Здароўе1010

Навукоўцы зразумелі, чаму нашы вясковыя бабулі жылі даўжэй

Усё больш краін укараняюць практыку «ферм старых людзей» — сельскагаспадарчых гаспадарак, дзе пажылыя людзі і нават пацыенты з дэменцыяй уключаюцца ў простую, але карысную працу на зямлі.

Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва

Нарвежская пенсіянерка Марыяна Рогстад (Marianne Rogstad) працавала парцье ў гатэлі ў Швейцарыі. На працягу пяці дзесяцігоддзяў яна штодня сутыкалася з рознымі мовамі і культурамі. Пасля вяртання ў Нарвегію жанчыне паставілі дыягназ «дэменцыя», і яна хутка апынулася ў сацыяльнай ізаляцыі. Усё змянілася, калі Рогстад далучылася да «фермы клопату» Impulssenter пад Осла — месца, дзе людзям з дэменцыяй прапануюць працаваць на зямлі і мець зносіны з іншымі.

Як піша ВВС, у 2015 годзе Нарвегія стала адной з першых краін, што распрацавалі нацыянальны план дагляду за людзьмі з дэменцыяй. У яго межах з’явіліся дзённыя цэнтры знаходжання Inn på tunet («на падворку»), або так званыя «фермы клопату» (care farm).

Сёння ўсё больш краін прызнаюць карысць працы ў садзе для здароўя, укараняючы так званыя «зялёныя рэцэпты» — сацыяльна-арыентаваныя заняткі на прыродзе для прафілактыкі і паляпшэння стану пры розных хваробах.

«Зялёныя рэцэпты» павялічваюць фізічную актыўнасць, умацоўваюць сацыяльныя сувязі і зніжаюць стрэс. Гэта спрыяльна ўплывае на артэрыяльны ціск, узровень цукру ў крыві і падтрымку здаровай вагі, зніжаючы рызыку хвароб, што вядуць да дэменцыі», —

тлумачыць Меліса Лем (Melissa Lem), сямейны доктар з Ванкувера і даследчыца з Універсітэта Брытанскай Калумбіі. «Усе ведаюць, што фізічная актыўнасць паляпшае псіхічнае і фізічнае здароўе, але праца ў садзе значна ўзмацняе гэтыя эфекты», — дадае яна.

Навуковыя сведчанні пра карысць працы ў садзе

Сувязь паміж працай у садзе і паляпшэннем кагнітыўных здольнасцяў на працягу жыцця паказалі вынікі даследавання вучоных Эдынбургскага ўніверсітэта. У даследаванні параўноўвалі вынікі тэстаў на інтэлект, якія ўдзельнікі здавалі ў 11 гадоў і паўторна — у 79 гадоў. Тыя, хто рэгулярна займаўся працай у садзе, паказалі значна лепшыя вынікі, чым тыя, хто гэтым не цікавіўся.

«Праца ў садзе патрабуе складаных кагнітыўных працэсаў — памяці, планавання, увагі», — кажа кіраўнік даследавання Джэйні Корлі. Яна тлумачыць гэта эфектам «выкарыстоўвай або страціш» — рэгулярная актыўнасць, якая стымулюе мозг, дапамагае падтрымліваць яго функцыі ва ўзросце.

Іншыя даследаванні пацвярджаюць гэтыя высновы. Напрыклад, даследаванне 2002 года, праведзенае ў ЗША сярод больш як 800 манашак, паказала, што тыя, хто часта ўдзельнічаў у стымулюючых мозг занятках, мелі значна ніжэйшую рызыку развіцця хваробы Альцгеймера.

Японскія вучоныя выявілі, што ўдзел у сацыяльна карысных справах абараняе памяць. А іншыя даследаванні пацвярджаюць, што сумесныя інтэлектуальныя заняткі паляпшаюць не толькі кагнітыўныя функцыі, але і настрой, камунікацыю і сацыяльнае ўзаемадзеянне.

Праца ў садзе, сцвярджаюць вучоныя, асабліва карысная для мозгу. У людзей, якія ёй занятыя, павышаецца ўзровень асаблівых бялкоў, якія дапамагаюць росту і падтрымцы нервовых клетак. Адзін з іх — BDNF — спрыяе развіццю нейронаў, другі — VEGF — паляпшае працу мозгу і памяць.

Даследаванне 2006 года ў Аўстраліі паказала, што штодзённая работа ў садзе зніжае рызыку дэменцыі на 36%, паляпшае ўвагу, памяншае стрэс, зніжае імавернасць падзення і патрэбу ў лекавых прэпаратах.

Сіла прыроды і руху

Знаходжанне на прыродзе само сабою супакойвае. Яшчэ ў 1980-х прафесар Роджэр Улрых (Roger Ulrich), адзін з вядучых экспертаў у галіне медыцынскай архітэктуры, паказаў, што нават від з акна на дрэвы памяншае боль і раздражнёнасць.

