Грамадства1616

Доктар гісторыі: Абвінавачваць медыкаў і настаўнікаў у сучаснай Беларусі ў калабарацыянізме проста абсурдна

Доктар гісторыі, прафэсар Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Ўладзімер Лобач у 2021-м быў звольнены з працы і прайшоў праз турму за падтрымку пратэстаў. «Радыё Свабода» пагутарыла з ім пра аўтаэтнаграфію, антрапалогію акупацыі, калабарацыю, маскі гуманізму і лясны беларускі рай.

Уладзімер Лобач. Фота: «Радыё Свабода»

Пра аўтаэтнаграфію

— Вы ўсё сваё навуковае жыццё вывучалі беларускую душу на фальклорна-этнаграфічным матэрыяле. У сотнях публікацый паказвалі глыбінную сувязь са звычаямі продкаў, іх паўсядзённай культурай і прыродным ландшафтам. То бок даводзілі, што чалавек з берагоў Дзвіны моцна адрозны, скажам, ад насельніка берагоў Віслы. І вось лёс павярнуўся так, каб вы на сабе спраўдзілі свае навуковыя высновы. Што скажаце?

— Навуковым словам гэта называецца «аўтаэтнаграфія»: калі жыццё штодня дае магчымасць рабіць назіранні, параўнанні і рэфлексаваць з гэтай нагоды. Натуральна, розніца ёсць. Гэта не толькі мова, гістарычная памяць ці больш паўсядзённыя рэчы (кухня, побыт, гаспадарка), але і тыя дробязі, на якія звяртаеш увагу толькі на чужыне. Напрыклад, хуткасць маўлення. У параўнанні з гаваркімі варшаўякамі падзвінскі беларус — маўклівы, задуменны чалавек, які траціць словы так ашчадна і разважліва, як талеры з уласнага гаманца. Беларуская поўнач не любіць балбатуноў.

Пра антрапалогію акупацыі

— Далёка ад беларускай поўначы ў вас з’явілася новая навуковая тэма — «Антрапалогія акупацыі». Пра што йдзецца?

— Так, я цяпер займаюся «антрапалогіяй акупацыі» — спрабую асэнсаваць, як нашы вяскоўцы памятаюць тыя тры страшныя гады пад немцамі. І там не толькі пра немцаў і партызанаў, але і пра спосабы выжывання, экстрэмальную гастраномію, абрады (каб нацысты не спалілі вёску), Галакост і шмат што яшчэ, у тым ліку і пра калабарантаў.

— У сувязі з тэмай той калабарацыі просіцца пытанне пра сучаснасць. Многія аналітыкі лічаць, што Беларусь цяпер таксама акупаваная чужынскай уладай. А ці можна ў сувязі з гэтым тых, хто сёння працуе ў дзяржаўных установах, назваць калабарантамі? Якая ваша думка?

— Прамыя паралелі цяперашняй беларускай сітуацыі з часамі нацысцкай акупацыі вельмі некарэктныя. Трэба разумець, што акупацыя — гэта перадусім чужое войска на тваёй зямлі, за якім тысячы спаленых вёсак, расстрэльныя ямы, Трасцянец і сотні гета па ўсёй краіне. Далёка хадзіць не трэба. Ва ўсіх перад вачыма ўкраінская Буча, жыхары якой на сабе зведалі, што такое акупацыя. Дзяржаўныя ўстановы на сёння — гэта не толькі КДБ, МУС і ГУБАЗіК, але і дзіцячыя садкі, школы, шпіталі, бібліятэкі і музеі. Закідаць супрацоўнікам гэтых установаў калабарацыянізм проста абсурдна. Іншая справа, што мы павінны цвяроза ўсведамляць, што злачынца мусіць панесці адказнасць, дзе б ён ні працаваў.

Пра палявыя даследаванні на чужыне

— Апынуўшыся не па сваёй волі далёка ад роднага Полацка, вы страцілі магчымасць палявых даследаванняў беларускай душы. Вось жа і ваша новая тэма мае ўдакладненне: «Другая сусветная вайна вачыма беларускіх вяскоўцаў». То як вы спраўляецеся з адсутнасцю побач беларускіх вачэй?

— Мае палявыя дарогі са мной — у тысячах запісаў і фотаздымкаў з розных куткоў паўночнай Беларусі, якую пашчасціла амаль за 30 гадоў абыйсці нагамі. Галасы людзей з Вушаччыны, Лёзненшчыны, Расоншчыны, Мёршчыны ці Глыбоччыны, якіх ужо няма на гэтым свеце, застаюцца са мной не проста цікавымі і захапляльнымі аповедамі пра зусім не простае жыццё беларускай вёскі, але найперш як напамін, што іхная шчырасць не мусіць быць змарнаванай і забытай. Іх галасы і фотаздымкі — пастаянны напамін і заклік да працы, каб іхная праўда была даступная не толькі мне.

