Грамадства1212

«Я ледзь пазнала Сяргея». Ціханоўская расказала, як змяніўся муж за гады ў турме, і адказала крытыкам ягоных эмоцый

Праз два дні пасля вызвалення Сяргея Ціханоўскага ягоная жонка і лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская накіравалася ў Гаагу на саміт НАТА. У кулуарах форуму з ёй пагаварыў журналіст «Люстэрка». Падчас размовы ён даведаўся, ці не хацела Святлана адмяніць паездку або ўзяць мужа з сабой, якія галоўныя змены ў ім паспела заўважыць і што адкажа людзям, якія крытыкуюць яе за правядзенне эмацыйнай прэс-канферэнцыі Ціханоўскага.

Сяргей і Святлана Ціханоўскія на прэс-канферэнцыі 22 чэрвеня

«Здавалася, што ён будзе сярод апошніх, хто выйдзе»

— Калі вам стала вядома, што рыхтуецца вызваленне Сяргея? І колькі часу прайшло з моманту атрымання інфармацыі да разумення, што ўсё здарыцца?

— Сяргей быў у гуманітарным спісе на вызваленне людзей. З ім мы даўно працуем. Што ён будзе вызвалены, я не верыла. Таму што мы разумеем: Сяргей Ціханоўскі з'яўляецца адным з лютых ворагаў Лукашэнкі. Мне здавалася, што ён будзе сярод апошніх, хто выйдзе на волю.

Я даведалася пра тое, што здарылася, калі мне патэлефанаваў сам Сяргей. Ён папрасіў тэлефон у кагосьці на мяжы. У трубцы я пачула: «Святлана, я на волі, мая каханая, дарагая жонка». І вось тады, вядома, зразумела, што гэта здарылася. Эмацыйна было вельмі складана. У той момант я знаходзілася ў аэрапорце. Гэта стала вялікай нечаканасцю.

— Ваш старшы дарадца Франак Вячорка ў інтэрв'ю «Люстэрку» казаў, што як магчымы сцэнар вызваленне Сяргея абмяркоўвалася за некалькі дзён да таго, што здарылася. Хто вам гэтую інфармацыю перадаў?

— У нас заўсёды ёсць надзея, што вызваляць усіх палітвязняў. У гуманітарным спісе, пра які я згадвала, вельмі шмат людзей: і Алесь Бяляцкі, і Маша Калеснікава, і Віктар Бабарыка. Логіку рэжыму не зразумець. Чаму яны вызвалілі менавіта Сяргея? Думаю, разлічвалі, што ён унясе раздрай у наш грамадскі рух, палітычную працу.

— У суботу Сяргея адпусцілі, а ў панядзелак увечары вы ўжо паехалі на саміт НАТА. Не было думкі адмяніць паездку? Ды і чаму Сяргея тут няма?

— Вызваленне групы палітвязняў, уключаючы Сяргея Ціханоўскага, прыцягнула вялікую ўвагу да Беларусі. А гэта вельмі важна, каб пра нас не забываліся і не замоўчвалі тэму гуманітарнага і палітычнага крызісаў. Таму, наадварот, трэба карыстацца з гэтага моманту і казаць, крычаць пра Беларусь. Крычаць пра тое, праз што праходзяць беларускія палітвязні ў турмах, праз якія катаванні. Паслядоўна трэба падымаць пытанні незалежнасці нашай краіны, удзелу Лукашэнкі ў вайне, рэпрэсій.

Але Сяргей таксама не сядзіць без справы. Ён працуе, у яго шмат праектаў. На волю мой муж выйшаў такім энергічным і зараджаным! Ён будзе там, дзе магчымая і неабходная яго прысутнасць. Але гэта не значыць, што проста пачне ўсюды ездзіць са мной.

У Сяргея ёсць свае спосабы камунікацыі. Яму вельмі важна цяпер гаварыць з беларусамі, якія чакалі і радаваліся яго вызваленню. А арганізаваць паездку на саміт НАТА за адзін дзень не так проста.

«Эксперты кажуць, што нашмат бяспечней для рэжыму было б адпусціць Алеся Бяляцкага або Машу Калеснікаву»

— Мы сабралі выказванні Лукашэнкі і ягоных падначаленых пра Сяргея. Яны пацвярджаюць вашы словы, што ён быў для ўладаў ворагам нумар адзін. Але яго ўсё ж такі адпусцілі. Як думаеце, у чым карэнная прычына? Лукашэнку так хочацца легітымізацыі праз сустрэчы з сусветнымі палітыкамі?

