Мадэрнізацыя расійскіх ракет паставіла пад сумнеў магчымасці Patriot у небе над Украінай. Як піша Financial Times, ракеты манеўруюць і абыходзяць сістэмы СПА ў апошнія імгненні перад ударам.

У апошнія месяцы павялічылася колькасць расійскіх разбуральных авіяўдараў па тэрыторыі Украіны. І гэта, як піша Financial Times, сведчаць, што Масква дамаглася істотнай мадэрнізацыі сваіх ракет, зрабіўшы іх больш эфектыўнымі супраць украінскай супрацьпаветранай абароны, уключаючы амерыканскія комплексы Patriot.
Паводле інфармацыі, якую Financial Times атрымала ад украінскіх і заходніх афіцыйных асоб, гаворка ідзе пра мадыфікацыю мабільных комплексаў «Іскандэр-М» (дальнасць палёту запушчаных ракет складае да 500 км) і аэрабалістычных ракет «Кінжал», якія могуць праляцець адлегласць да 480 кіламетраў.
Калі раней іх траекторыя была ў цэлым прадказальнай, то цяпер ракеты здольныя на фінальным участку палёту выконваць складаныя манеўры: рэзка мяняць курс, блытаць радары і пераходзіць у амаль вертыкальнае пікіраванне.
Гэта значна ўскладняе працу сістэм Patriot, якія з'яўляюцца адзінымі ва ўкраінскім арсенале, здольнымі збіваць балістычныя цэлі.
У той час, як крылатыя ракеты могуць збівацца іншымі, менш складанымі сістэмамі СПА, супраць балістычных пагроз эфектыўныя толькі «Пэтрыёты». Адзін з былых украінскіх чыноўнікаў назваў гэтыя змены «пераломным момантам для Расіі».

Паводле публічных дадзеных украінскіх ВПС, сабраных лонданскім Цэнтрам інфармацыйнай устойлівасці і прааналізаваных Financial Times, узровень перахопу балістычных ракет ва Украіне палепшыўся за лета, дасягнуўшы 37% у жніўні, але ў верасні рэзка ўпаў да 6%, нягледзячы на меншую колькасць запускаў.
Нядаўна Ваенна-паветраныя сілы Украіны паведамілі, што ўсе чатыры запушчаныя за ноч ракеты «Іскандэр-М» абмінулі абарону і дасягнулі сваіх цэляў.
Паводле паведамленняў, гэтым летам у Кіеве і ваколіцах былі моцна пашкоджаны ракетамі як мінімум чатыры заводы па вытворчасці беспілотнікаў, у тым ліку прадпрыемства, якое вырабляла турэцкія дроны Bayraktar. Падчас адной з такіх атак ракеты не толькі паразілі цэх па вытворчасці кампанентаў для БПЛА, але і пашкодзілі размешчаныя побач офісы прадстаўніцтва ЕС і Брытанскага савета.
Гэтыя даныя пацвярджаюцца і ў справаздачы Агенцтва ваеннай разведкі ЗША (DIA), дзе адзначаецца, што Узброеныя сілы Украіны сутыкнуліся з цяжкасцямі пры выкарыстанні Patriot з-за нядаўніх тактычных удасканаленняў Расіі.
Тэхналагічная гонка
Аналітыкі мяркуюць, што Расія дасягнула гэтага не за кошт дарагіх апаратных змен, а шляхам праграмнай мадэрнізацыі сістэм навядзення. Масква аналізуе даныя аб перахопах і ўносіць карэктывы, каб зрабіць палёт ракеты максімальна складаным для сістэм СПА.
У адказ Украіна перадае інфармацыю аб працы Patriot у Пентагон і амерыканскім вытворцам (Raytheon і Lockheed Martin) для распрацоўкі контрзахадаў. Аднак, па словах аднаго з чыноўнікаў, гэтыя абнаўленні часта не паспяваюць за хуткасцю расійскіх тактычных змен.
Акрамя тэхнікі, Расія мэтанакіравана палюе на самі комплексы Patriot і на іх высокакваліфікаваных аператараў. Так, у снежні 2024 года падчас расійскага ўдару загінуў падпалкоўнік Дзяніс Сакун, галоўны інжынер зенітна-ракетнага падраздзялення, які ўдзельнічаў у першым у свеце паспяховым перахопе ракеты «Кінжал».
Пагроза напярэдадні зімы
Новая тактыка Расіі стварае асабліва вострую пагрозу напярэдадні зімы. Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі папярэджвае, што Масква, верагодна, вернецца да сваёй традыцыйнай стратэгіі — масавых удараў па энергетычнай інфраструктуры, каб пагрузіць краіну ў цемру і знізіць маральны дух насельніцтва.
Аднак сёлета, з улікам павышанай эфектыўнасці расійскіх ракет, гэтая пагроза становіцца значна больш сур'ёзнай, чым мінулай зімой.
Украіна не раскрывае дакладную колькасць і размяшчэнне сваіх сістэм, але вядома, што было пастаўлена як мінімум шэсць батарэй, а кампаненты яшчэ для трох нядаўна прыбылі з Германіі і Нарвегіі. Гэтага катастрафічна недастаткова для абароны ўсёй краіны. Менавіта таму Зяленскі настойліва заклікае заходніх партнёраў паскорыць пастаўкі, прапануючы набыць да дзесяці поўных комплексаў Patriot.
Разам з просьбамі аб пастаўках новых сістэм СПА Кіеў падкрэслівае неабходнасць іншага, не менш важнага кроку. Украінскія дыпламаты настойваюць на тым, каб партнёры перакрылі каналы паставак заходніх кампанентаў у Расію, у тым ліку праз такія краіны, як Кітай. Бо пакуль Масква мае доступ да сучасных тэхналогій, яна будзе працягваць удасканальваць сваю зброю, робячы абарону ўсё больш складанай і дарагой.
Расія ўдасканаліла атакі дронамі — забяспечваць тыл украінцам становіцца цяжэй
У будынак урада ў Кіеве трапіў не дрон, а «Іскандэр»
Масіраваная атака дронаў і крылатых ракет па Украіне: ёсць пацярпелыя
Вашынгтон абмяркоўвае магчымасць паставак ракет Tomahawk іншым краінам NATO для іх далейшай перадачы Кіеву
Каментары
Судя по отчётам сбивалось 11 из 10 ракет, а это оказывается только 37%