«Гісторыя не выклікае даверу». Польшча перадала Літве справу аб міжнароднай абароне беларускі, якая часта ездзіла ў камандзіроўкі
Ваяводскі адміністрацыйны суд Варшавы адмовіў беларускай актывістцы ў разглядзе справы аб міжнароднай абароне ў Польшчы, нягледзячы на відавочную сувязь дзяўчыны з гэтай краінай: тут жыве яе малады чалавек, а яна праходзіць лячэнне. Калі такое ж рашэнне вынесе апошняя інстанцыя — Вышэйшы адміністрацыйны суд, — справа будзе перададзена Літве.

Суд палічыў, што міграцыйная гісторыя дзяўчыны «не выклікае даверу», бо яна занадта часта ездзіла па ЕС і нават за яго межы да падачы заявы аб міжнароднай абароне. Такі падыход можа стаць дрэнным прэцэдэнтам для многіх беларусаў, піша Most.
Злата (імя зменена) займаецца актывізмам. Яна ўдзельнічала ў праграмах псіхалагічнай дапамогі для беларускіх актывістаў, часта прымала ўдзел у семінарах, трэнінгах і канферэнцыях для валанцёраў у розных краінах.
Дзяўчына з'ехала з Беларусі яшчэ ў першыя тыдні пратэстаў 2020 года. Спачатку ў Украіну, а потым у Літву. Там яна атрымала ДНЖ і жыла больш за год. Але потым пераехала ў Польшчу, дзе жыве яе малады чалавек. І ў чэрвені 2024 года папрасіла аб міжнароднай абароне пасля заканчэння дзеяння літоўскага ДНЖ.
Што такое Дублінскі рэгламент і чаму ён можа вырашыць лёс Златы
У ЕС дзейнічае Дублінскі рэгламент — пагадненне, якое вызначае, якая краіна павінна разглядаць заяву аб міжнароднай абароне. У агульным выпадку гэта краіна, якая выдала замежніку дакумент для ўезду ў ЕС або дазвол на знаходжанне. А калі такога дакумента не было — краіна першага ўезду ў ЕС.
Аднак рэгламент дазваляе рабіць выключэнні: улічваць гуманітарныя абставіны або сямейныя сувязі. Тады справа накіроўваецца той дзяржаве, з якой цесна звязаны заяўнік або дзе жывуць яго муж/жонка, непаўналетнія дзеці або бацькі непаўналетніх
Да таго часу, калі Злата падала заяву аб прадастаўленні міжнароднай абароны, тэрмін дзеяння яе ДНЖ у Літве ўжо скончыўся. І дзяўчына, атрымаўшы няякасную кансультацыю, памылкова лічыла, што, па Дублінскім рэгламенце, яна цяпер не звязана з Літвой. Насамрэч гэта не так, бо ніякага іншага дакумента дзяржавы ЕС яна не атрымала.
Сукіраўнік усходняга напрамку ў WKB Lawyers і сузаснавальніца ініцыятывы Partyzanka Ганна Маціеўская, якая цяпер вядзе справу, лічыць, што ў выпадку Златы разумней было б спачатку падаць дакументы на ДНЖ у Польшчы, напрыклад, на падставе працы. У 2024 годзе, калі Злата папрасіла аб абароне, такі шлях быў яшчэ прымальны.
У адпаведнасці з зменамі, якія ўступілі ў сілу з 1 чэрвеня 2025 года, падаць заяву на ДНЖ у Польшчы па ДНЖ іншай краіны ЕС ужо нельга. Калі б дзяўчына атрымала ДНЖ Польшчы, а потым звярнулася за міжнароднай абаронай, менавіта гэтая краіна была б адказная за разгляд яе справы.
Аднак і без гэтага, як лічыць Маціеўская, падставы для разгляду справы ў Польшчы былі. Па-першае, тут Злата праходзіць лячэнне. Юрыстка не разгалошвае, якое менавіта, але кажа, што гэта дастаткова сур'ёзнае захворванне, «не прастуда». «У Польшчы ў дзяўчыны канкрэтныя дактары і канкрэтны план лячэння», — тлумачыць яна.
Па-другое, тут жыве малады чалавек, з якім у Златы сур'ёзныя адносіны. Ён знаходзіцца пад міжнароднай абаронай Польшчы. Такім чынам, перадача справы ў Літву не дазволіць дзяўчыне быць з яе партнёрам у Польшчы, а польскія рэзідэнты абмежаваны ў перамяшчэнні як па працоўных прычынах, так і па легалізацыйных абставінах.
Чаму суд не прыняў усё гэта пад увагу
Тым не менш, у двух адміністрацыйных інстанцыях і ў варшаўскім судзе Злата атрымала адмову.
Звярніце ўвагу: суд не разглядаў, ці патрэбна дзяўчыне міжнародная абарона ў прынцыпе. У кейсе Златы відавочна, што вяртацца ў Беларусь ёй небяспечна — там, па словах Маціеўскай, дзяўчыну чакае «добры набор крымінальных артыкулаў».
Вызначалася, якая краіна будзе адказная за разгляд справы.
Пісьмовую версію матывацыйнай часткі рашэння суда абарона дзяўчыны яшчэ не атрымала. Але пры вусным вынясенні рашэння суд звярнуў увагу, што Злата шмат перасоўвалася па Еўропе і, як выказваецца Маціеўская, гучала гэта так, быццам дзяўчына свабодна і па сваёй волі «гастралявала». То-бок яе частыя паездкі, на думку суда, паказваюць, што беларуска мае лёгкасць у перамяшчэнні паміж краінамі і, адпаведна, можа гэтак жа спакойна паехаць і ў Літву.
Абаронца дзяўчыны лічыць, што суд разглядаў гэты кейс вельмі фармальна, без разумення беларускага кантэксту і спецыфікі працы НКА і грамадзянскага сектара. Беларуска сапраўды была ў розных краінах, але ўсё гэта былі кароткатэрміновыя паездкі ў службовых мэтах: канферэнцыі для валанцёраў праводзяцца ў розных месцах. Усе яны былі бяспечныя для Златы: амаль усе мерапрыемствы, у якіх яна брала ўдзел, праходзілі ў ЕС і толькі адно — у Грузіі.
Нельга параўноўваць кароткатэрміновыя камандзіроўкі і працяглы ад'езд з Польшчы, упэўнена Маціеўская.
Тым не менш суд вырашыў, што з улікам шматлікіх перамяшчэнняў, а таксама трэка «Украіна — Літва — Польшча» «міграцыйная гісторыя не выклікае даверу», а таксама што Злата злоўжывае працэдурай бежанства пры спробе абгрунтаваць разгляд справы ў Польшчы.
Каментары
Адное толькі, што "яна займаецца актывізмам" - ужо можна высылаць ў Еўропы. Якая ў цябе прафесія? Чым ты прыдадтная ў Польшчы і ЕС? Якая ад цябе карысць Беларусі будзе?
І сувязі з Польшчай ніякай у яе няма. Малады чалавек сёння адзін, а заўтра другі. Лячыцца можна дзе заўгодна. А калі яна скакала па краінах розных, відаць, здароўе дазваляла.
Хопіць ганьбіць беларусаў такімі кейсамі!