— Вядома, Лукашэнка хацеў бы нармалізацыі стасункаў са светам і сваёй легітымізацыі. Але мы па-рознаму гэтыя працэсы разумеем. Лукашэнка разлічвае, што яго прызнаюць [прэзідэнтам] і дэмакратычны свет пачне з ім працаваць. А наша задача — пачаць нацыянальны дыялог, дамагчыся, каб рэжым размаўляў з людзьмі, каб мы разам прайшлі праз усе этапы нармалізацыі адносін.

Таксама Лукашэнку важна выглядаць самастойным гульцом, паказаць, што ён важны ў мірных перамовах. Таму візіт Кіта Келага ў Мінск быў вельмі важны для яго самога. І таму, магчыма, выпусцілі Сяргея Ціханоўскага.

Але зноў такі, логіку рэжыму не зразумець. Эксперты кажуць, што нашмат бяспечней для яго было б адпусціць Алеся Бяляцкага або Машу Калеснікаву. Паўтаруся, яны, напэўна, разлічвалі, што вернецца Сяргей і пачне аспрэчваць лідарства Святланы Ціханоўскай. Але мы проста станем плячом да пляча і будзем працягваць змагацца за вызваленне людзей і Беларусі.

Голас Сяргея вельмі моцны, ён уплывовы сярод беларусаў, і ў яго вялікая мабілізацыйная сіла. Яе ён накіруе ў правільнае рэчышча сам. Ён сам вырашае, дзе, як і з кім будзе працаваць. Ніхто яму ўказваць не будзе.

— На прэс-канферэнцыі Сяргей казаў (і вы з ім пагадзіліся), што ў сілах Дональда Трампа дамагчыся вызвалення ўсіх палітвязняў. Ці ведаеце вы, што пра гэта думаюць амерыканцы, ці згодныя яны з такой пазіцыяй?

— Амерыканцы ведаюць пра пазіцыю дэмакратычных сіл: санкцыі — гэта інструмент. Ім можна карыстацца, але пры пэўных умовах. Нашы ўмовы — гэта спыненне ўсіх рэпрэсій. Вызвалілі ўсяго 14 чалавек, больш за тысячу ўсё яшчэ ў турмах. Хіба гэта змена палітыкі? Абсалютна не. Мы вітаем вызваленне людзей, гэта крок у правільным кірунку. Але яго мала, каб гаварыць пра нармалізацыю адносін.

— Вы ведаеце, што Лукашэнка хоча ўзамен за вызваленне палітвязняў?

— Пасля таго як мы ўбачым спыненне рэпрэсій і вялікая частка альбо ўсе палітвязні будуць адпушчаныя, можна пачаць абмяркоўваць адмену санкцый. Яны балючыя для Лукашэнкі.

Трэба разумець, што апошнія вызваленні — вынік, перш за ўсё, гуманітарнага трэку ЗША. Але таксама і вынік пяцігадовага ціску на рэжым. Без яго гэтага б проста не здарылася. Усе б забыліся пра палітвязняў, пра Беларусь — і Лукашэнка рабіў бы тое, што хацеў. Таму мы ўдзячныя ЗША, прэзідэнту Трампу. Удзячныя Еўрасаюзу за вельмі прынцыповую, цвёрдую, выразную пазіцыю адносна рэжыму Лукашэнкі.

Тут ёсць яшчэ адзін нюанс: многія палітвязні не хочуць пакідаць Беларусь. Але мы бачым, што Сяргея і іншых вызваленых проста выкінулі з краіны, нават не пытаючыся ў іх. Калі яны хочуць застацца, то гэта іх права.

Як у выпадку з Андрэем Пачобутам: Польшча вельмі моцна працуе, каб яго вызваліць, а ў яго прынцыповая пазіцыя — ён не хоча з'язджаць. Польшча паважае яго меркаванне, і Пачобут, магчыма, менавіта з гэтай прычыны застаецца ў турме.

