Збілі і залілі пярцовым газам: на беларуса і ягоную дзяўчыну напалі ў навагоднюю ноч пад Варшавай
24‑гадовы Аляксей Бядненка, які жыве ў Варшаве, 31 снежня прыехаў да сваёй дзяўчыны ў Жырардаў, што знаходзіцца недалёка ад сталіцы, сустракаць Новы год. За паўгадзіны да апоўначы маладыя людзі пайшлі на канцэрт. Да іх далучылася сястра дзяўчыны Аляксея, якой яшчэ няма 18 гадоў. Як расказаў «Белсату» маладзён, да гарадскога свята яны так і не дайшлі, бо на іх напалі невядомыя, збілі і залілі пярцовым газам.

«Падбег і пачаў біць кулаком па галаве»
Жырардаў — невялікі гарадок за 50 кіламетраў на паўднёвы захад ад Варшавы. Тут пражываюць крыху больш за 41 тысячу чалавек. Ёсць тут і невялікая беларуская супольнасць, а таксама шмат украінцаў.
Дзяўчына Аляксея — украінка. Жыве разам з маці і сястрой. Да іх і прыехаў беларус. Усе разам яны сустрэлі «ўкраінскі новы год» — праз розніцу ў часе на гадзіну раней, чым «польскі». Паслухалі прамову Уладзіміра Зяленскага, выпілі крыху шампанскага, потым яшчэ гарбаты і каля 23:30 Аляксей і дзяўчыны пайшлі прагуляцца ў цэнтр гораду, дзе планаваліся святочны канцэрт і феерверкі.
«Мы пайшлі ў бок канцэрта, на шляху нас сустрэлі два мужчыны і адна дзяўчына. Дзяўчына была апранутая звычайна, мужчыны былі ва ўсім чорным і балаклавах. Яны былі каля крамы 24/7. Дзяўчына размаўляла з прадавачкай. Я і падумаць не мог, што каля крамы можа штосьці здарыцца. Таму мы проста далей ішлі», — распавядае Аляксей.
Адзін з мужчын, са слоў маладзёна, пайшоў у ягоны бок і штурхнуў яго плячом. Разумеючы, што пачынаецца канфлікт, беларус загадаў дзяўчатам ісці наперад і не звяртаць увагу, ды пайшоў за імі таксама.
«Мужчына, павярнуўшыся да мяне, запытаўся штосьці па-польску, а я не пачуў, бо ён быў у балаклаве, а я ў шапцы і капюшоне. Я запытаўся, што ён хоча і працягваў ісці далей і ігнараваць яго. Я спадзяваўся, што гэта дапаможа не развіваць далей сітуацыю, бо са мной была дзяўчына і ейная сястра, якой яшчэ нават 18 няма. Калі яны зразумелі, што мы іх ігнаруем, той мужчына, які мяне штурхнуў, ішоў за намі і штосьці выкрыкваў, я таксама не мог разабраць, што. Мы ішлі далей наперад. Той мужчына праз 5 метраў падбег да мяне і пачаў біць па галаве кулаком. Першы ўдар я праігнараваў, бо разумеў, што іх некалькі, а са мной дзяўчаты, што не варта рэагаваць, і сказаў ім уцякаць», — прыгадвае далей падзеі навагодняй ночы Аляксей.
«Страціў зрок, не мог нармальна дыхаць»
Беларус з дзяўчатамі пабеглі наперад. Наш суразмоўца разумеў, што ўсе яны наўрад ці далёка ўцякуць па заснежанай дарозе, таму спыніўся і развярнуўся да тых, хто іх пераследаваў, каб даць магчымасць дзяўчатам як мага далей адбегчы. З сабой у хлопца быў невялічкі пярцовы балончык для самаабароны. Ён дастаў яго, але не паспеў скарыстацца — другі з нападнікаў дастаў вялізны балон, падобны па памерах да вогнетушыцеля — «пярцовік», якім карыстаюцца ахоўнікі, і пачаў з яго заліваць беларуса.
«Рэчыва было вельмі моцнае, бо я адразу страціў зрок, не мог нармальна дыхаць ды хоць штосьці зрабіць. Я толькі чуў, як ззаду падбегла мая дзяўчына і паспрабавала стрымаць мужчыну, які збіраўся мяне біць», — кажа Аляксей.
Дзяўчыну тады таксама залілі з балону, яна пачала крычаць. Беларус кажа, што яму было вельмі страшна за яе і ейную сястру. У той момант дзяўчына, што была ў кампаніі з нападнікамі і стаяла каля крамы, крыкнула па-польску — «Уцякаем!». Літаральна праз хвіліну ўсе трое ўцяклі за краму, і больш ахвяры нападу іх не бачылі.
Аляксей з дзяўчынай нічога не бачылі, няпаўналетняя сястра ўкраінкі была ў разгубленасці. Наш суразмоўца спрабаваў злавіць машыну па гуку, аднак ніхто не спыніўся. Маладыя людзі церлі вочы снегам, але гэта не дапамагала. Тады яны пабеглі да крамы і папрасілі прадавачку даць ім вады ці малака, каб прамыць вочы. Тая сказала аплаціць, але карткай гэта зрабіць было немагчыма. Гатоўкі ж у Аляксея і дзяўчат не было. Яны прасілі мінакоў дапамагчы, іх распытвалі, што здарылася, і праходзілі міма.
«Магчыма, яны думалі, што мы п’яныя, ці што гэта мы зачыншчыкі. Прадавачка, магчыма, і не бачыла канфлікту. Але гэта дакладна мусіла трапіць на камеры, бо было на цэнтральнай вуліцы гораду», — кажа Аляксей.
Беларус папрасіў прадавачку выклікаць паліцыю, але тая адмовілася. Тады сястра дзяўчына патэлефанавала маме, якая прыбегла і забрала ўсіх дамоў. Адразу не выклікалі хуткую дапамогу ці паліцыю, бо хацелі як мага хутчэй сысці — баяліся, што нападнікі могуць вярнуцца.
Траўма галавы і вострая рэакцыя на стрэс
Са слоў Аляксея, дома яшчэ 3 — 4 гадзіны яны адмываліся і прыходзілі ў сябе. Свой стан у той момант маладыя людзі запісалі на відэа.

