У сталічных крамах фіксуецца скарачэнне прысутнасці прадуктаў харчавання беларускай вытворчасці. Выпраўляць сітуацыю гарадскія ўлады маюць намер у тандэме з буйнымі гандлёвымі сеткамі, піша Myfin.by.

Як паведамляецца, намеснік старшыні Мінгарвыканкама Надзея Лазарэвіч падчас нарады, прысвечанай вынікам 2024 года, звярнула ўвагу на невялікае зніжэнне ў сталіцы долі беларускіх харчовых тавараў у рознічным продажы.
Паводле слоў чыноўніцы, удзельная вага айчынных харчовых тавараў у рознічным тавараабароце Мінска знізілася на 0,9 працэнта.
Пры гэтым па некаторых групах тавараў, уключаючы мучныя і цукрыстыя вырабы, макароны і крупы, падзенне яшчэ больш істотнае, а для дзіцячага харчавання яно склала 6%.
Лазарэвіч заявіла, што сітуацыю павінны выправіць сумесныя аператыўныя меры адміністрацый раёнаў і буйных гандлёвых сетак. Сярод агучаных прапаноў — забяспечыць прыярытэтную выкладку айчынных тавараў, у тым ліку ў прыкасавай зоне, а таксама выдзяленне не менш за 60% прасторы на паліцах крам для беларускіх прадуктаў.
Намесніца кіраўніка Мінска адзначыла, што па некаторых групах тавараў назіраецца «засілле вытворчасці з іншых краін», што выклікае расчараванне з прычыны наяўнасці буйных айчынных прадпрыемстваў, якія выпускаюць аналагічную прадукцыю.
«Выбачайце, але калі ты прыходзіш у краму і бачыш пернік, выраблены не ў Рэспубліцы Беларусь, калі такі аб'ём вытворчасці ў нас у краіне. Вядома ж, выклікае шмат пытанняў», — сказала Лазарэвіч.
Каментары
В одной партии вафли бледные и на вкус как оплатка, а в другой вафли горелые.
Пайшоў у евроопт. А там "малочны фальварак" (калі не блытаю), зроблена ў Оренбурге о_О