Пра любоў да людзей і маскі гуманізму

— Нядаўна вы публічна ў сеціве прызналіся: «Не люблю людзей, Беларусь люблю!». Ці азначае гэта, што вы страцілі апантанасць да аб’ектаў свайго навуковага зацікаўлення або яны вас аж гэтак моцна расчаравалі?

— Ніхто з нас не любіць людзей агулам як ананімную, неўзведаную асабіста масу сабе падобных, якія б маскі гуманізму і чалавекалюбства мы ні чаплялі. Заўважце, мы балюча перажывалі трагедыю на Нямізе, але тэракты дзесьці ў Кабуле ці Бэйруце наша ўвага пераважна абыходзіць бокам. Мы любім дзядоў, бацькоў, дзяцей, нашых жанчын і сяброў, настаўнікаў і вучняў, але «любіць людзей» — гэта пусты выраз, бо ніякай любові на ўсіх не хопіць. І ўсе тыя сотні і тысячы бабулек і дзядоў, з якімі мне давялося гаварыць, — гэта не абстрактныя людзі, але калектыўны і кожны раз персанальны партрэт маіх уласных бабуль і дзядоў — Ксені, Марыі, Мацьвея, Івана, з якімі, на вялікі жаль, я не змог дагаварыць. Іх я люблю невымерна, і з гэтай любоўю заўсёды выпраўляўся ў «поле».

Уладзімер Лобач. Фота: «Радыё Свабода»

Пра беларускую душу

— Што вы на падставе сваіх даследаванняў можаце сказаць пра сучасны стан беларускай душы? Чаму яна зноў, каторы ўжо раз, асуджаная на паразу ў самых светлых сваіх памкненнях?

— На жаль ці на шчасце, я не спірытолаг, таму паняцця не маю пра «беларускую душу». Досвед этнографа і фалькларыста цьмяна падказвае, што «беларуская душа» дзесьці за агняной ракой, за калінавым мостам вісіць у срэбным куфэрку на вечным дубе ў дванаццаць какатоў (галін), схаваная ў чароўным яйку. І той, хто верыць у «беларускую душу», чакае казачнага асілка, які б выбавіў яе з няволі і даведаўся пра яе «светлыя памкненні».

Мяне ж «у полі» заўсёды цікавілі рэчы больш празаічныя — жыццёвы досвед і мудрасць нашых продкаў, якія дазволілі захавацца нашай Радзіме і захавацца нам як адметнаму народу са сваім поглядам на свет.

Пра «Полацкі фэст» у эміграцыі

— Многія вашы калегі з Полацкага ўніверсітэта зазналі, як і вы, рэпрэсіі і пераслед рэжыму і апынуліся ў эміграцыі. Напэўна, каб неяк захаваць ілюзію прысутнасці радзімы тут і цяпер, улетку вы зладзілі ў Варшаве «Полацкі фэст». Ці атрымалі ад яго чаканы эфект? Ці збіраецеся найбліжэйшым часам арганізоўваць новы фэст палачанаў-эмігрантаў?

— Калі чалавеку, з розных прычын, ніколі не бывае кепска, то гэта значыць, што чалавек памёр. Мы істоты эмацыйныя, і далёка не заўсёды гэтыя эмоцыі пазітыўныя. «Полацкі фэст», які адбыўся ўлетку і сабраў больш за 30 палачанаў і палачанак, стаўся неймаверна цёплай і па-сапраўднаму сяброўскай сустрэчай землякоў на чужой зямлі. Беласток, Варшава, Познань, Гданьск, Германія, Чэхія… Полацак збірае сваіх і па-за межамі роднай краіны. Агучваць планы — смяшыць багоў, але шчыра спадзяюся, што «Полацкі фэст» стане добрай традыцыяй.

Пра лесавікоў, лясны беларускі рай і новыя вершы

— «ULASLOVY» — так называецца ваша кніга вершаў, якая выйшла ў 2011 годзе. Пасля яе паэтычная муза, выглядае, на нейкі час пакінула вас на самоце з русалкамі, ведзьмакамі, палевікамі, балотнікамі, дамавікамі. Яны засталіся цяпер недзе далёка на поўначы Беларусі. А ў Польшчу, відаць, прывандравалі да вас зусім не раўнівыя да паэтычнай музы лесавікі. «Лясная мая душа, лясная, // бо ў нашых краях у лесе бліжэй да раю, // які незалежна ад бруку альбо ральлі // цярпліва чакае цябе на тваёй зямлі».

