«Людзей эвакуявалі ў клуб». Што адбывалася ў вёсцы Брагінскага раёна пасля падзення расійскага дрона
У паўднёвай частцы Брагінскага раёна, над якой фіксуюцца рэгулярныя транзітныя пралёты расійскіх ударных беспілотнікаў, яны часам і падаюць. Напрыклад, адзін з такіх выпадкаў адбыўся ноччу 1 лютага, калі БПЛА ўпаў на паўночны ўсход ад вёскі Малажын Брагінскага раёна — у полі за старой піларамай, даведаўся «Флагшток».

«Дрон упаў, але не выбухнуў. Прыязджалі сапёры і іншыя службоўцы. Частку людзей, якія жывуць у раёне падзення, эвакуявалі ў клуб. Хацелі на месцы падарваць, але затым кудысьці вывезлі — выбуху не было. Улады нікому нікому не казалі, чый гэта дрон, але людзі і так ведаюць, што адбылося», — расказала «Флагштоку» крыніца.
З яе слоў, расійскія дроны пры нападах на Украіну пралятаюць над вёскай часта, і «ўсе больш-менш прывыклі да гэтых палётаў».


Інфармацыя пра пралёт БПЛА над Малажынам верыфікуецца паведамленнем маніторынгавага канала «Беларускі Гаюн». Праект, які нядаўна спыніў сваё існаванне, 1 лютага апублікаваў схему руху трох дронаў тыпу «шахед», першы з іх заляцеў з тэрыторыі Украіны ў 05:06, калі БПЛА ляцеў на Брагін, праз Малажын. Авіяцыя ВПС Беларусі ў тую ноч і раніцай не падымалася.

Цяпер чытаюць
Пагражаў вайскоўцам раскрыць, хто з іх гомасэксуал, каб выпытаць сакрэты і прадаць Украіне. Вось за што адыёзны функцыянер БРСМ атрымаў 17 гадоў калоніі
Каментары