Гісторык Аляксандр Пашкевіч у фэйсбуку патлумачыў наступствы неймаверна мужнага і самаахвярнага рашэння Міколы Статкевіча аб прынцыповай адмове аб набыцці асабістай свабоды на такіх умовах.

«Уяўляю раз'юшанасць Лукашэнкі ад сённяшняга неверагодна мужнага ўчынку Міколы Статкевіча. Для яго яўна вельмі прынцыпова і важна перамагчы менавіта гэтага свайго праціўніка.
І здавалася б, ужо ўсё зроблена, ніякіх нечаканасцяў не прадбачыцца, і нарэшце сёння можна спакойна падняць келіх шампанскага за сваю несумненную палітычную перамогу. І тут раптам на табе… Зноў перамога атрымліваецца з гаркатой.
Нават страшна ўявіць, якую цану давядзецца за гэта заплаціць Статкевічу ў дадатак да і без таго непамернай, заплачанай раней», — напісаў Аляксандр Пашкевіч.
Каментатары паста паставілі пад сумнеў тое, што дэмарш Статкевіча нейкім чынам увогуле эмацыйна чапляе Лукашэнку, таму Пашкевіч неўзабаве даў разгорнутае тлумачэнне, чаму насамрэч гэта зусім не так:
«На мой папярэдні пост адразу некалькі чалавек дружна адказалі, што я напісаў лухту — у Лукашэнкі як у чалавека амаральнага няма ніякіх чалавечых пачуццяў, таму ўчынак Статкевіча ніяк крануць яго не можа. Пра раз'юшанасць гаворкі ісці не можа, адзіная ягоная рэакцыя — толькі пасмяяцца і спакойна адправіць Статкевіча даседжваць тэрмін далей.
Я, аднак, не думаю, што гэта так. Лукашэнка сапраўды чалавек выключна амаральны і ніякай нават мінімальнай павагі ў дачыненні да ворагаў, вядома, не адчувае. Не кажучы ўжо пра эмпатыю.
Аднак жа ў яго несумненна ёсць рыса, галоўная для ўсіх дыктатараў-уладалюбцаў — перакананне, што ўсе павінны без пярэчанняў падпарадкоўвацца ягонай волі, і што ён і толькі ён мае права распараджацца чужымі лёсамі па ўласным разуменні. І раз'юшвае яго любая сітуацыя, калі нехта ягонай волі не падпарадкаваўся, а тым больш калі зрабіў гэта дэманстратыўна.
Статкевіч жа менавіта не падпарадкаваўся ягонай волі, і не падпарадкаваўся публічна. Воля Лукашэнкі была — каб ён быў вызвалены і пакінуў тэрыторыю краіны. Ён так вырашыў, і гэта закон, бяжыце выконваць.
А Статкевіч вырашыў інакш, і паставіў на сваім. І яго цяпер, канешне, вернуць у турму, але з гэтага часу знаходзіцца там — гэта ўжо воля і рашэнне не Лукашэнкі, а самога Статкевіча.
Лукашэнка вырашаў іначай, у яго былі іншыя планы, але ягонае рашэнне дэманстратыўна праігнаравана, і гэта бачыў увесь свет, і Пуцін у тым ліку. І вось менавіта гэта б'е па самалюбстве самаўладца.
І што ён з гэтым чалавекам за гэта зробіць? Пагоршыць умовы ўтрымання? Дык ён жа і так утрымліваўся ў максімальна нялюдскіх. Забіць яго ў турме? Але ці баіцца такі чалавек смерці, і ці да яе маральна не гатовы?
Гавораць таксама, што Статкевіч зрабіў памылку і нават глупства. Каму патрэбна гэтая ахвяра, што яна зменіць? Я супраць гэтага не магу пярэчыць, сам таксама думаю, што ягонае жыццё даражэй за прынцыпы і варта было б яго зберагчы.
Але важна тое, што гэта жыццё Міколы Статкевіча, і ён сам свядома ім распараджаецца так, як лічыць патрэбным. Не чужымі жыццямі, як Лукашэнка, а толькі сваім. Ён безумоўна мае на гэта права. А нам адно толькі застаецца — гэта права за ім прызнаваць.
У кожным разе людзей, якія робяць менавіта такі жыццёвы выбар можна не разумець, але павагі за сталёвую волю і самаахвярнасць яны заслугоўваюць».
Статкевіча няма дома, яго месца знаходжання невядомае
Спарыш: Статкевіч перанёс інфаркт
«Мікола знік, а змагары яго нават не шукаюць». У інфармацыйнай спецаперацыі беларускіх службаў змяніліся акцэнты
Дзе Мікалай Статкевіч? З мяжы яго забралі невядомыя ў масках. Што вядома на гэты момант
Так выглядае таймлайн Статкевіча, зафіксаваны камерай перахода Каменны Лог ВІДЭА
Паплечнік Статкевіча расказаў пра кароткую размову з ім у нейтральнай зоне
Каментары