Парадуйце, калі ласка, нашых чытачоў сваімі новымі вершамі, створанымі ў сааўтарстве з польскімі лесавікамі.

— Што беларускія, што польскія лесавікі такімі дурніцамі, як вершы, не займаюцца, хоць і супраць нічога не маюць.

* * *

Бераг стылы. Пранізьлівы вецер

скрадае цяпло і дым тытунёвы,

разносіць па белым сьвеце

думкі і словы.

Закрыем сэзон. Дастанем з вады баркасы,

што ёсьць, хай будзе на дабро,

бяз бонусаў і прыкрасы,

кінем манэтку на долю — стане яна на рабро.

Дзень памірае. Застылыя плечы

прагнуць жывой цеплыні

ля запаленай печы

і цішыні.

Павекі зьліпаюцца. Губляеш прытомнасьць увосьні,

каб перагледзець у хуткім рэжыме

апошнюю восень

з памерлымі і жывымі.

* * *

Толькі на самай, на самай поўначы,

на берагах Асьвеі і Лісна

зорны Воз называюць Канём,

бо ніякі воз ніколі ў жыцьці

сам не дакоціцца да Варшавы,

а конь дабяжыць па небе,

каб перадаць прывітаньне,

скінуўшы зорку на памяць

зь нябачнага хваста.

* * *

Абяцаюць дажджы і тужлівую змрочную восень,

і зіму безь зімы, без марозу і белых сьнягоў,

калі нават паштар электронны ні чарта не прыносіць:

ні навін, ні правін, ні самых кароткіх лістоў.

Трэба зноў варажыць. Хоць на картах, хоць кінуўшы косьці,

ці палёт аглядаючы зграі крыклівых варон.

І мінецца ўсё. Я ізноў запрашу ўсіх на госьці,

пазабыўшы благое, як кепскі і прывідны сон.

Цёмным ранкам ад Полацка рушым вушацкай дарогай

у краіну азёраў і сьпеўных жывых трысьнягоў,

каб са сьмехам памерацца кожны сваёй перамогай,

першым лёдам цягаючы прагных і злых акунёў.

* * *

Шляхціц Завальня заўседы чакае

людзей падарожных зь вялікага лёду

і паліць ліхтар на зьмярканьні,

ператварыўшы сядзібу ў маяк,

каб у раптоўнай завеі ты шлях не згубіў

сярод белай стыні лядовай

і бераг свой родны знайшоў,

які звыкла клічам Радзіма.

Каментары16

  • Парада
    17.11.2024
    Лобач, піць трэба меней
  • Просто
    17.11.2024
    Он вообще видел составы избирательных комиссий за последние 30 лет, сплошные "чэстные учыцеля и педа-гоги".
  • Ганьба
    17.11.2024
    Прыемна было пачытаць, але пра "не-калабарацыю" дзяржустаноў - лухта нейкая, ці спадар няўдала выразіўся.

Цяпер чытаюць

Стаў вядомы сапраўдны год заснавання Менска. Адкрыццё было вострасюжэтным навуковым дэтэктывам6

Стаў вядомы сапраўдны год заснавання Менска. Адкрыццё было вострасюжэтным навуковым дэтэктывам

Усе навіны →
Усе навіны

Бэнксі прэзентаваў новую працу, але не сказаў, дзе знаходзіцца1

Сёння пачынаецца суд над Нінай Багінскай7

Каб зняць прапагандысцкі кліп, прыдворны кампазітар Алейнік выцягнуў літаральна з-пад кропельніцы 86-гадовую бабулю11

У ДТЗ у Воранаўскім раёне загінула аднагадовае дзіця

Славакія вяртае ў Беларусь пасла11

Распрацаваны першы за 50 гадоў антыбіётык супраць смяротнай супербактэрыі

У Маладзечанскім раёне прадаюць лецішча з марскога кантэйнера

Колькі каштуе пуцёўка ў беларускі санаторый — сума немалая2

Пяць пытанняў, якія застаюцца пасля смерці экс-выкладчыка БНТУ Шчукіна, што ўцякаў ад міліцыі46

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стаў вядомы сапраўдны год заснавання Менска. Адкрыццё было вострасюжэтным навуковым дэтэктывам6

Стаў вядомы сапраўдны год заснавання Менска. Адкрыццё было вострасюжэтным навуковым дэтэктывам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць