Беларускія айцішнікі з'язджаюць з Літвы? Як змяняецца колькасць беларусаў у Літве па тыпах ДНЖ
Статыстыка паказвае, што колькасць беларусаў з ДНЖ Літвы працягвае скарачацца. У тым ліку за кошт змяншэння колькасці высокакваліфікаваных спецыялістаў, але асноўны ўнёсак у адмоўны баланс уносяць не айцішнікі.

Беларусы амаль паўсюль на першым месцы
Пачынаючы з гэтага года, літоўскі дэпартамент міграцыі стаў публікаваць больш падрабязную статыстыку па трымальніках ДНЖ. Дзякуючы гэтаму, можна адсачыць, як змяняецца колькасць грамадзян Беларусі з ДНЖ таго ці іншага тыпу.
Па стане на 1 студзеня 2025 года, у Літве было 57 511 грамадзян Беларусі з ДНЖ усіх тыпаў.

З іх 3 605 чалавек мелі ДНЖ тыпу EU Blue Card (літ. Aukšta kvalifikacija). Такі дакумент выдаецца высокакваліфікаваным спецыялістам, якія адпавядаюць пэўным крытэрам па ўзроўню зарплаты, вышэйшай адукацыі або досведу працы ў якасці высокакваліфікаванага спецыяліста. Менавіта Blue Card часцей за ўсё атрымлівалі супрацоўнікі ІТ-кампаній.
За апошнія паўгода, колькасць грамадзян беларусі з літоўскімі ДНЖ скарацілася да 52 662 чалавек, або на 8,5%. Разам з агульнай лічбай скарацілася і колькасць Blue Card сярод беларусаў. Цяпер іх засталося 3 363, што прыблізна на 7% менш, чым было на пачатку года. Атрымліваецца, што сярод высокакваліфікаваных спецыялістаў адток нават меншы, чым калі браць агулам.

Тым не менш, нават нягледзячы на скарачэнне, беларусы ўпэўнена займаюць у Літве першае месца па колькасці высокакваліфікаваных спецыялістаў — больш за 60% ад агульнай колькасці.
На другім месцы па колькасці высокакваліфікаваных замежнікаў з Blue Card ідуць грамадзяне Расіі — 794 чалавекі. На пачатку года ў Літве было 869 расіян з Blue Card. Замыкаюць тройку лідараў індыйцы з 386 высокакваліфікаванымі спецыялістамі.
Чацвёртае месца — украінцы з 354 Blue Card. Пятае — Турцыя з 116 высокакваліфікаванымі спецыялістамі.
Адметна, што калі колькасць грамадзян Беларусі і Расіі з Blue Card скарачаецца, то колькасць грамадзян Украіны, Індыі і Турцыі трохі павялічылася. Але агульная лічба таксама падае: калі на пачатку года ў Літве было 5823 замежнікі з Blue Card, то цяпер засталося 5584. А год таму іх было ўвогуле 6085 чалавек.
Як паказвае статыстыка, найбольшае скарачэнне сярод грамадзян Беларусі назіраецца ў тых, хто мае звычайны працоўны ДНЖ (літ. Darbas). Калі па стане на 1 студзеня такіх было 41 450, то цяпер — 37 028 чалавек. Гэта мінус 10,5% за шэсць месяцаў.
Не толькі ў мінус
Пры гэтым крыху павялічылася колькасць трымальнікаў гуманітарнага ДНЖ — 1050 цяпер, супраць 947 на пачатку года. Сярод новых 103 чалавек могуць быць як нядаўна прыехаўшыя ў Літву па гуманітарных прычынах, так і тыя, хто раней меў Blue Card або звычайны працоўны ДНЖ.
Таксама паступова павялічваецца колькасць грамадзян Беларусі, якія маюць ПМЖ. Калі па стане на 1 студзеня ў Літве пражывала 3773 беларусы з ПМЖ, то цяпер — 3893 чалавекі.

Пры гэтым варта адзначыць, што колькасць грамадзян Беларусі, як і іншых замежнікаў, якія маюць літоўскі ДНЖ, і колькасць тых, хто там рэальна пражывае, — гэта зусім розныя лічбы.
Рэч у тым, што з 42 307 выдадзеных новых ДНЖ на падставе працы ў 2025 годзе 33 426, або 79%, прыходзіліся на кіроўцаў-міжнароднікаў.
Каментары