На наступны дзень, 1 студзеня, пайшлі ў паліцыю, каб напісаць заяву. Іх папрасілі прыйсці заўтра, 2 студзеня. Калі ахвяры нападу прыйшлі ў прызначаны час, для іх запрасілі перакладчыка і склалі пратакол.
Аляксей прасіў накіраванне да судмедэксперта, каб той «зняў» пабоі. Паліцыя адмовіла і толькі папрасіла скінуць фотаздымкі сінякоў на электронную пошту следчага. Беларус адправіў ліст і пайшоў у лякарню на звычайнае абследаванне, якое пацвердзіла наяўнасць у маладзёна гематомы на галаве і наступствы пярцовага газу.
«На скуры галавы на патыліцы гематома 2х1 см, адчувальнае патаўшчэнне падскурнай тканіны, чуллівая навобмацак. <…>. Выяўленая павярхоўная траўма галавы», — гаворыцца ў медычным заключэнні, якое атрымаў Аляксей.
У дакуменце, які выдалі ў лякарні ягонай дзяўчыне, напісана, што ў яе выявілі вострую рэакцыю на стрэс.

Гэтыя дакументы Аляксей аднёс у паліцыю. Але, паколькі гэта заключэнні не ад судмедэксперта, то маладзён не ведае, ці будзе дакумент мець патрэбную вагу.
Матывы невядомыя
Аляксей не ведае, чаму тыя мужчыны напалі на іх. Сцвярджае, што нічым іх не правакавалі, і імкнуліся як мага даўжэй ігнараваць зачэпкі ад іх. Ці былі нейкія ксенафобскія матывы, маладзён не ведае, бо нападнік штосьці яму крычаў, але што, немагчыма было пачуць. П’янымі тыя мужчыны ў балаклавах таксама не выглядалі. У сваіх ахвяр нічога не скралі, хутка ўцяклі, таму іхная матывацыя застаецца невядомай.
Калі паліцыя не дасць справе хаду, і не стане шукаць нападнікаў, беларус будзе звяртацца ў пракуратуру.
Аляксей Бядненка жыве ў Польшчы ўжо больш за 2 гады, атрымаў тут міжнародную абарону. Кажа, што за ўвесь гэты час амаль не сутыкаўся з агрэсіўным і/ці ксенафобскім стаўленнем ад палякаў, і што больш ад гэтага цярпяць украінцы, у тым ліку — ягоная дзяўчына.
Каментары