Гэтае пытанне таксама трэба ставіць перад Лукашэнкам. Людзі выехалі без дакументаў, толькі з пашпартамі. А што з нагоды спраў, якія на іх заведзеныя? А даведкі аб вызваленні? Без іх, згодна з так званым заканадаўствам Беларусі, гэта выглядае, быццам людзі проста збеглі з турмаў. Трэба, каб усё было паводле хаця б лукашэнкаўскага закону. Людзі павінны мець права выбару. І гэта таксама вельмі важнае пытанне, якое нашы амерыканскія партнёры павінны ставіць перад Лукашэнкам.

«Сяргею ніхто не будзе ўказваць, што рабіць»

— Сяргей завёў акаўнт у сацсетцы Х, вярнуўся на свой ютуб-канал. Вы ўжо абмяркоўвалі яго планы на будучыню і ці супадаюць у вас погляды?

— Асноўныя погляды і пазіцыі ў нас супадаюць. Сяргей быў вельмі здзіўлены і ўражаны, як арганізаваны дэмакратычны рух. Казаў: «Як у вас тут усё класна, ёсць структуры, вы каардынуецеся». Ён вельмі ўдзячны людзям, якія захавалі ягоны канал «Краіна для жыцця». Быў у шоку, таму што ўсе пяць гадоў яго пераконвалі, што ўсё развалілася, ніхто не працуе, ніхто пра яго не думае. А тут ён бачыць добра структураваны рух.

Сяргей Ціханоўскі, 22 чэрвеня 2025 года

І, вядома, яму ніхто не будзе ўказваць, што рабіць. Сяргей па закліку душы, па сваім меркаванні будзе працягваць працу — палітычную альбо медыйную. Ён поўны энергіі: пяць гадоў выношваў планы, у яго вельмі шмат праектаў у галаве. Ведаючы напорыстасць Сяргея, ён даб'ецца вынікаў і поспехаў, у чым бы ні пачынаў.

Для яго вельмі важна цяпер мець зносіны з беларусамі. Ён быў таксама здзіўлены, наколькі людзі былі радыя яго бачыць. Таму што ў турме кажуць: «Ты ніхто, зваць цябе ніяк, ты нікому не патрэбны». А ён атрымаў сотні тысяч паведамленняў і ад беларусаў, і ад лідараў іншых краін. Карціна свету, якую яму навязвалі ў турме, цалкам перавярнулася.

Яму трэба даць трошкі часу на рэабілітацыю. Таму што ён у вельмі дрэнным фізічным стане здароўя. Але ён моцны, справіцца.

— Якія галоўныя змены вы ў ім заўважылі?

— Галоўнае — знешнія змены. Гэта было вельмі страшна. Я сама ледзь пазнала Сяргея, калі ён выйшаў з гэтага бусіка, не кажучы ўжо пра дачку. Гэта было так кранальна: ён прыходзіць і маўчыць. Я кажу: «Доча, паглядзі, хто прыйшоў». Яна: «А хто гэта?» І калі Сяргей пачаў гаварыць, яна ўспомніла ягоны голас. Кажа: «Тата?» І проста не паверыла.

Сяргей Ціханоўскі, 22 чэрвеня 2025 года

Праз такое пекла праходзяць людзі. Павінна быць рэабілітацыя, але не проста як пасля хваробы. Патрэбная вельмі глыбокая псіхалагічная і фізічная дапамога.

Я думаю, што ён стаў больш клапатлівым, ці што, больш адчувальным. Вось з нагоды адчувальнасці: я ніколі ў жыцці не бачыла, акрамя аднаго разу, Сяргея, які плача. А тут гэтыя слёзы, якія цяпер так шмат абмяркоўваюць у СМІ…

Для мяне гэта вельмі дзіўна. Чалавек прайшоў праз пекла. І гэта слёзы, з аднаго боку, палёгкі. Ён увесь час, калі ўспамінае, што было ў турме, — пачынаюцца слёзы. Уяўляеце, якая эмацыйная нагрузка? Ён не можа паверыць, што цяпер на волі, усё яшчэ думкамі там, у турме. З тымі, хто яшчэ ў турмах, бо Сяргей разумее, праз што праходзяць людзі. Ён стаў больш клапаціцца пра іншых. Гэта значыць, ужо не «ён» — а «мы», не «я» — а «мы ўсе». Гэту змену я бачу ў ім. Спадзяюся, што гэта застанецца і Сяргей стане ў нашы шэрагі і будзе змагацца за вызваленне кожнага. Таму што людзі, якія прайшлі праз гэтыя катаванні і турмы, больш усведамляюць і разумеюць адзін аднаго.