Улрых выказаў думку, што такая рэакцыя на прыроду сфарміравалася праз эвалюцыю. У даўнія часы тым, хто хутчэй супакойваўся пасля стрэсу, было лягчэй выжыць. Таму здольнасць аднавіцца ў натуральным асяроддзі стала карыснай для выжывання і перадавалася з пакалення ў пакаленне. Менавіта таму сёння нават кароткае знаходжанне на прыродзе можа палепшыць самаадчуванне.

Паводле даследаванняў, праведзеных у ЗША, людзі, што працавалі ў садзе больш за гадзіну на тыдзень, мелі на 66% меншую рызыку інфаркту, а таксама лепшую шчыльнасць касцей. Такая праца паляпшае рухомасць, вынослівасць, дробную маторыку і мышачную масу.

Праца ў садзе і дэменцыя

Для людзей з дэменцыяй праца ў садзе мае асаблівую каштоўнасць: яна паляпшае настрой, паводзіны, зносіны і функцыянальнасць. «Фермы клопату» для такіх людзей становяцца ўсё больш распаўсюджанымі па ўсёй Еўропе.

Хенрыета Брынгсёрд (Henreitte Bringsjord), адна з кіраўнікоў фермы Impulssenter, перакананая, што праца на падворку дапамагае людзям з дэменцыяй захаваць пачуццё самастойнасці і значнасці.

«Людзі атрымліваюць задавальненне ад выніку сваёй працы», — кажа яна. Акрамя таго, калектыўны характар работ дазваляе людзям, якія маюць цяжкасці з памяццю, лягчэй сачыць за працэсам, бо калі нехта забыў, што трэба рабіць, ён можа паглядзець на іншых — і ўспомніць.

Пры гэтым Брынгсёрд падкрэслівае: нават з улікам усіх даказаных кагнітыўных выгод, самае галоўнае — стварыць для гэтых людзей пазітыўнае, жывое асяроддзе, поўнае зносін і клопату.

«Яны могуць вярнуцца дадому шчаслівымі. Калі сужэнец спытае: «Што ты рабіў сёння?», — яны, можа, і не ўспомняць, але дакладна будуць ведаць, што дзень быў добры», — кажа яна.

Так адчувае сябе і Марыяна Рогстад, якая цяпер тройчы на тыдзень прыходзіць на ферму: саджае гародніну, даглядае кароў і курэй — і знаходзіць у гэтай простай працы сапраўдную радасць. «Тут, на прыродзе, вельмі добра. Намнога лепш, чым сядзець дома», — прызнаецца яна.

Каментары10

  • Месціч
    31.05.2025
    А калі з горада дык ужо не "нашы"?
  • Не з народа
    31.05.2025
    [Рэд. выдалена]
  • Не з народа
    31.05.2025
    Не з народа , думаў, што блакуеце каментары толькі за іншадумства адносна мадэратараў. Але за пералік сухіх фактаў - гэта нешта новае.

    Яшчэ раз:

    1. Лукашэнка не мог знішчыць нацыю, бо яе няма (самі публікавалі размову на гэты конт з адным прафесарам), тым больш на вёсцы, дзе народ, люд, насельніцтва, але ніяк не нацыя.

    2. Лукашэнка сам з вёскі, "простанародны" хлопец. Якраз ён хацеў выратаваць вёску, але ігнараваў факт, што гэта натуральны працэс.

    3. Выдаленне таго каментара толькі пацвярлджае пра культ "простага гарода", які лічыцца святы і яго нельга ніяк крытыкаваць.

    Можаце не пагаджацца, але не маеце маральнага права выдаляць каментар, толькі таму што вы з ім нязгодныя.

Цяпер чытаюць

Украіна масіравана атакавала расійскія аэрадромы і знішчала бамбардзіровачную авіяцыю42

Украіна масіравана атакавала расійскія аэрадромы і знішчала бамбардзіровачную авіяцыю

Усе навіны →
Усе навіны

Маладую касплэйшчыцу кінулі ў калонію за «заклікі да прычынення шкоды Беларусі»8

Пад Мінскам машына сутыкнулася з матацыклам ВІДЭА

У Мінску праходзіць велакарнавал «Viva Ровар» ФОТЫ2

Брэсцкія памежнікі не прапусцілі без чаргі інваліда з Расіі — былога прэс-сакратара паліцыі Інгушэціі. Ён абураны10

Макрон заклікаў стварыць «кааліцыю незалежных» і не глядзець на Вашынгтон і Пекін4

Чарэшні на Камароўцы патаннелі ўтрая. Чым яшчэ выгадна закупіцца?2

Паўлючэнка: Вольга Сямашка хацела атрымаць для аўдыту менавіта фонд «Разам»21

Папулярная актрыса выпусціла мыла з вадой з уласнай ванны1

Ганна Бонд крытыкуе, дэпутатка Мірончык-Іванова спявае пра «крошку»: у Мінску з аншлагам прайшоў канцэрт «Руки вверх»37

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Украіна масіравана атакавала расійскія аэрадромы і знішчала бамбардзіровачную авіяцыю42

Украіна масіравана атакавала расійскія аэрадромы і знішчала бамбардзіровачную авіяцыю

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць