Пенсіянерка ў Віцебску плаціла па крэдытах, якія аформілі на яе махляры
Нехта аформіў на жыхарку Віцебска крэдыты і перавёў грошы сабе, а пенсіянерка разлічвалася з банкам. Жанчына вырашыла звярнуцца ў пракуратуру, піша Onliner.by.

Выявілася, што на пенсіянерку аформілі анлайн-крэдыты на больш чым 9,5 тыс. рублёў. Грошы прыйшлі на яе рахунак, а потым іх знялі. З жанчыны спагналі запазычанасць больш за 11 тыс. рублёў.
Жанчына даведалася пра запазычанасць, толькі калі ёй прыйшла прэтэнзія ад банка.
Па факце захопу персанальных даных і прычынення шкоды заведзена крымінальная справа. Хто аформіў на яе крэдыты, пакуль не ўстаноўлена.
Праверка паказала, што жанчына пры заключэнні крэдытных дамоваў не ўдзельнічала і такіх даручэнняў нікому не давала, пашпарт і іншыя дакументы з персанальнымі данымі не губляла і трэцім асобам не перадавала, звестак пра сябе нідзе не размяшчала.
Прыналежнасці інтэрнэт-правайдэрам Рэспублікі Беларусь IP-адрасоў, з якіх афармляліся крэдыты, не ўстаноўлена, у заяўках на заключэнне дагавораў пазначаны нумары тэлефонаў незнаёмых жанчыне асоб, — пракаментавала пракуратура.
Падчас праверкі высветлілася, што ў сістэму дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання ад імя пенсіянеркі заходзілі за межамі Беларусі.
— Заяўніца з’яўляецца пенсіянеркай, мае 10 класаў адукацыі, нізкі даход, не валодае глыбокімі ведамі і навыкамі ў галіне ІТ, не мела магчымасці ў поўнай меры самастойна абараняць свае правы. На гэтай падставе пракурор Віцебска ў яе інтарэсах прад’явіў у суд пазоў аб прызнанні крэдытных дамоваў незаключанымі, — адзначылі ў пракуратуры.
Пазоў задаволілі ў поўным аб’ёме — выканаўчыя надпісы натарыусаў прызналі такімі, што не падлягаюць выкананню, з банка ў карысць жанчыны спагналі ўжо ўтрыманыя больш за 3,3 тыс. рублёў.
Каментары