І, вядома ж, яны ўвесь час блыталі месца сустрэчы, а часам проста забываліся прыйсці. А напісаць і нагадаць я ўжо не магла.

Ужо да сярэдзіны тыдня я адчула сябе ізаляванай ад грамадства і вельмі адзінокай. Вакол цябе — усе з тэлефонамі. У транспарце ніхто ні на каго не глядзіць. Не маючы пад рукой інтэрнэту, вы будзеце ўвесь час нешта пытацца ў навакольных. Напрыклад, як куды-небудзь прайсці, ці едзе гэты транспарт у патрэбнае мне месца, і нават — колькі цяпер часу».

Праз некалькі дзён мозг стаў шукаць спосабы адаптавацца да новай сітуацыі

У канцы першага дня ў эксперыментатаркі здарылася паўнавартасная істэрыка. Другі дзень прынёс страх і трывогу. Апатыя пачалася — на трэці.

«Нічога не ведаючы ўвесь дзень пра блізкіх, прапускаючы ўсе сяброўскія перапіскі ў сацыяльных сетках, ты разумееш, што не гатовы да гэтай бітвы. І тады застаецца толькі два варыянты: стаць неўротыкам і ахвярай або адаптавацца.

Першае, што трэба набыць — гэта гадзіннік. Моцна дапамагае і наяўнасць кампутара. Паставіўшы на ноўтбук месенджары для працы і вызначыўшы дакладны час іх выкарыстання, адчуваеш палёгку.

Моцна дапамог наладзіць камунікацыю са светам і стацыянарны тэлефон. Важны факт: апынуўшыся без мабільнага, варта запісаць, а лепш — вывучыць нумары тэлефонаў сваіх блізкіх. Калі я прарабіла ўсе пералічаныя дзеянні, стала лягчэй. Пачуццё бездапаможнасці адступіла».

Што было далей?

«Прыкладна ў пачатку другога тыдня эксперыменту я злавіла сябе на думцы, што не так ужо і залежная.

Што адбываецца, калі чалавек пачынае адаптавацца і перастае залежаць ад мабільнага? Мы пачынаем больш размаўляць на вуліцах, у крамах, перастаем блытацца ў транспарце і вучымся прыходзіць на сустрэчы своечасова.

І дарэчы: блізкія і сябры таксама перастаюць спазняцца, ведаючы, што не могуць папярэдзіць вас пра гэта. З'яўляецца прынцып: паабяцаў — зрабі.

Да канца другога тыдня мая самадысцыпліна павысілася, а колькасць вольнага часу павялічылася ў разы. Я стала заўважаць тое, што адбываецца вакол і, як ні дзіўна, лепш спаць.

Адначасова з гэтым паляпшаліся адносіны з блізкімі. Вы бачыце і чуеце іх, не адцягваючыся на віртуальны свет. У жыцці зноў з'яўляюцца сябры, бо віртуальных зносін няма, і вы гатовыя хадзіць у госці жы запрашаць людзей да сябе. Псіхіка сапраўды становіцца ўстойлівейшай, а жыццё — цікавейшым. Праз два тыдні я зноў улілася ў шэрагі людзей з гаджэтамі і адчула радасць, зноў узяўшы ў рукі мабільны».

Якія высновы дапамог зрабіць эксперымент?

Пасля двух тыдняў без тэлефона журналістка «Моцных навін» прыйшла да разумення, што ўплыў мабільных тэлефонаў на штодзённае жыццё ўсё ж такі можна знізіць. Для гэтага прыйшлося ўвесці некалькі правіл.

Увечары пасля 21-й гадзіны мабільныя ставяцца на бязгучны рэжым, а інтэрнэт проста выключаецца. Мабільны кладзецца на сваё месца і не носіцца ў руках па пакоях, а яшчэ — з'явіўся дзень без тэлефонаў. Усяго раз на тыдзень, але гэта сапраўды дапамагае пазбегнуць гаджэтаманіі, у якую так лёгка праваліцца.

Вось такія вынікі эксперыменту, які можа паўтарыць кожны.

P. S. Крыху менш за год таму «Моцныя навіны» правялі эксперымент, каб зразумець, як гаджэты ўплываюць на жыццё гомельцаў. Для эксперыменту выбралі некалькі розных людзей, каб праверыць, як шмат часу яны трацяць на гаджэты.

Умовы эксперыменту былі простымі: кожны з «паддоследных» на працягу тыдня карыстаўся тэлефонам у сваім звыклым рэжыме, але пры гэтым спецыяльны дадатак фіксаваў час выкарыстання гаджэта і падлічваў кожную хвіліну актыўнай працы тэлефона.

У выніку кожны з удзельнікаў эксперыменту прызнаў, што мог бы праводзіць у тэлефоне менш часу, і гэта станоўча адбілася б на жыцці. Хоць з крытычна страшнымі паказчыкамі выкарыстання тэлефона ніводзін з іх не сутыкнуўся.

Каментары5

  • Ерома
    06.02.2024
    Лічна я пользуюся кнопачным мабільнікам і ашчушчаю себя нармальным чэлавекам а вы гаджытнікі ужэ все псіхі зомбі і жывёце у матрыцы вамі круцют как хочут как стадам авечак  
  • Дзядзька ў Вільні
    06.02.2024
    Смеху варта. "Уявіць цяжка". У мяне няма смартфоны.Кнопачны е, але, здараецца, я яго дзе пакііну - а праз якую нядзелю адшукаю. Ну і ліха на яго. 

  • Супермоцныя навіны
    07.02.2024
    Цікава, як жа людзі выжываюць без мабільніка, калі іх закрываюць сутак на 15? А калі на пару гадоў? Ці гадоў на 20? Не хацелі б Моцныя Навіны пра гэта напісаць?

Цяпер чытаюць

Выйшаў на свабоду блогер Павел Спірын6

Выйшаў на свабоду блогер Павел Спірын

Усе навіны →
Усе навіны

Вінаватага ў гібелі двух дзяцей у ДТЗ пад Воранавам пасадзілі на 8 гадоў1

Каля Каложы ў Гродне з'явіўся жывы вяртэп1

Нядаўна адкрытую скульптуру армрэслера ў Магілёве ўжо закруцілі плёнкай ФОТАФАКТ4

Тэгеран слабы як ніколі: пратэсты ў краіне і пагрозы Трампа зрабілі сітуацыю для ўладаў Ірана надзвычай сур'ёзнай3

ЗША моцныя насамрэч, а Расія — на словах8

«Паехала ў тур, бо марыла пабачыць палярную ноч». Што кажуць пра беларуску, якую знесла плынь пад Мурманскам3

Мачада прапанавала падзяліць сваю Нобелеўскую прэмію міру з Трампам10

Чарговая спроба ўладаў замяніць Tut.by? У Беларусі з’явіўся новы інфармацыйны партал12

Паступаць у ВНУ на завочнае аддзяленне дазволілі без стажу па спецыяльнасці

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Выйшаў на свабоду блогер Павел Спірын6

Выйшаў на свабоду блогер Павел Спірын

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць