Астраномы патэнцыйна знайшлі сляды сямі высокаразвітых цывілізацый
Група даследчыкаў з Вялікабрытаніі, ЗША, Швецыі і Індыі змагла ўлавіць «дзіўныя сігнатуры» з далёкіх участкаў космасу, якія могуць сведчыць аб працэсе будаўніцтва «сфер Дайсана» — велічэзных энергастанцый, якія ахопліваюць цэлыя зоркі. Дэталі магчымага адкрыцця расказаў часопіс Universe Today.

Прааналізаваўшы тэлескопныя і абсерваторныя здымкі мільёнаў зорак з розных участкаў далёкага космасу, астранамічная каманда з некалькіх краін прыйшла да высновы, што змагла ўлавіць сігнатуры «патэнцыйных велічэзных тэхналагічных майстраванняў», вядомых як сферы Дайсана, піша Universe Today.
Гэтыя сферы, названыя ў гонар распрацоўшчыка іх канцэпцыі брытанскага фізіка-тэарэтыка Фрымана Дайсана, уяўляюць сабой штучныя масіўныя абалонкі вакол зорак, якія паглынаюць усю іх энергію для патрэб разумных істот.
Гэтае вынаходніцтва дазволіць чалавецтву жыць вечна. Расказваем, як яго пабудаваць
Навукоўцы зладзілі даследаванне дзякуючы распрацоўцы асаблівага інструмента для аналізу велізарных масіваў даных, які на аснове аптычных і інфрачырвоных здымкаў 5 мільёнаў зорак знайшоў 368 аб'ектаў, што па сігнатуры і параметрах маглі б быць сферамі Дайсана.
Для зніжэння ўзроўню хібнасці пры дэталёвым аналізе з ліку патэнцыйных кандыдатаў быў адкінуты яшчэ 361 аб'ект, чые параметры і сігнатура з большай долей верагоднасці маглі засноўвацца і на натуральных крыніцах (кольцы пылу, касмічныя туманнасці і гэтак далей).
«У выніку ў спісе засталося 7 зорак, падобных на клас М (невялікія чырвоныя карлікі), з розных участкаў далёкага космасу, чые сігнатуры з дастаткова высокай верагоднасцю дапускалі існаванне паблізу іх масіўных тэхналагічных канструкцый, якія паглынаюць энергію гэтых зорак. Прычым ніводная з гэтых канструкцый, паводле аналізу, яшчэ не была дабудаваная.
Сам патэнцыйны факт такога будаўніцтва сведчыць пра існаванне ў тых раёнах высокатэхналагічных цывілізацый, якія толькі-толькі пачынаюць міжзоркавыя вандраванні», — адзначаюць навукоўцы.

Даследчыкі таксама дадалі, что цывілізацыі, здольныя будаваць сферы Дайсана, займаюць 2-е месца ў гіпатэтычнай шкале тэхналагічнага развіцця імя Кардашова.
Усяго ў шкале Кардашова існуе 3 тыпы (месцы) цывілізацый:
Першы тып: цывілізацыя спажывае тую кольскасць энергіі, якая суразмерная колькасці ўсёй энергіі ад зоркі, якая даходзіць да планеты.
Другі тып: цывілізацыя атрымлівае ўсю магчымую энергію ад сваёй зоркі напрамую, выкарыстоўваючы адпаведныя тэхналогіі (тая ж сфера Дайсана).
Трэці тып: цывілізацыя здольная спажываць столькі энергіі, колькі выпрацоўвае ўся галактыка.
Чалавецтва на сённяшні момант, паводле шкалы Кардашова, займае толькі каля 0,73% ад першага тыпу цывілізацыі.


Пры гэтым аўтары даследавання адзначылі, што сігнатура з вышэйзгаданых 7 зорак, нягледзячы на высокую верагоднасць наяўнасці вакол іх сфер Дайсана, усё яшчэ можа мець натуральнае паходжанне. Лепшае і больш дакладнае разуменне сітуацыі можа даць аптычная спектраскапія тых аб'ектаў (адзін з самых прасунутых метадаў аналіза далёкіх касмічных целаў), аднак на гэта «спатрэбіцца час», падагульнілі навукоўцы.
У Івацэвіцкім раёне зафіксавалі незвычайную атмасферную з'яву. І гэта не паўночнае ззянне ФОТЫ
НАСА ўпершыню паказала, што можа ўбачыць чалавек пры падзенні ў звышмасіўную чорную дзірку ВІДЭА
Навукоўцы сцвярджаюць, што мы насамрэч маглі б жыць у камп'ютарнай гульні і не ведаць пра гэта. Вось як яны гэта тлумачаць
Каментары