Кіраўнікі еўрапейскіх разведслужбаў не разлічваюць на спыненне вайны ў гэтым годзе — Reuters
Масква выкарыстоўвае перамовы з ЗША, каб дамагчыся адмены санкцый і заключэння дзелавых здзелак.

Кіраўнікі пяці еўрапейскіх разведвальных агенцтваў, якія размаўлялі з Reuters на ўмовах ананімнасці, скептычна настроены наконт завяршэння вайны ва Украіне ў гэтым годзе — бо гэтага не збіраецца рабіць Расія.
Чацвёра з іх сказалі, што Масква выкарыстоўвае перамовы з ЗША для таго, каб дамагчыся адмены санкцый і заключэння дзелавых здзелак.
Перамовы, апошні раўнд якіх адбыўся на гэтым тыдні ў Жэневе, уяўляюць сабой «тэатралізаванае прадстаўленне», заявіў адзін з еўрапейскіх кіраўнікоў разведвальных службаў.
«Расія не імкнецца да мірнага пагаднення. Яна пераследуе свае стратэгічныя мэты, і яны не змяніліся», — заявіў адзін з еўрапейскіх кіраўнікоў разведвальных службаў. Да іх адносяцца зрушэнне Уладзіміра Зяленскага і ператварэнне Украіны ў «нейтральны» буфер у адносінах да Захаду.
Галоўная праблема, па словах другога кіраўніка разведкі, заключаецца ў тым, што Расія не хоча і не мае патрэбы ў хуткім міры, а яе эканоміка «не знаходзіцца на мяжы краху».
Адзін з кіраўнікоў разведкі заявіў, што Расія можа быць задаволена тэрытарыяльна, калі атрымае пакінутую частку Данбаса, але гэта не дазволіць ёй дасягнуць сваёй мэты — зрынуць празаходні ўрад Зяленскага.
Іншы кіраўнік разведкі заявіў, што існуе памылковае перакананне, што саступка Украінай Данбаса хутка прывядзе да мірнага пагаднення. «У выпадку, калі расіяне атрымаюць гэтыя саступкі, я думаю, гэта, магчыма, стане пачаткам рэальных перамоў», — сказаў чыноўнік, прадказваючы, што Расія затым высуне далейшыя патрабаванні.
Акрамя таго, двое чыноўнікаў заявілі, што Масква спрабуе падзяліць перамовы на два розныя напрамкі: адзін сканцэнтраваны на вайне, а другі — на двухбаковых пагадненнях з ЗША, якія ўключалі б зняцце санкцый з Расіі.
Каментары