Слёзы Сяргея Ціханоўскага падчас прэс-канферэнцыі 22 чэрвеня

— За слёзы на прэс-канферэнцыі Сяргея крытыкуе прапаганда. А за яе правядзенне частка дэмакратычна настроеных беларусаў крытыкуе вас. Кажуць, што яшчэ не час з'яўляцца на публіцы. Як вы гэта пракаментуеце?

— Перш за ўсё прэс-канферэнцыю варта было правесці, каб расказаць, што адбылося. У Сяргея быў выбар — удзельнічаць ці не. Яго ніхто не прымушаў. Гэта дарослы чалавек, ён сам можа вырашаць. І Сяргею было вельмі важна данесці ў першы ж дзень увесь свой боль і эмоцыі людзям. Ён жывы чалавек.

Не трэба асуджаць за тое, што чалавек адразу пагрузіўся ў працу. Бо гэта той момант, калі вочы ўсяго свету накіраваныя на Беларусь. Таму я не разумею гэтых дыскусій. Чалавек сам вырашыў. І я вельмі радая, што былі і іншыя палітвязні — гэта не была сустрэча толькі з Сяргеем. Усе змаглі падзяліцца і болем, і перажываннямі, і жахлівым вопытам.

Гэтую прэс-канферэнцыю глядзела шмат людзей з Беларусі. І мне расказвалі, што ў краіне вельмі радаваліся вызваленню гэтай групы людзей — ледзь не адкрыта.

Каментары12

  • Галасы з месца
    25.06.2025
    Дарагая Святлана! Менавіта так і было. Мы ўсёй сям'ёй радаваліся адкрыта цалкам. Не змаглі стрымаць эмоцый, узялі наш схаваны бел-чырвона-белы сцяг, выйшлі на Плошчу Незалежнасці ў Менску і тры разы прагукалі "Жыве Беларусь!".
    Дзякуй за вашую працу!
  • Тэкля
    25.06.2025
    Ганьба, Чаму Сяргей не можа быць у гуманітарным спісе?!
  • Магілёў
    25.06.2025
    У сваім жыцці бачыў не так шмат адэкватных людзей. Крыху, але няшмат. І, адпаведна, ведаў няшмат такіх жанчын. Якія яшчэ могуць нешта ёмка і ўцямна сказаць. А тут усё чотка. Яны робяць прыемнае ўражанне, гэтыя Святлана і Сяргей. Яны мне падабаюцца. Яны класныя.

Цяпер чытаюць

«Я толькі аднаго хачу: каб вы паверылі мне зноў». Як прайшла першая акцыя Ціханоўскага ў Варшаве пасля вызвалення

«Я толькі аднаго хачу: каб вы паверылі мне зноў». Як прайшла першая акцыя Ціханоўскага ў Варшаве пасля вызвалення

Усе навіны →
Усе навіны

Беларусбанк абмяжоўвае зняцце наяўных з картак3

У Арменіі арыштавалі архіепіскапа і яшчэ 16 змоўнікаў1

4, 14 ці 114? У Кобрыне не могуць разабрацца з нумарам дома на фасадзе6

Кацярына Ціханава — не проста дачка Пуціна. Яе лічаць магчымай пераемніцай11

«Нервовае, трывожнае, непалітычнае. Галоўны герой — член Савета Рэспублікі». Вольга Лойка прапануе «Беларусьфільму» ідэю кіно3

У Маскве мужчыны масава спрабуюць знаёміцца, мацаючы дзяўчат за ягадзіцы. Так загадаў рабіць сэкс-коўч з Беларусі24

З 1 верасня беларусам, што едуць у Латвію, трэба будзе зарэгістравацца на спецыяльным партале і запоўніць анкету9

Спецслужбы пад выглядам «друку сімволікі і сцягоў» спрабуюць падбіць беларусаў замежжа перадаць свае асабістыя звесткі2

Беларускі турыст знойдзены мёртвым у возеры Шален у Бургундыі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я толькі аднаго хачу: каб вы паверылі мне зноў». Як прайшла першая акцыя Ціханоўскага ў Варшаве пасля вызвалення

«Я толькі аднаго хачу: каб вы паверылі мне зноў». Як прайшла першая акцыя Ціханоўскага ў Варшаве пасля вызвалення

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць